Вы тут

«Кола жыцця» — у цэнтры ўвагі


9 верасня тысячы гасцей з усяго свету змогуць стаць удзельнікамі Нацыянальнага дня Рэспублікі Беларусь на «ЭКСПА-2015».

Чатыры месяцы работы Сусветнага форуму харчавання «Накармі планету. Энергія жыцця» ў Мілане пераўзышлі ўсе чаканні арганізатараў: колькасць наведвальнікаў выставы вылічаецца сямізначнай лічбай, а натоўп ахвотных убачыць сваімі вачыма самыя перадавыя дасягненні з прадстаўленых тут 144 краін меншым не становіцца.

5

Прадстаўнікі розных куткоў зямнога шара, якім пашчасціла трапіць на «ЭКСПА», гатовыя выстойваць доўгія чэргі, каб убачыць найноўшыя цуды тэхнікі або пакаштаваць смачныя стравы нацыянальных кухняў.

Пры такой вялікай разнастайнасці ідэй, тэхналогій, этнічнага каларыту, як адзначаюць арганізатары выставы, беларускі павільён уваходзіць у дзясятку найбольш наведвальных! Наша «Кола жыцця», а ў цэлым — прадуманы да дробязяў дызайн экспазіцыі, нязменна прыцягваюць вялікую колькасць наведвальнікаў. Атрымаць рознабаковую інфармацыю пра Сінявокую, акунуцца ў атмасферу яе фальклору, пакаштаваць смачных дранікаў штодня сюды заходзяць тысячы людзей.

Наперадзе яшчэ два месяцы працы, і яны для беларускага прадстаўніцтва на выставе стануць надзвычай насычанымі.

Дырэктар Нацыянальнага павільёна Беларусі на «ЭКСПА-2015» Наталля Кураш адзначае:

— «Нацыянальны дзень Рэспублікі Беларусь стане яркай падзеяй і прыцягне ўвагу і турыстаў, і дзелавых людзей да нашай краіны. Мы падрыхтавалі вялікую праграму, якая максімальна поўна прадставіць патэнцыял рэспублікі ў самых розных сферах яе жыццядзейнасці. У гэты дзень чакаецца візіт на выставу беларускай урадавай дэлегацыі на самым высокім узроўні, а таксама кіраўнікоў шэрагу буйных беларускіх прадпрыемстваў. Запланаваны бізнес-сустрэчы і шматбаковыя дзелавыя перамовы. Акрамя таго, у нашым павільёне будзе прадстаўлена выстаўка-дэгустацыя беларускіх прадуктаў харчавання, у першую чаргу кандытарскай і мяса-малочнай прадукцыі. А бліжэй да вечара адбудзецца вялікі гала-канцэрт «Беларусь запрашае!» з удзелам вядучых творчых калектываў нашай краіны. Усіх, каму пашчасціць наведаць у гэты дзень наш павільён, чакаюць падарункі і сюрпрызы!

Зрэшты, наступныя дні таксама стануць асаблівымі: 10 і 11 верасня на «ЭКСПА» пройдуць Дні горада Мінска. Будзе шырока прадстаўлены гандлёва-прамысловы, турыстычны і культурны патэнцыял беларускай сталіцы.

Наталля Кураш лічыць, што для Беларусі такі актыўны ўдзел у «ЭКСПА-2015» — гэта ўдалая магчымасць прадэманстраваць поспехі і дасягненні нашай краіны літаральна на ўвесь свет і знайсці новых партнёраў за мяжой. Што ж тычыцца асноўнай тэмы форуму: «Накармі планету. Энергія жыцця», то тут Беларусі сапраўды ёсць што прапанаваць, і гэта нязменна адзначаюць наведвальнікі і арганізатары форуму.

Дарэчы, за мінулыя месяцы ўжо прайшлі прэзентацыі Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцей і Дзень беларускай эканомікі. У выніку паміж рэгіёнамі і замежнымі партнёрамі былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве ў самых розных сферах.

Таццяна Уладзімірава

Мілан

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.