Вы тут

Час, калі мы многае здолелі


Фотавыстава БелТА паказала, як мы жылі ў 1990-х і як жывём цяпер.

Рабочая назва фотавыставы Беларускага тэлеграфнага агенцтва, што адкрылася ўчора ў кінатэатры «Масква», «Было — стала», афіцыйная — «Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў». Выстава расказвае пра тое, якой была наша краіна ў пачатку 1990-х гадоў і якая яна сёння.

1_2

Прадстаўлена 50 работ: палова з іх — чорна-белыя, яны прысвечаны жыццю краіны 25-30 гадоў таму, палова — каляровыя, якія расказваюць пра сучаснае жыццё.

— Гэта ўсяго толькі частка вялікага інтэрнэт-праекта, які размешчаны на нашым сайце, — адзначыў генеральны дырэктар БелТА Дзмітрый Жук. — Там прыкладна 200 работ. Для чаго мы рабілі гэты праект? Усё вельмі проста. Памяць чалавека працуе такім чынам, што нейкія дэталі сціраюцца. А фатаграфіі дазваляюць успомніць і ўзнавіць агульную карціну. Гэтыя фотаработы вельмі добра дапамагаюць ацаніць рэальны маштаб змяненняў у нашай краіне. Асноўнай аўдыторыяй мы бачым маладых людзей, якія нарадзіліся ўжо ў суверэннай Беларусі.

Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, які наведаў адкрыццё выставы, заўважыў, што гэта старт вялікай працы, якую пачынае сёння агенцтва.

Па яго словах, фотавыстава мае каласальнае значэнне для моладзі, якая з прычыны свайго ўзросту не заспела некаторыя падзеі. Архіўныя кадры карэспандэнтаў БелТА здольны нагадаць маладым людзям, як важна захоўваць і прымнажаць тое, што далося краіне велізарнымі намаганнямі і штодзённай працай старэйшага пакалення.

— Фотакарэспандэнты ў сваіх здымках дапамагаюць захоўваць гісторыю, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, — а яе ўрокі дазваляюць прымаць рашэнні, што ўплываюць на вызначэнне далейшага шляху нашай дзяржавы. Важна, каб яны былі вывераны, і нельга забывацца аб тым, што было раней.

Ігар Бузоўскі паведаміў, што з выставай пазнаёмяцца не толькі наведвальнікі кінатэатра «Масква».

— Яна стане перасоўнай, — паведаміў ён. — Пры падтрымцы БРСМ мы пастараемся, каб моладзь, як мінімум, уключылася ў працэс распаўсюджання інфармацыі пра гэтую выставу па ўсёй краіне.

Дэпутат Алена Шамаль, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, у сваім выступленні заўважыла, што для моладзі, якая прымае ўдзел у адкрыцці выставы, усё гэта — гісторыя ў карцінках.

— А для многіх грамадзян нашай краіны, у тым ліку мяне, гэта гісторыя жыцця, — сказала яна. — Спадзяюся, выстава дазволіць нам успомніць пра тыя рэчы, якія маюць сапраўдную каштоўнасць для кожнага чалавека. Вельмі прыемна, што сёння тут столькі маладых людзей. Удвая прыемна, што сённяшняя моладзь разумее: палітыка можа аказваць уздзеянне як на паскарэнне развіцця дзяржавы, так і на замаруджванне.

На адкрыцці прысутнічаў і адзін з аўтараў прадстаўленых на ёй здымкаў — фатограф Аляксандр Талочка, які прыйшоў на працу ў БелТА яшчэ ў 1981 годзе.

— Мы патроху пачынаем забывацца на тое, што было раней, і скардзімся на жыццё, — адзначыў фатограф у гутарцы з журналістамі. — Старэйшае ж пакаленне па-сапраўднаму шануе тое, што ёсць у іх цяпер. За 25 гадоў жыццё беларусаў моцна змянілася, яны сталі больш упэўненымі ў заўтрашнім дні і захацелі жыць яшчэ лепш, што з'яўляецца цалкам натуральным для людзей.

Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы там жа, у кінатэатры, прайшлі адкрытыя маладзёжныя дэбаты «Выбірай.by!» на тэму «Як было, і як стала». У дыскусіі прынялі ўдзел студэнты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце і члены Маладзёжнай палаты 4-га склікання пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў.

Моладзь абмеркавала перамены, якія адбыліся ў краіне з моманту атрымання статусу суверэннай дзяржавы, дынаміку развіцця беларускага грамадства, асноўныя дасягненні сучаснай Беларусі.

У якасці незалежных экспертаў выступілі генеральны дырэктар БелТА Дзмітрый Жук, дэпутат Алена Шамаль і першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.