Вы тут

«Хэпі-энд» з сумным асадкам


Ганна Бахур з маленькім сынам нарэшце вярнуліся дадому.

У пятніцу раніцай мне патэлефанавала шчаслівая маці: «Нам пакідаюць сына! Сказалі, што неўзабаве зможам вярнуцца дадому!». А днём раней у сваёй бальнічнай палаце яна чакала прыняцця рашэння. Сумна жартавала тады: чакаю, як арыштант прысуду. І магло так стацца, што прысуд той стаў бы пакараннем. Калі б у яе забралі дзіця, выходзіць, пакаралі б за тое, што сама нарадзілася не такой як усе, за тое, што стала маці...

111

У 37-гадовай Ганны Бахур прыроджаная анамалія канечнасцяў. Яна інвалід першай групы. Калі сказаць проста, нарадзілася без кісцяў рук, з кароткімі нагамі, крыху недаразвітымі ступнямі. Але з гэтым сваім калецтвам Аня даўно навучылася жыць. Жанчына ўсё робіць па хатняй гаспадарцы, даглядае агарод, шые. Больш за тое, яна піша карціны, найбольш пейзажы. У яе ёсць сябры, якія іх часам прадаюць. Значыць, можа зарабіць дадатковую капейку да сваёй пенсіі ў сям'ю.

Разам са сваім мужам Анатолем, таксама інвалідам першай групы, зрабілі цудоўны рамонт у двухпакаёвай кватэры, усё падрыхтавалі для свайго чаканага сыночка. Аня пакрыўдзілася на адно з выданняў, якое напісала, што кватэру ім выдзеліла дзяржава. Я патлумачыла ёй, што калегі, хутчэй за ўсё, не хацелі перайначыць факты. Гэта выйшла, відаць, па інерцыі. Бо такая практыка распаўсюджана, інвалідаў у нас нярэдка забяспечваюць бясплатным жыллём. Кватэра Бахураў у Івацэвічах — свая, фармальна яна належыць бацьку Анатоля.

Маладая маці ўсяляк старалася падкрэсліць: у іх усё ёсць, яны нічога не просяць, хочуць толькі аднаго, каб іх пакінулі ў спакоі. Але неўзабаве пасля нараджэння сына Ганне аб'явілі, што яна па прычыне інваліднасці дзіця выхоўваць не можа, як і гаворыцца ў пастанове Міністэрства аховы здароўя. Таму трэба рыхтавацца да перадачы яго ў прытулак альбо ў прыёмную сям'ю. Пазней узнікла гаворка пра апеку над маленькім Косцікам. Узнікла пасля таго, як гісторыя сям'і Бахур стала вядомая ўсёй краіне, і Ганну ў Івацэвіцкай бальніцы наведала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Міністр тады назвала сітуацыю нестандартнай, паабяцала дапамогу.

У бальнічнай палаце мы гаварылі з Аняй аб усім. Гадзіну-другую я назірала, як яна спрытна ўпраўляецца з малым: корміць, адзявае, закалыхвае на руках. Як і ўсялякая маладая маці, яна з задавальненнем расказвае мілыя падрабязнасці, напрыклад пра тое, што ён спакойны, дае паспаць ноччу: «Часам сама прачнуся і думаю, няўжо ён спіць, пара ж карміць?» Вельмі радуецца, што ў яе дастаткова малака (пасля аперацыі, з дапамогай якой сын з'явіўся на свет, гэта не заўсёды бывае). А Косцік, паеўшы, надзімае шчокі, цярэбіць ножкамі і забаўна пакрэхтвае. Ён нарадзіўся даволі вялікім — крыху больш за чатыры кілаграмы — і абсалютна здаровым.

[caption id="attachment_98962" align="alignnone" width="600"]10-1 Марыяна Шчоткіна: «Трэба падтрымліваць жанчын, матываваных на мацярынства».[/caption]

Як любая маці, Ганна строіць планы, уяўляе, як ён пачне хадзіць, як вымавіць першыя словы. Пра тое, што яе могуць разлучыць з сынам, яна старалася не гаварыць. Але ж нервознасць і напружанасць усё роўна выступалі, іх цяжка было схаваць зусім.

Калі загаварылі на тэму хрышчэння, Ганна сказала: «У мяне пытаюць часам, чаму я не хрышчу Косціка. А навошта гэта рабіць у бальніцы? У бальніцы дзяцей хрысцяць, толькі калі яны хворыя, калі... Ну, самі разумееце. А мы будзем дома, у нас жа царква побач, нават везці не трэба: можна малога занесці, можна бацюшку ў кватэру запрасіць. Дома трэба хрысціць, каб прыгожа ўсё, каб запомнілася...»

Ужо другі месяц яна знаходзілася ў бальніцы з малым, і гатовая была, здаецца, цярпець яшчэ колькі заўгодна, толькі б урэшце ўсё скончылася і можна было забраць сына дадому.

Я была ў Ані ў чацвер. А ў пятніцу з'явілася інфармацыя, што заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, згодна з якім інваліды першай групы Ганна і Анатоль Бахуры не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі, адменена. Можна было б паставіць кропку. Але так не атрымліваецца. Таму што шмат чаго давялося пачуць не толькі ад самой Ганны, але і ад іншых людзей, у тым ліку ў калідорах улады, што надта хвалюе. Афіцыйныя каментары таго дня прыводзіць няма сэнсу, з прыняццем рашэння яны страцілі актуальнасць. А пра рашэнне райвыканкама адносна сям'і Бахур, прынятае ў пятніцу, мне расказаў Аляксандр ВЕЛІКАСЕЛЕЦ, намеснік старшыні райвыканкама:

— Рашэннем райвыканкама для сям'і, якая трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, адкрылі стаўку нянькі. Для зручнасці работнікаў будуць прыняты на працу дзве жанчыны, на паўстаўкі кожная.

Вось і знайшлося рашэнне. І вельмі разумна, што нянькі дзве, па чарзе яны будуць хадзіць на выхадныя. Але ж відавочна, каб не ўмяшанне міністра Марыяны Шчоткінай, віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай, іншых афіцыйных асоб, дзіця бацькам не аддалі б.

Прыводжу кароткі дыялог у Івацэвіцкім райвыканкаме ў мінулы чацвер:

— Яна не можа выконваць бацькоўскія абавязкі, — гаворыць адзін з чыноўнікаў.

— Але яна іх выконвае ўжо месяц, — кажу я.

— А што нам скажа пракурор?

І гэта, здаецца, апошні жалезны аргумент улады: нехта некага абавязкова пакарае, калі не будзе зроблена па напісаным. Дзіця, яго маці, сям'я тут — справа дзясятая, галоўнае выканаць пастанову. Яшчэ прыводзіўся такі аргумент наконт немагчымасці нянькі, пра якую загаварылі ў кантэксце гэтай гісторыі. Нянька — чалавек, наняты на працу, яна не будзе адказваць, калі дзіця, не дай бог, разаб'е нос. А, напрыклад, апекуна можна прыцягнуць да адказнасці. Цікава, калі дзіця падае і разбівае нос у звычайнай сям'і, ніхто да адказнасці не прыцягваецца. Выходзіць, дыскрымінацыя?

Яшчэ ў Івацэвічах даводзілася чуць такую прапанову: калі ўжо радавому раённаму выпадку надаюць вялікую ўвагу ў сталіцы, то хай бы забралі маму з дзіцем у адну са сталічных клінік і правялі экспертызу наконт таго, можа яна выконваць свае мацярынскія абавязкі ці не. А чаму для гэтага трэба везці сям'ю ў сталіцу? Ці не прасцей было б адправіць іх дадому, а потым работнікам апекі зайсці ды паглядзець? Калі дзіця, умоўна кажучы, галоднае, нямытае, у хаце вэрхал, то вось вам і падстава, каб забраць яго з сям'і. А калі малы чысты, накормлены і дагледжаны, то не трэба і сталічных спецыялістаў для вынясення таго самага «прысуду» іх сям'і.

І яшчэ. Складваецца ўражанне, што прывыклі ўсе адзін аднаго пужаць пракурорам, аж смешна становіцца. Пракурор яшчэ нічога не збіраўся казаць, а ўжо дрыжаць ад яго магчымага прадпісання. А што, калі ён зараз спытае: навошта трымалі фактычна прымусова столькі часу жанчыну з дзіцем у стацыянары? У бальніцы людзі, як вядома, знаходзяцца па медыцынскіх паказаннях, а не па чыноўных загадах. Хутчэй за ўсё, ніхто нікога не будзе пытаць, і ўсё неўзабаве забудзецца пра гучную гісторыю. Як у тым анекдоце: дарэмна баяліся.

[caption id="attachment_98963" align="alignnone" width="600"]10-2 Косцік застаўся з бацькамі.[/caption]

І пішу гэтыя радкі зусім не для таго, каб паказаць, якія ў Івацэвічах дрэнныя чыноўнікі. Якраз не горшыя за іншых сваіх калег. А чаму такая сітуацыя склалася ў адным асобна ўзятым райцэнтры? Думаю, таму што мы такія. Усё грамадства. На жаль, мы яшчэ не дараслі да цывілізаванага стаўлення да інвалідаў. Нібы саромеемся, што побач крыху іншыя людзі. Традыцыя гэтага здрадніцкага сораму каранямі ўрасла ў свядомасць з савецкіх часоў. І гэта не лепшая спадчына савецкага мінулага. Тады інвалідаў наогул як быццам не было. Яны сядзелі ў дамах, кватэрах, ніхто не клапаціўся пра безбар'ернае асяроддзе для іх. Цяпер загаварылі, пачалі будаваць пандусы, спецыяльныя поручні і нават асобныя санвузлы ў грамадскіх месцах. На словах клапоцімся, на справе часта застаецца па-ранейшаму. І на работу могуць не ўзяць, каб не псаваць офіснай карцінкі (не разбіраючыся, наколькі ў таго ці іншага чалавека магчымасці абмежаваныя).

А ў гэтай гісторыі самае прыкрае, самае абсурднае, самае брыдкае, што мне давялося чуць: «Ёй жа прапаноўвалі зрабіць аборт, яна адмовілася».

Выходзіць, правільна адмовілася, нарадзіла здаровае дзіця, якое, трэба думаць, стане падарункам яе няпростага лёсу, сэнсам жыцця і апорай у старасці.

Пішу яшчэ для таго, каб і ў іншых гарадах асцярожна падыходзілі да справы, вынікам якой можа быць разбурэнне сям'і. Галоўнае права дзіцяці — быць з бацькамі, якія яго любяць. Пра гэта варта памятаць. Гэта ж не першы ў краіне выпадак, калі бацькі-інваліды выхоўваюць сваё дзіця. Такія сем'і можна знайсці ў кожным горадзе. Яўген Семяновіч з Баранавіч, сын інвалідаў, напісаў нават адкрыты ліст у падтрымку сям'і Бахураў. Тут, праўда, справа ўскладняецца тым, што абое — інваліды першай групы. Але ж інваліды таксама бываюць розныя. У дакуменце запісана, што не могуць такія людзі выконваць абавязкі бацькоў. А калі асобныя ўсё ж могуць, то не трэба пазбаўляць іх гэтай радасці.

...Аня атрымлівала віншаванні, адказвала на іх крыху разгублена і сумбурна, сказала: «Добра, што ва ўрадзе нашым ёсць жанчыны» і што нарэшце ўсё вырашылася, што яна ўдзячная ўсім, хто яе падтрымліваў. Застаецца пажадаць іх сям'і шчасця.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Івацэвіцкі раён

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.