Вы тут

Адходы, здавайцеся!


Як выглядае «вядро» для зручнага сартавання смецця?

Ці выкідваеце вы ўпакоўку з-пад малака, спісаны сшытак альбо бутэльку з-пад ліманаду ў асобныя пакеты? Банальная лянота і нежаданне «замарочвацца» часам забіваюць гэтую звычку. У такія моманты нават забываюся, што сартаванне — не экалагічны капрыз. Перапрацаваныя адходы могуць атрымаць другое жыццё, вызваліць палігоны ды сэканоміць рэсурсы, даць зямлі магчымасць дыхаць вальней.

[caption id="attachment_98957" align="alignnone" width="600"]9_1 Надзея Рынкевіч сартуе смецце. А вы?[/caption]

Удзельніца ініцыятывы «Чыстая cправа» Надзея РЫНКЕВІЧ выкарыстоўвае для сартавання звычайныя скрыні з-пад абутку. Шкло дзяўчына выкідвае ў спецыяльны кантэйнер, які стаіць каля дома. Сметніц для іншых відаў адходаў, акрамя змяшаных, у двары няма. Таму даводзіцца «выкручвацца». Сёлета думка пра зручны хатні кантэйнер для адходаў аформілася ў бізнес-праект, які затым перарос у сацыяльную ініцыятыву. Студэнты чацвёртага курса эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ілья Калчанаў, Валянцін Дашкевіч, Надзея Рынкевіч, Настасся Кміт сустрэліся ў Школе прадпрымальніцтва і менеджмента БДУ і з лёгкай рукі выкладчыцы па эканаметрыцы аб'ядналіся ў «Чыстую справу».

— Нам прапанавалі паўдзельнічаць у алімпіядзе стартапаў, якая праходзіла ў Маскве сёлета ў красавіку, — распавядае Надзея. — На той момант Ілья і Валянцін ужо мелі ідэю наладзіць вытворчасць зручных урнаў для сартавання адходаў у хатніх умовах. Канструкцыя вельмі простая: круглае вядро, падзеленае на чатыры часткі рознага колеру: сіняя — для шкла, жоўтая — для пластыку, зялёная — для паперы, чырвоная — для змяшаных адходаў. Дызайн прыдумалі самі, папярэдне азнаёміўшыся з вынаходкамі нашых папярэднікаў.

Раздрукаваўшы дэманстрацыйную мадэль на 3D-прынтары, «Чыстая справа» адправілася на алімпіяду ў Маскву, дзе іх ініцыятыва атрымала добры водгук. Аднак, нягледзячы на поспех, студэнты зразумелі: задумку са сметніцамі ў Беларусі немагчыма рэалізаваць як паспяховы бізнес-праект.

IMG_4703

— Мы гутарылі з прадстаўнікамі завода «Белпласт». Яны пагадзіліся наладзіць вытворчасць пры ўмове, калі за месяц будзе прададзена не менш за 5 тысяч кантэйнераў, — адзначае Ілья. — Зразумела, што такога попыту на вядзерцы ў нашай краіне папросту няма. Людзей, якія сартуюць адходы, у Беларусі вельмі мала, а тых, хто гатовы аддаць грошы за прыладу для асобнага збору, яшчэ менш.

Такім чынам задача «Чыстай справы» змянілася: каманда вырашыла сфарміраваць попыт на хатнія сметніцы. Іншымі словамі, студэнты-эканамісты захацелі зрабіць сартаванне адходаў звычнай для беларусаў справай. Тым больш, па іх назіраннях, людзі не супраць атрымаць такія веды. Многія хочуць пачаць, але не ведаюць, як зрабіць гэта правільна.

— Часта даводзіцца чуць: навошта сартаваць адходы, калі я на свае вочы бачыў, што смеццявоз загружае ўсё разам? Аб практыцы дасартавання смецця, вядома, яны не ведаюць, — адзначае Ілья. — Каб такія пытанні не ўзнікалі, трэба расказваць папулярна.

Удзельнікі «Чыстай справы» вывучалі вопыт асобнага збору адходаў у іншых краінах. Германія і Швейцарыя не за адзін дзень прыйшлі да наладжанай сістэмы — для гэтага ім спатрэбілася 40-50 гадоў. Але пачыналі яны з навучання як дарослых, так і дзяцей.

IMG_4804

— Прывяду адзін прыклад: у Еўропе нават кухні зроблены такім чынам, што пад мыйкай ёсць некалькі розных скрынь для розных відаў адходаў. Гэта стандарт. А ў нас, калі чуюць пра асобны збор адходаў дома, кажуць: «У мяне на кухні і так месца няма, куды я буду выкідаць?».

Пакуль людзям цяжка ўсвядоміць, што смецця больш не стане, проста яно будзе ў розных адсеках складвацца. Гэта сведчыць аб тым, што мы знаходзімся ў самым пачатку шляху ў пытанні асобнага збору.

Пачаць адукацыйную кампанію вырашылі з дзяцей — гэтая аўдыторыя найбольш адкрыта да ўспрымання новых ведаў. У першыя тыдні верасня «Чыстая справа» пачне праводзіць у школах азнаямляльныя заняткі па сартаванні смецця. Ідэю маладых людзей у саміх адукацыйных установах прымаюць «на ўра». Студэнты распрацавалі тры праграмы, разлічаныя на розныя ўзроставыя катэгорыі. Яны пазнаёмяць з асновамі асобнага збору другакласнікаў, шасцікласнікаў і васьмікласнікаў — усяго завітаюць у 9 сталічных школ. Актывісты пастараюцца пазбегнуць сухой інфармацыі, а ў кабінетах установяць урны для пластыку і паперы. Над кожным вядром для смецця будуць вісець запамінальныя тлумачальныя карцінкі.

[caption id="attachment_98958" align="alignnone" width="600"]9_2 Круг­лае вяд­ро, па­дзе­ле­нае на ча­ты­ры част­кі: та­кім ба­чаць хат­ні кан­тэй­нер для ад­хо­даў.[/caption]

— У нас няма задумы абысці ўсе школы Мінска — мы хочам паглядзець на рэакцыю дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, — кажа Валянцін. — Таксама ўстановім кантэйнеры і ў нас на факультэце, паглядзім, што з гэтага выйдзе.

Ужо сёння экалагічная ініцыятыва атрымала падтрымку ад зацікаўленых калег. Напрыклад, беларуска-нямецкае прадпрыемства па абыходжанні з адходамі «Рэмондыс Мінск» гатова бясплатна ўстанавіць у школах кантэйнеры для змяшаных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў. Некамерцыйная грамадская арганізацыя «Экапартнёрства» дапамагае інфармацыйнымі матэрыяламі: іх «Гісторыя пра адходы» пакладзена ў аснову ўрокаў.

Ілья падкрэслівае, што даследаванне эксперыментальнае. Па яго выніках «Чыстая справа» напіша справаздачу ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы наваколля з прапановай аб стварэнні курса па экалогіі, на якім дзяцей навучылі б сартаваць адходы. Каманда збіраецца і далей актыўна праводзіць інфармацыйныя кампаніі. Як толькі людзі навучацца сартаваць адходы, «Чыстая справа» вернецца да першапачатковай задумы: будзе прасоўваць хатнія вядзерцы для адходаў.

А пакуль падтрымаць праект можна націснуўшы “гэта важна” па спасылцы.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.