Вы тут

Здрада


Вырашыла напісаць пра сваіх бацькоў. Мой тата Ягор Ціханавіч (1907 г.н.) і маці Ніна Іванаўна (1912 г.н.) нарадзіліся ў вёсцы Мхінічы Краснапольскага раёна. Пажаніліся яны ў 1931 годзе і з'ехалі ва Украіну, на Данбас, — зарабіць грошай, каб вярнуцца і пабудаваць дом. Абое працавалі ў шахце. У 1932 годзе нарадзіўся сын, праз год — дачка. Быў вялікі голад, і мама пачала пухнуць. Дачку карміла грудным малаком, магчыма, ад яго тая і памерла ў 9 месяцаў...

12_1

Дзецям давалі паёк. А маме — не, бо яна не працавала. Хлеб прывозілі адзін раз на тыдзень. Мама была слабая, але пайшла на працу, каб атрымліваць паёк. Шахцёрам давалі аднаразовы суп. Голад перажылі, збіралі грошы, у 1937 годзе ў іх нарадзілася яшчэ адна дачка — Марыя. Ішла размова, што будзе вайна, і мае бацькі вырашылі, што трэба з'язджаць. «Другі голад мы не перажывем».

У 1938 годзе вярнуліся на радзіму і пачалі будаваць дом. Але пачалася вайна ў Фінляндыі... І бацьку забралі. Калі ён вярнуўся з вайны, пачалі дабудоўваць дом. Грошай не было, прадалі швейную машынку. У 1941 годзе бацьку забіраюць на перападрыхтоўку на тры тыдні. А праз тыдзень пачалася вайна... Дзе ён праходзіў тую перападрыхтоўку, мы не ведаем... Не паспеў, відаць, ён нам даслаць пісьмо...

У 1941 годзе (27 верасня) нарадзілася я. У акопе. Нашы ў гэты час адступалі, а немцы наступалі. Ішлі баі, у хаце было небяспечна знаходзіцца. Ды і яе яшчэ не паспелі дабудаваць. Дакладней, печкі і вокнаў не было, але цэгла для печкі ляжала. Дабудоўвалі без бацькі. Стаялі ў нас у вёсцы немцы, бо непадалёку знаходзіўся карны атрад. У Журавах, што ў чатырох кіламетрах ад нас, жыла бацькава сястра. Яна даведалася нешта пра бацьку і перадала праз некага, каб мая маці прыйшла да яе. Хадзіць было небяспечна, але мама пайшла. Цётка сказала ёй: прыйшоў Жораў Іван з вайны і паведаміў, што іх полк разбілі і што ён быў разам з маім бацькам... Магчыма, і ён прыйдзе, можа, паранены, а можа, і загінуў. Пайшла мама да гэтага Жорава, але дома яго не аказалася. (Ён на дзень ішоў у лес — баяўся немцаў, бо могуць забраць.) Вось што сказаў Іван сваёй жонцы: «Ехалі мы, дайшлі да ракі, і нам далі каманду спыніцца. Маўляў, немец далёка, разбірайце стралковую зброю і чысціце, а потым будзем перапраўляцца на той бок. Сядзім, чысцім... Чуем, самалёты гудуць. Мы галовы задралі, глядзім, раты раскрылі, думаем, нашы ляцяць, а гэта нямецкія самалёты. І пасыпалася нам на галовы... Нам не было чым стрэльнуць, усе бегалі, крычалі: «Здрада! Нам здрадзілі!». Разбілі ўсё, што ў нас было. Я жывы застаўся, сядзеў пад бартавой машынай. Самалёты паляцелі, я вылез і пачаў клікаць Ягора: «Базыль!». Тры разы крыкнуў, але ён не адгукнуўся, і я пайшоў у той бок, адкуль ляцелі самалёты. Прайшоў трохі і бачу: ідуць танкі нямецкія, а за імі немцы. Я папоўз убок. Танкі і немцы пайшлі на тое месца, дзе быў разбіты наш полк. Што яны там рабілі, я не ведаю — разглядаць не было калі. І вось прыйшоў дадому».

12_2

Мама яшчэ раз хадзіла — яго таксама не было дома. Потым хацела схадзіць на ноч, але мая бабуля яе не пусціла, сказала: «Бацькі няма, і цябе немцы заб'юць. Што я тады буду рабіць з траімі дзецьмі?»

Іван Жораў у лесе далучыўся да партызанаў... З вайны ён не вярнуўся. Так і не ведаем дагэтуль, дзе было тое пабоішча, на якім да гэтага часу ляжаць косці, урослыя ў зямлю. Іх там ніхто не хаваў, бо, як казаў Жораў, вёскі паблізу не было.

Вось так мы і пражылі: самі дабудоўвалі дом, галадалі, у школу хадзіла ў лапцях да трэцяга класа. Паведамлення аб смерці не было. Падавалі запыт, прыходзіў адказ: прапаў без вестак. Плацілі нам па страце кармільца палову сумы. Раз прапаў без вестак, дык казалі: можа ён дзе жывы ды шыкуе ў Амерыцы. Мама хварэла, быў мокры плеўрыт, лячылі народным сродкам: чорную рэдзьку з газай на хворы бок прыкладвалі.

Неяк прывезлі прадуктовыя пасылкі з Амерыкі. У каго бацька прапаў без вестак, таму не давалі, і нам у тым ліку. Плакала мама каля сельсавета, і, гледзячы на маму, плакалі і мы.

Другі раз, калі прыйшлі іншыя пасылкі, сказалі, што гэта адзенне, будуць даваць усім, у каго загінуў бацька. Прынеслі дадому, давай мераць, глядзець, а яны паклалі адзін бот 44 памеру, а другі 40. Звязаны ўсе, як трэба. Адзін чаравік, адна сандаля або пара з адной нагі, і такой уся партыя пасылак была, якая прыйшла да нас у Мхініцкі сельсавет. Абменьваліся людзі, як маглі. А калі што, то так і насілі: і дарослыя, і дзеці. Вось і дапамагла Амерыка! Гэта ж насмешка, разважце самі.

Дарагая рэдакцыя, высылаю фотаздымак свайго бацькі (на фота ён справа), які ён прывёз з Фінляндыі. На другой картачцы — я і мама. Сястра Марыя абрэзала сябе — яна дрэнна атрымалася, за ёй быў брат Грыша. Фатаграфаваліся ў 1949 годзе. Грошай не было, дык фатограф браў яйкамі. За дзясятак сфатаграфаваў.

Валянціна ДАНІЛАВА,

г. Краснаполле, Магілёўская вобласць

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.