Вы тут

У рытме вялікай работы


З любой задачай можна справіцца, калі думаць пра будучыню, не шкадаваць укладанняў і ставіцца з любоўю і па-гаспадарску.

Мінскую вобласць нярэдка параўноўваюць з сэрцам краіны. І недарэмна: знаходзячыся ў самым цэнтры Беларусі, яна і сапраўды сваімі абрысамі нагадвае сэрца. Але галоўнае — Міншчына задае імпульс іншым рэгіёнам у многіх сферах гаспадарання і кірунках развіцця, лідзіруе па многіх паказчыках (узяць хаця б сёлетні, больш чым двухмільённы, намалот збожжавых і рэкордную ўраджайнасць). Сэрца краіны б'ецца ў нармальным рабочым рытме — значыць, і ўвесь «арганізм» адчувае сябе добра...

Пра тое, як удаецца захаваць гэты нармальны рабочы рытм у няпростых эканамічных рэаліях, пра спецыфіку і прыярытэты прысталічнага рэгіёна, пра чалавечы патэнцыял і перспектывы, якія можна і трэба бачыць у любых умовах, разважае старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён ШАПІРА.

[caption id="attachment_99002" align="alignnone" width="600"]4 Мiн­шчы­на — тра­ды­цый­ны лi­дар па ўра­джаю збож­жа­вых. I хле­ба­ро­бам тут — асаб­лi­вая па­ша­на.[/caption]

— Сямён Барысавіч, вы працуе-це кіраўніком Мінскай вобласці ўжо амаль два гады. Якія для самога сябе як для губернатара вы вызначылі прыярытэты развіцця Міншчыны? Ці адрозніваюцца яны ў цэнтральнага рэгіёна?

— Прыярытэты ў вобласці сёння такія ж, як і ва ўсёй краіны: захаваць вытворчасць, працоўныя месцы, узровень жыцця людзей, забяспечыць выкананне сацыяльных стандартаў. Праектам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэты год для вобласці рост валавога рэгіянальнага прадукту вызначаны на ўзроўні 100,9-101,3%. Такі паказчык адпавядае і запланаванаму на рэспубліканскім узроўні. А як вядома, менавіта гэтыя лічбы ва ўсім свеце з'яўляюцца крытэрыем ацэнкі якасці работы і ўзроўню жыцця насельніцтва. Складнікі валавога ўнутранага прадукту — прыбытак і аплата працы — сёння самыя дакладныя паказчыкі эфектыўнасці.

У нашай вобласці найбольшую ўдзельную вагу — амаль палову — у валавым рэгіянальным прадукце займае вытворчасць прамысловай прадукцыі. Таму можна сказаць, што буйны прамысловы сектар з'яўляецца платформай, стрыжнем эканомікі — гэта сапраўды так. Аднак рухавік устойлівага эканамічнага росту — гэта прыватны сектар, а менавіта — малы і сярэдні бізнес. У вобласці з кожным годам расце прадпрымальніцкая актыўнасць, паступова мяняецца структура эканомікі, у якой вядучая роля пераходзіць да недзяржаўнага сектара. Удзельная вага паступленняў ад суб'ектаў гаспадарання малога і сярэдняга бізнесу ў агульным аб'ёме складае амаль 35%. Наша задача да 2016 года — павялічыць гэты паказчык да 50%.

Сярод прыярытэтаў сёння — не толькі нарошчванне экспарту, але і змяненне яго структуры за кошт скарачэння долі сыравінных прадуктаў і павелічэння паставак навукаёмістай, інавацыйнай прадукцыі, тэхнічна складаных вырабаў, новых мадэляў лёгкай прамысловасці, прадуктаў харчавання і іншай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. У пашырэнні геаграфіі экспарту вялікае значэнне маюць кантакты на рэгіянальным узроўні, мы над гэтым сёння актыўна працуем, сведчаннем таму — наладжаныя сувязі Міншчыны з многімі рэгіёнамі Расіі, а ў апошні час — і з правінцыямі Кітая.

Яшчэ адзін з найважнейшых напрамкаў работы — прыцягненне інвестыцый, якія дазволяць стварыць новыя рабочыя месцы і рэалізаваць новыя праекты імпартазамяшчальнай і экспартнаарыентаванай накіраванасці. Пры гэтым не менш важная задача — павышаць эканамічную эфектыўнасць выкарыстання інвестыцый, укладваючы іх у актыўную частку асноўных сродкаў — набываючы машыны, абсталяванне, транспарт...

Несумненна, захаваць эканоміку на плаву — задача найпершай важнасці, і гэта неаднойчы падкрэслівалася на самым высокім дзяржаўным узроўні. Але клопат аб людзях, сацыяльная абарона — у нашай краіне прыярытэт непарушны. Новае ў такім кірунку — прыцягненне недзяржаўных некамерцыйных арганізацый да аказання сацыяльных паслуг і рэалізацыі сацыяльных праектаў у межах дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Дзеці і жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей, у нашай дзяржаве — прадмет асаблівай увагі і клопату. У Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт звярнуў увагу на праблему старэння насельніцтва і на тое, што трэба зрабіць усё для таго, каб пажылыя людзі ў нашай краіне дажывалі свой век дагледжанымі і шчаслівымі. На Міншчыне вядзецца актыўная работа па вырашэнні гэтай праблемы. Сёлета і налета плануецца адкрыць 13 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання адзінокіх старых і 11 дамоў сумеснага самастойнага пражывання.

— У сённяшніх няпростых эканамічных умовах вельмі важны і чалавечы фактар, і выканальніцкая дысцыпліна, і кантроль. І, вядома, наяўнасць прафесійных кадраў на месцах. На Міншчыне, прынамсі з апошнім, павінна быць прасцей, чым у іншых...

— Вы лічыце, што прасцей? Не пагаджуся, бо праблема забеспячэння высокакваліфікаванымі кадрамі ў розных галінах, асабліва ў аграпрамысловым комплексе, існуе ва ўсіх рэгіёнах краіны, і Міншчына тут не выключэнне. Да таго ж у нас блізка сталіца, і таму адсюль часцей, чым з іншых рэгіёнаў, запрашаюць у Мінск спецыялістаў, якія добра сябе зарэкамендавалі...

Дарэчы, работа з кадрамі — яшчэ адзін з асноўных прыярытэтаў, прычым на ўсіх узроўнях, ва ўсіх установах і на прадпрыемствах.

Аналіз вынікаў працы паказаў, што ёсць станоўчая дынаміка колькасных і, галоўнае, якасных паказчыкаў мерапрыемстваў па рэалізацыі кадравай палітыкі на Міншчыне. На гэта ў пэўнай ступені аказала ўплыў мэтанакіраваная работа па рэарганізацыі некаторых прадпрыемстваў і аптымізацыя колькасці кіраўнічага апарату ў бюджэтных арганізацыях. Але, безумоўна, яшчэ застаюцца праблемы з замяняльнасцю кадраў, дэфіцытам кіраўнікоў і спецыялістаў у сельскай гаспадарцы, медыцынскіх работнікаў...

У вобласці нядрэнна пастаўлена работа па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў, эфектыўна працуем з кадравым рэзервам — летась эфектыўнасць яго выкарыстання склала амаль 60 працэнтаў. Прывяду некалькі прыкладаў. У мінулым годзе пяць маладых спецыялістаў ва ўзросце 33-40 гадоў узначалілі райвыканкамы: Віктар Каляда — Лагойскі, Юрый Горлаў — Стаўбцоўскі, Андрэй Зубар — Чэрвеньскі, Андрэй Янчэўскі — Слуцкі, Віктар Кот — Вілейскі. З задавальненнем магу канстатаваць, што мы не памыліліся з выбарам. Справы ў гэтых раёнах значна палепшыліся, і нават на нарадах я нярэдка стаўлю іх у прыклад іншым кіраўнікам — са значна большым стажам работы і жыццёвым вопытам.

З ліку найбольш кваліфікаваных спецыялістаў-рэзервістаў дзесяць чалавек нядаўна прызначаны на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацыі. Напрыклад, Арцём Кочатаў стаў дырэктарам прадпрыемства «Лагавішча-Агра» Дзяржынскага раёна, Сяргей Карнееў — кіраўніком Крупскага райаграсервіса, Аляксей Родзік узначаліў саўгас «Слуцк»... Акрамя таго, вельмі добра праявілі сябе і іншыя маладыя кіраўнікі абласных арганізацый, сярод якіх Мікалай Карповіч і Мікалай Астрэйка.

Лозунг пра тое, што кадры вырашаюць усё, вядомы яшчэ з савецкіх часоў. Але я ўпэўнены, што з цягам часу яго актуальнасць ніколькі не зменшылася. Да гэтага варта дадаць словы стваральніка сусветна вядомай кампаніі Аррlе Стыва Джобса аб тым, што існуе толькі адзін спосаб зрабіць вялікую работу добра — палюбіць яе. Калі гэта будуць памятаць і разумець спецыялісты і кіраўнікі ўсіх узроўняў, узростаў і кваліфікацыі — любыя задачы выканаць здолеем.

— Падчас прыёмаў грамадзян, якія вы часта праводзіце ў розных рэгіёнах вобласці, самыя частыя пытанні, што ўздымаюцца, — жыллёвыя і зямельныя. Вядома, нерухомасць і зямля недалёка ад сталіцы — укладанні надзейныя. Можа, таму менавіта на Міншчыне найбольш фіксуецца парушэнняў зямельнага заканадаўства?

— Тут дарэчы будзе прывесці некаторыя лічбы. За першае паўгоддзе гэтага года землеўпарадкавальнымі службамі на тэрыторыі вобласці выяўлена 424 парушэнні на плошчы больш чым паўтары тысячы гектараў. Вы маеце рацыю наконт імкнення жыхароў валодаць зямлёй недалёка ад сталіцы. Ад агульнай колькасці парушэнняў 25% складаюць самавольныя заняцці зямлі. Прычым грашаць гэтым не толькі грамадзяне, але і прадпрымальнікі, і прадпрыемствы і арганізацыі. Але вось, калі ласка, адваротны бок медаля — самае папулярнае ў спісе парушэнняў (амаль 60% ад агульнага) — невыкарыстанне зямельнага ўчастка, прасцей кажучы, занядбанне зямлі. Чалавек бярэ зямлю, але яе не выкарыстоўвае на працягу гадоў, мала таго — нават нярэдка не даглядае ўчастак, які зарастае быллём і хмызняком. Навошта тады было браць? Занадта вялікая раскоша, не кажучы ўжо пра элементарны парадак у ваколіцах сталіцы. Такія ўчасткі мы адбіраем і пераразмяркоўваем у адпаведнасці з заканадаўствам.

— Увогуле, блізкасць да самага цэнтра краіны, мне здаецца, накладвае адбітак і на псіхалогію людзей, і на ўмовы, у якіх яны жывуць і працуюць. Напрыклад, пытанне занятасці ў блізкіх ад Мінска раёнах не стаіць так востра: сталіца патрабуе шмат рабочай сілы. Але моладзь едзе з вёсак, мястэчак, райцэнтраў, у якіх таксама павінен нехта працаваць. Дый самыя лепшыя кадры, як вы адзначылі, сталіца да сябе запрашае. Пытанне складанае? Ці ўсё ж вырашальнае?

— Знешне ўсё нібыта так і выглядае. Праўда, статыстыка сведчыць пра іншае. Безумоўна, прысталічная вобласць служыць кузняй кадраў для Мінска. Але за мінулы год у сталіцу з населеных пунктаў вобласці выехала пятнаццаць з паловай тысяч чалавек, а з Мінска ў вобласць прыбылі больш за сямнаццаць з паловай тысяч. Колькасць вакансій у параўнанні з мінулым годам скарацілася амаль удвая. Несумненна, паўплывалі на гэта і эканамічная сітуацыя, і дэкрэт Прэзідэнта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства...

Многія прыязджаюць у вобласць з той жа сталіцы, каб адкрыць сваю справу. На пачатак гэтага года на Міншчыне ажыццяўляў сваю дзейнасць 57 851 суб'ект малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Магчымасцяў у таго, хто хоча і можа працаваць у гэтай сферы побач са сталіцай, — больш чым дастаткова. Да таго ж, калі дзейнасць накіравана на вытворчасць імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай прадукцыі, ёсць магчымасць атрымаць падтрымку ў рамках Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Мінскай вобласці. Летась, напрыклад, такая падтрымка была аказана 10 суб'ектам бізнесу на суму 12,7 млрд рублёў — на закупку абсталявання, сыравіны, стварэнне рабочых месцаў.

Прывяду адзін прыклад. Прадпрыемству СТАА «СатБор» (Барысаўскі раён) у рамках вышэйназванай праграмы ў мінулым годзе быў выдадзены льготны крэдыт у памеры 4,4 млрд рублёў для набыцця сучаснага дрэваапрацоўчага абсталявання. Эфектыўнасць работы прадпрыемства відавочная: у параўнанні з 2013 годам рэнтабельнасць вырасла амаль на 5% і склала 25,2%, аб'ём чыстага прыбытку вырас у 1,6 раза. Пастаўкі прадукцыі на экспарт выраслі ў тры разы. Такіх прыкладаў можна прыводзіць нямала.

— Асобная размова — пра гарады-спадарожнікі, у якія фактычна тыя, хто працуе ў сталіцы, прыязджаюць толькі начаваць.

— Перш за ўсё, не трэба забывацца пра тое, што стварэнне гарадоў-спадарожнікаў мае мэтай вынас прамысловых прадпрыемстваў Мінска, на якіх і сёння працуюць жыхары гэтых гарадоў. З цягам нядоўгага часу людзі будуць забяспечаны работай па месцы жыхарства, да таго ж з'явяцца рабочыя месцы для незанятага насельніцтва гэтых гарадоў. Можна гаварыць, што кожны горад-спадарожнік будзе спецыялізавацца ў якой-небудзь сферы дзейнасці. Напрыклад, Смалявічы будуць развівацца разам з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам. У Рудзенску добрыя ўмовы для работы прамысловасці, бо ёсць ЦЭЦ, запасы вады, чыгунка, а вакол горада нямала незанятых зямель нясельскагаспадарчага прызначэння. Горад Фаніпаль стане прамысловым горадам-спадарожнікам.

Перанос буйных прадпрыемстваў — справа не аднаго дня, а вось новыя рабочыя месцы ў гарадах-спадарожніках ствараюцца ўжо сёння. За апошнія два гады ў Заслаўі, Смалявічах, Фаніпалі, Дзяржынску, Лагойску, Рудзенску іх было створана больш як дзве тысячы. Так, прыватнае прадпрыемства «Енісей» летась завяршыла ў Заслаўі будаўніцтва завода па апрацоўцы шкла з высокатэхналагічным сучасным абсталяваннем. Колькасць занятых на новым прадпрыемстве — больш за 60 чалавек. У тым жа Заслаўі на прадпрыемстве «Марк Фармель» створана 100 новых працоўных месцаў, на мэблевай фабрыцы — 60, а ўсяго за гэты час у горадзе, з улікам індывідуальных прадпрымальнікаў, — 672 рабочыя месцы.

— На тэрыторыі вобласці будуецца найважнейшы для эканомікі краіны аб'ект — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Дывідэнды, якія з гэтага атрымае Міншчына, ужо спрабавалі падлічыць?

— Дывідэнды атрымае не толькі Міншчына, але і ўся краіна. Гэты праект дазволіць не толькі актывізаваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Кітаем, але і прыцягнуць замежныя і айчынныя інвестыцыі для арганізацыі і развіцця высокатэхналагічных канкурэнтаздольных вытворчасцяў. Развіццё ў індустрыяльным парку вытворчасцяў электронікі, машынабудавання, тонкай хіміі і новых матэрыялаў дазволіць вырабляць высокатэхналагічныя тавары і мінімізаваць імпарт. Гэта мільёны долараў інвестыцый, сотні новых працоўных месцаў, развіццё інфраструктуры рэгіёна — пагадзіцеся, нямала.

Што тычыцца дывідэндаў у самым літаральным іх разуменні... Прыбытак атрымлівае той, хто ўкладвае. Мінскім аблвыканкамам ва ўстаўны фонд Кітайска-Беларускага СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» ўжо ўнесена амаль 345 мільярдаў рублёў, набыта 27 мільёнаў акцый. Так што мы не проста назіральнікі — мы непасрэдныя ўдзельнікі стваральнага працэсу.

— Асаблівая зона Міншчыны — Нарачанскі край. Як, на думку губернатара, сумясціць выкарыстанне напоўніцу яго турыстычнага патэнцыялу і захаванне ўнікальнай прыроды, якая асновай гэтага патэнцыялу і з'яўляецца?

— Сёлета завяршаецца дзеянне Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна. Увесь гэты час вялася мэтанакіраваная работа па стварэнні буйнога аздараўляльнага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра, які будзе не толькі прыцягваць інвестыцыі, але і працаваць на захаванне ўнікальнага прыроднага комплексу. Сёння можна ўжо гаварыць пра тое, што гэта задача практычна выканана. Нарачанскі край сапраўды стаў прыцягальным для шматлікіх турыстаў, у тым ліку з блізкага і далёкага замежжа, не толькі з-за сваёй прыроды, але і з-за развітай сучаснай інфраструктуры. Адрамантаваны санаторыі, базы адпачынку, дарогі, наладжаны шматлікія туры, у тым ліку экалагічныя. 12 з паловай тысяч чалавек занятыя ў эканоміцы Нарачанскага краю. Экспарт паслуг летась склаў больш за 19 млн долараў. Гэты ўнікальны рэгіён Міншчыны і ўсёй краіны дынамічна развіваецца, і гэта добра, — найперш для людзей, якія там жывуць.

Як захаваць унікальную экасістэму? Можна разважаць пра беражлівае стаўленне да прыроды, пра экалагічнае выхаванне, пра кантроль і прафілактычныя мерапрыемствы. Усё гэта, безумоўна, важна. Але, думаю, не памылюся, калі скажу, што не менш важна ўкладваць у гэту справу не толькі душу, але і немалыя сродкі. Ахова прыроды, яе аднаўленне — паняцці ў сучасным свеце нятанныя.

За час рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады асвоена 628 млрд рублёў, з іх 88 млрд — інвестарамі, якія рэалізавалі свае інвестыцыйныя праекты на рэкрэацыйнай тэрыторыі. Назаву найбольш важкія: этнакультурны турыстычны агракомплекс «Наносы-Наваселле», база вясковага адпачынку і рыбалоўства ў фермерскай гаспадарцы «Лясная сядзіба», аптэкарскі сад, будаўніцтва ветраэнергетычнай устаноўкі «Нордэкс» магутнасцю 1МВт.

Думаць пра будучыню, не шкадаваць інвестыцый, ставіцца з любоўю і па-гаспадарску. Ці не гэта і ёсць формула поспеху? У дачыненні да любой справы...

Пытанні задавала Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.