Вы тут

Шчыра радуюся і настальгую


Калі я была маленькай, вельмі любіла атрымліваць папяровыя лісты. Памятаю, штодзень па дарозе са школы падбягала да цёткі Лены, якая разносіла пошту, з адным пытаннем: «А мне што-небудзь ёсць?» І нават калі атрымлівала адмоўны адказ, з надзеяй правярала паштовую скрыню: «А раптам яна памылілася...». Цяпер асабістыя паведамленні я атрымліваю, як правіла, па электроннай пошце. Таму штораз, калі Таццяна Іванаўна з аддзела лістоў, прыносіць чарговы канверт у адрас «Сямейнай газеты», шчыра радуюся і настальгую... Дзякуй вам, даражэнькія! Пішыце часцей!

І не толькі на конкурс «Фотаздымак з гісторыяй». Актыўней далучайцеся да нашай «Сямейнай кухні». Дзяліцеся сваімі назіраннямі, жыццёвым досведам, тым, што хвалюе. Спрачайцеся з аўтарамі артыкулаў, задавайце пытанні, паведамляйце, пра што вам было б цікава прачытаць у наступных нумарах. А мо вы, як Кацярына Курачова і яе сабака-спартсмен пароды хаскі, не супраць трапіць на старонкі «Сямейнай» у якасці герояў? Дарэчы, менавіта Каця ў сацыяльных сетках падзялілася, на мой погляд, цікавым назіраннем:

12_3

Гэта ж дзіця!..

«Усё больш пачынае раздражняць адмазка некаторых бацькоў «Гэта ж дзіця!» У транспарце карапуз топчацца па сядзенні. «І што цяпер? Вунь, глядзіце, я змахну пясочак далонькай. Гэта ж дзіця!» У краме хлопчык бегае паміж паліц, скідае тавары, некаторыя падбірае і цягне ў рот. Не купляць жа татку цяпер пакамечаны снікерс! А вы не заўважыце і купіце. «Гэта ж дзіця!»

Раніцай у метро матуля прайшлася чаравікамі малога па ўсіх пасажырах, пакуль несла яго да выхаду. Выпацкала і мае светлыя нагавіцы. Цесна, стамілася, з торбамі, не заўважыла — усё разумею. Але яна проста паглядзела мне ў вочы, прыняла ножкі дзіцяці і стала ля выхаду! Ні «прабачце», ні вінаватай усмешкі. Нічога! Кажу: вы б хоць прабачэння папрасілі... Яна ў адказ: «Што?! У цябе нага адсохла ці што ад гэтага? Гэта ж дзіця!..»

Хто і не ўмее — навучыцца

«Сёння тэлебачанне можна папракнуць. Напрыклад, нават у выхадныя па многіх праграмах ідзе шмат фільмаў пра розных злачынцаў. А хочацца ж і іншага: паглядзець стары добры фільм, паспачуваць героям лірычнай драмы альбо пасмяецца з цікавай камедыі.

Я, зразумела, не заклікаю ўвесці цэнзуру, але пэўныя абмежаванні павінны быць, — піша Аліна ВОЗНЕВА з Магілёва. — Бо тэлепрадукт спажываюць і дзеці, у якіх жыццёвыя прынцыпы толькі фарміруюцца. А пра стужкі, што, нібыта «майстар-клас», паказваюць, як дасягнуць жаданага любой цаной, мая старэнькая мама сказала вельмі трапна: «Хто і не ўмеў — навучыцца».

Будзьце побач... па-сапраўднаму

Цэнтр псіхалагічных даследаванняў у Кітаі распрацаваў выдатную сацыяльную рэкламу (на фота). Слоган «The More You Connect The Less You Connect» («Чым больш вы звязаныя, тым менш вы звязаныя») красамоўна гаворыць аб сённяшніх рэаліях: калі вы побач са сваім дзіцем, будзьце па-сапраўднаму з ім. «Вельмі ў кропку, — лічыць матуля дваіх дзетак з Мінска Саша Мяснікова. — Кожны дзень назіраю, як мамы адрываюцца ад гульняў з дзецьмі, каб адказаць на апавяшчэнні ў сацыяльных сетках або «навіны пагартаць». Напэўна, таму ў мяне да гэтага часу не смартфон, а звычайная «гаварылка».

Ну, і на дэсерт — радасная навіна. У выпуску «Сямейнай газеты» за 11 чэрвеня расказвалася пра сям'ю Селехаў з Кобрына, сёстры-трайняты з якой рыхтаваліся да выпускнога балю. Матэрыял называўся: «Вера, Надзея, Любоў, іх брат і бацькі».

Нядаўна аўтару, Святлане Яскевіч, пазваніла іх мама Марыя, расказала, што ўсе дзяўчаты паспяхова здалі тэсціраванне і паступілі на бюджэтную форму навучання ў ВНУ. Дзве будуць атрымліваць адукацыю ў Магілёве, адна — у Брэсце. Так што гераіні нашай публікацыі аказаліся не толькі прыгажунямі, але і разумніцамі.

Цяпер у сям'і Селехаў чацвёра студэнтаў (старэйшы іх сын вучыцца ў Мінску). Вядома, бацькам з невялікімі нават па мерках райцэнтра зарплатамі будзе не проста, але яны, упэўнена, справяцца: тут усе прывыклі падтрымліваць адно аднаго. А наваспечаным першакурсніцам хочацца пажадаць шчаслівых і цікавых студэнцкіх гадоў ды поспехаў у вучобе.

Заўсёды ваша, Надзея ДРЫЛА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.