Вы тут

Даўгавухі энерджайзер


Калі ў сабакі пераходны ўзрост...

Выбіраючы сабаку для падлетка, не варта арыентавацца толькі на жаданні будучага гаспадара. Напрыклад, мінчанін Ваня ПАЛЕВІКОЎ марыў пра хаскі. Старэйшая сястра Юля вырашыла ашчаслівіць хлопца. І на свой дванаццаты дзень нараджэння Ваня атрымаў двухмесячнага бігля — ён значыўся на другой «прыступцы» жаданняў. Сабака паляўнічай пароды аказаўся з характарам...

[caption id="attachment_98956" align="alignnone" width="600"]9_3 Ар­чы вель­мі лю­біць гу­ляць з дзець­мі.[/caption]

Раней у сям'і быў кокер-спаніэль, з якім ладзілі ўсе — гэта яркі прыклад кампаньёна, які з кожным знойдзе агульную мову. Іншая справа — біглі: прадстаўнікі гэтай пароды не будуць проста так служыць гаспадару, яны яшчэ падумаюць, слухацца яго ці не. З першых дзён шчаня пачало дысцыплінаваць сваіх гаспадароў. Для пачатку сабака пагрыз тэлефон і зарадку. Пасля дабраўся да сцен. Паеў усе кветкі.

— Заводчыкі адразу папярэдзілі, што сабаку трэба трымаць у клетцы, але для мяне гэта быў нонсэнс, — узгадвае Юля. — Пасля таго, як Арчыбальд пагрыз дзверы, давялося набыць яму такое часовае жытло, і тады сабака зразумеў, дзе яго месца. Цяпер яму ўжо год, паводзіць сябе больш прыстойна, таму трымаць яго ў клетцы ўжо не трэба.

Шчанюком Арчы паспяваў паесці па тры разы на дзень, таму дзеці запомнілі, што ежу нельга пакідаць без нагляду. Цяпер яны кладуць яе на на сярэдзіну стала, бо калі пакласці з краю, гэта справакуе сабаку сцягнуць смакату.

IMG_7166

І ў Вані, і ў Арчы зараз, так бы мовіць, пераходны ўзрост, і ў гэтым іх падабенства. Даўгавухі сябар яшчэ малы, таму не надта слухаецца свайго гаспадара. Але спіць з ім разам на канапе. Увогуле, ён любіць паказаць характар. Напрыклад, Арчы не любіць заставацца адзін і таму помсціць: хаваецца і доўга не паказваецца. Сабакі гэтай пароды вельмі энергічныя і без актыўнасці не вытрымліваюць: з імі трэба праводзіць як мінімум 2-3 гадзіны на выгуле. Іначай жывёла пачынае дурэць і шкоднічаць.

Хоць на Арчы наракаюць (маўляў, непаслухмяны), ён усё ж паддаецца дрэсіроўцы, па камандзе садзіцца і дае лапу. На вуліцы яго трымаюць на павадку, бо, адчуўшы свабоду, сабака можа страціць кантроль. Бігль вельмі любіць авантуры, прыгоды, таму не дзіва, што з ім цяжка справіцца. Часам ён настолькі захапляецца пошукамі, што можа забыцца пра чалавека.

— Бігль, калі бачыць слабасць гаспадара, мае здольнасць кіраваць яго дзеяннямі, — кажа кінолаг Андрэй ШКЛЯЕЎ. — У маёй практыцы сустракаліся выпадкі, калі сабакі што хацелі, таго і дабіваліся ад сваіх гаспадароў. Каб выхаваць бігля, ні ў якім разе не трэба патураць яму, не давайце і маленькай магчымасці атрымаць усё, што ён захоча. А вось упартасць і незалежнасць — яркія рысы «сышчыка», вельмі патрэбныя на паляванні.

IMG_7180

Свавольнік заўжды разумее, калі ён вінаваты. Сабаку «караюць» ігнараваннем. Арчы хаваецца ад гаспадароў, а праз некаторы час, «падумаўшы» над сваімі дзеяннямі, вяртаецца, як быццам нічога і не здарылася.

Аднойчы вушастаму выпала сабачае шчасце. Бабуля Вольга дастала з лядоўні палку каўбасы, і тут ёй патэлефанавалі. Ведаючы, што Арчы спіць, яна спакойна пайшла пагутарыць. А калі вярнулася, той ужо расправіўся са смакатой. Пасля далікатэсу яго званітавала, бо звычайна кормяць сабаку выключна сухім кормам. Аднак гэта не перашкаджае Арчыбальду красці агуркі ў чарапахі, цікаваць за кавалкамі кавуна ці марожанага.

IMG_7280

Кінолагі раяць звадзіць бігля на паляванне, аднак Арчыбальду пакуль што пашанцавала пабываць у паходзе, дзе ён праявіў сябе як вартаўнік і павадыр — вёў за сабой Юлю і яе дачку Варвару.

Асаблівага догляду, акрамя інтэнсіўных прагулак і дрэсіроўкі, ён не патрабуе: нават купаць бігляў можна толькі два разы на год, гэта вельмі ахайныя сабакі. Чысцяць поўсць раз на тыдзень і абавязкова правяраюць доўгія вушы.

IMG_7288

Можна сказаць, што Арчы — цяжкі падлетак, якому вельмі патрэбна ўвага: ён заўжды далучаецца да дзіцячых гульняў. Біглю пакуль ўсяго год, Ваня і Юля стараюцца не патураць ягоным капрызам, бо, як вядома, ад выхавання і навучання сабакі залежыць, якім ён вырасце.

Якімі якасцямі мусіць валодаць сабака-кампаньён?

Для такой ролі падыходзяць жывёлы сярэдняга ці малога памеру, з якімі зможа справіцца любы член сям'і, з неагрэсіўным характарам. У сабакі мусіць быць поўсць, якая не патрабуе асаблівага догляду. Ён не павінен быць звышэнергічным. На ролю сабакі-кампаньёна кінолагі раяць выбіраць лабрадораў, дэкаратыўных спаніэляў, пудзеляў, памеранскіх шпіцаў, мопсаў.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.