Вы тут

Таямніца фары Вітаўта


Камандуючаму 27-ай танкавай брыгадай палкоўніку Юшчуку.

Сакрэтна.

Разведгрупа 152-га кавалерыйскага палка 6-га кавалерыйскага корпуса пры вызваленні г. Ліда затрымала адпраўку 2 вагонаў з карцінамі і каштоўнымі металамі, якія належалі Банку Польскаму. Паводле інфармацыі, атрыманай ад арыштаваных супрацоўнікаў гэтага банка, у горад Гродна быў эвакуяваны металічны вагон белага колеру, у якім знаходзіцца каля
2 тон золата ў злітках і манетах.

Загадваю.

1. На працягу сутак, да 21 верасня, сіламі брыгады авалодаць горадам Гродна.

2. Знайсці і ўзяць пад ахову вагон з золатам.

3. Перадаць залаты запас спецыяльна створанай фінансавай камісіі НКУС СССР.

Народны камісар унутраных спраў СССР Л.Берыя.

19 верасня 1939 г.»

Камандзір разведбатальёна маёр Багданаў увайшоў у кабінет камандуючага і зухавата далажыў аб сваім прыбыцці. Юшчук кіўнуў у адказ і працягнуў атрыманую шыфраграму. Маёр хуценька прабег па тэксце вачыма і паклаў паперу на стол.

— Што скажаш, маёр? — запытаўся камбрыг.

— Трэба выконваць загад, таварыш палкоўнік! Ударым і захопім...

Здавалася, Юшчук толькі і чакаў такога адказу. Ён рэзка ўскочыў з крэсла і пачаў адмерваць хуткімі крокамі плошчу кабінета.

— Ага, ударым, — амаль зароў палкоўнік. — А ці ведаеш ты, разумнік, што да Гродна амаль сто кіламетраў, а бензін абяцалі падвезці толькі паслязаўтра, бо тылы адстаюць. А горад трэба ўзяць ужо заўтра. А на чым, скажыце, будзем браць?

Багданаў у адказ толькі развёў рукамі. Юшчук, выплеснуўшы эмоцыі, крыху супакоіўся і працягваў ужо больш спакойным голасам.

— Загад выканаць трэба, і тут нічога не папішаш. Таму, маёр, план будзе наступным. Усё паліва брыгады зліваем у твае машыны, і хуткім марш-кідком 20 верасня авалодваеш станцыяй. І памятай, Багданаў, нас цікавіць не сам горад, не палякі, што там укрыліся, — нам патрэбен гэты занюханы вагон. Ты мяне разумееш, Багданаў?

— Дакладна так, таварыш палкоўнік!

— Даю на распрацоўку дэталяў аперацыі дзве гадзіны. І да мяне з дакладам. Можаце ісці...

У невялічкім пакойчыку дзяжурнага па чыгуначнай станцыі Гродна сядзелі два прыстойна апранутыя мужчыны: дырэктар тытунёвай фабрыкі Чэслаў Валіцкі — кіраўнік мясцовага нацыяналістычнага аддзялення ОЗН (обуз з'едначэня народовэго) і кіраўнік атрадаў Гродзенскай самааховы, таксама член ОЗН капітан Эдвард Раманоўскі. На стале стаяла некранутая бутэлька віна, асветленая дрыготкім полымем свечкі. Акно, за якім панавала цёмная вераснёўская ноч, было шчыльна завешана коўдрай. Дакладваў Раманоўскі.

— Такім чынам, пан Валіцкі, мы здолелі вывезці золата і асігнацыі Банка Польскага прама з-пад бальшавіцкага носа. У Лідзе засталася амаль нічога не вартая драбнота. Грошы пайшлі адразу на аплату добраахвотнікам з баявых атрадаў. А вось што рабіць з золатам? Можа, адправіць пад аховай на Варшаву?

— Не і яшчэ раз не, — Валіцкі нахіліўся над сталом і сцішана, амаль шэптам, працягваў: — Варшава ўжо пад немцам. Гродна праз дзень-два будзе бальшавіцкім. Таму, дарагі мой капітан, ехаць няма куды. Значыць, золата трэба схаваць у горадзе. Я ўпэўнены, што Гітлер са Сталіным яшчэ счэпяцца ў крывавай бойцы. А тады зноў адродзіцца вялікая Рэч Паспалітая «ад мора і да мора». І ёй спатрэбіцца гэтае золата.

— Я згодны, пан Валіцкі. Але дзе і як будзем захоўваць гэтае багацце?

Валіцкі павольна ўстаў, узяў крэсла і сеў каля Раманоўскага.

— У мінулым годзе пробашч Фары Вітаўта па сакрэце паказваў мне падземныя лабірынты, што цягнуцца ад касцёла пад горад. І я ўгаварыў святога айца «пазычыць» мне адно скляпенне для асабістых патрэб. Рабочыя яго крыху падрамантавалі, паставілі дзверы. І калі ласка — цудоўная схованка. Ведалі пра гэтае месца толькі два чалавекі — я і пробашч.

— А як жа рабочыя? — здзівіўся Раманоўскі.

Валіцкі загадкава ўсміхнуўся.

— Яны добра адсвяткавалі заканчэнне працы, падпілі і ад выпадковага агню згарэлі ў старой вінярні, што стаяла ў Капліцы. Вы, пэўна, чулі пра тую трагедыю... Больш за тое, літаральна праз тыдзень чымсьці моцна атруціўся пробашч і неўзабаве таксама аддаў Богу душу.

— Які жах! — засмяяўся капітан. — І зноў толькі двое будуць ведаць пра схрон. Дык можам пачынаць аперацыю?

— Так, — пагадзіўся Валіцкі. — Але каму даручым яе выкананне? Гэта ж не людзі навокал, а прадажнае быдла. Што ім да ідэі Вялікай Польшчы...

Раманоўскі ўстаў і па-ваеннаму зычна прамовіў:

— Найлепшым варыянтам для такой справы лічу групу Яфіма Чапурнога.

— Гэта хто? — запытаў Валіцкі.

— Былы пятлюраўскі камандзір. Кіруе ўкраінскімі нацыяналістамі. За грошы пойдзе на ўсё. Сапраўдны галаварэз.

— Але ці не будзем мы з ім потым мець клопат?

— Нешта мне падказвае, што для Чапурнога «потым» не прыйдзе ніколі, — зноў засмяяўся Раманоўскі.

Валіцкі цяжка падняўся з-за стала.

— Ну што ж, пане Эдвард, тады за справу. Чакаю вас з золатам праз тры гадзіны каля касцёла. Трэба да світання паспець.

23

Каля васьмі гадзін раніцы ў Гродна ўехаў батальён маёра Багданава. Адзінаццаць танкаў БТ, бронемашына, санітарная машына і радыёстанцыя 5-АК. Пяцьдзясят чалавек жывой сілы. Гэта ўсё, што змог сабраць Багданаў за такі кароткі час. Дзесьці яшчэ пад Бераставіцай тупацелі ў пешым строі стралковая рота і ўзвод сапёраў, але чакаць іх ужо не было часу. Крыху павагаўшыся, маёр вырашыў не губляць каштоўныя гадзіны на разведку, а адразу выконваць загад камандавання. Сабраўшы каля бронемашыны малодшых камандзіраў, Багданаў разгарнуў карту Гродна і вызначыў кожнаму задачу. Узвод лейтэнанта Якава Чарнова з трыма танкамі праз чыгуначны мост выходзіць прама на вакзал і захоплівае азначаны вагон з золатам. Узвод старшага лейтэнанта Міхаіла Яўсеева ў суправаджэнні таксама трох танкаў адцягвае ўвагу праціўніка на сябе, для чаго атакуе цэнтральную частку горада, захоплівае тэлеграф і пошту на вуліцы Элізы Ажэшкі. З астатнімі пяццю танкамі і бронемашынай Багданаў утрымлівае да падыходу сваіх мост цераз Нёман і чыгуначны пераезд на рагу вуліц З'езд і Гажэльнай.

Першым рушыў узвод Яўсеева. На максімальнай хуткасці танкі выскачылі на мост цераз Нёман і паляцелі да супрацьлеглага берага. Палякі сустрэлі іх агнём з зенітнай гарматы. Неўзабаве яркім полымем успыхнуў адзін з танкаў. Астатнія, не звяртаючы на страту ўвагі, працягвалі прабівацца да цэнтра горада. На вуліцы Маставой польскі жаўнер выскачыў з дзвярэй аптэкі і кінуўся з супрацьтанкавай гранатай пад гусеніцы танка. Выбух — і чарговы танк прагна пачаў паглынаць бязлітасны агонь. Адзін з танкістаў паспеў выскачыць з машыны, але, ахоплены полымем, тут жа ўпаў на дарогу. Апошні з танкаў усё ж дасягнуў вуліцы Ажэшкі, дзе снарад, выпушчаны з польскай гарматы, трапіў у левую гусеніцу. Машыну раскруціла на месцы, і тут жа з розных бакоў пасыпаліся бутэлькі з бензінам, якія падрыхтавалі польскія гімназісты. Так загінуў экіпаж старшага лейтэнанта Яўсеева.

Тым часам узвод Чарнова, практычна нікім не заўважаны, уварваўся на чыгуначны вакзал. Лейтэнант разам з радавым Несцеравым выбег на перон. На рэйках тут і там стаялі тры дзясяткі розных вагонаў без цягнікоў. Чарноў схапіў за каўнер нейкага мужчыну ў форме чыгуначніка, які палахліва выглядваў з-за скрыні з пяском.

— Дзе металічны вагон з Ліды? — раз'юшана пракрычаў лейтэнант.

— А то там, прошэ пана, — дрыготкім ад страху голасам прамармытаў чыгуначнік і паказаў пальцам на найбліжэйшы да будынка вакзала вагон з расчыненымі дзвярыма. Нават адсюль было відаць, што ён пусты.

— Куды павезлі скрыні? — зноў затрос Якаў паляка.

— Не вем, пане. Цалу ноц грузілі на аўто і павезлі да цэнтра мяста.

Лейтэнант нарэшце адпусціў чалавека і пабег да танка перадаць па рацыі несуцяшальную вестку Багданаву...

...Цягнік «Берлін — Варшава — Ленінград» перасёк польскую мяжу і бадзёра загрукацеў па тэрыторыі Савецкага Саюза. Сярод нешматлікіх пасажыраў у адным з купэ ехаў высокі стары чалавек, апрануты ў строгі чорны касцюм. Ён пільна ўглядаўся праз акенца ў прыгожыя беларускія краявіды, але не заўважаў іх. Перад вачыма праносіліся іншыя малюнкі.

...Чапурнога і яго хаўруснікаў Раманоўскі расстраляў з аўтамата, як толькі скончылі насіць скрыні з золатам у склеп. Затым зачынілі дзверы і шчыльна пакрылі іх тынкоўкай, зраўняўшы са сцяной. Крыху абкідалі па свежым зямлёй, каб не надта адрознівалася ад іншых частак. Прыдзірліва агледзеўшы зробленае, Валіцкі звярнуўся да калегі.

— Пан Раманоўскі! Я спадзяюся на вашу шляхетнасць і слова афіцэра. Пра схованку ведаем толькі мы. Рэч Паспалітую і нас, палякаў, чакаюць цяжкія выпрабаванні. Але мы вытрываем, і я абяцаю, што знайду пана, калі прыйдзе час адкрыць гэты склеп і пачаць новую гісторыю Польшчы.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі і зніклі ў начным змроку.

І вось ён, Чэслаў Валіцкі, праз столькі гадоў пад'язджае да свайго горада. Колькі ўсяго адбылося за гэтыя чвэрць века! Раманоўскі загінуў у Варшаўскім паўстанні, сам Валіцкі быў і ў падполлі, і ў Арміі Краёвай, і англійскай эміграцыі. Але заўсёды верыў, што вернецца ў мілае сэрцу Гродна. І хоць у кішэні пашпарт грамадзяніна Аб'яднанага Каралеўства, у душы Валіцкі ўсё той жа адданы паляк. А яшчэ схованка. Дзве тоны золата ляжаць у яго асабістым склепе. Хаця, ці ляжаць? Валіцкі быў досыць заможным чалавекам, уваходзіў у свой час у савет дырэктараў буйной тытунёвай кампаніі, ды і цяпер, адышоўшы ад спраў, меў добры прыбытак ад акцый той жа кампаніі. І без золата было на што жыць. У дадатак ён быў рэалістам і добра разумеў, што з бальшавіцкай Расіі дзве тоны золата не вывезеш незаўважана. Але паглядзець, дакрануцца да ўласна зробленай тынкоўкі ён можа.

Дзень быў досыць мітуслівы. Раніцай Валіцкага з гасцініцы забралі два прадстаўнікі «Інтурыста», правялі экскурсію па горадзе, звазілі на тытунёвую фабрыку, паказалі новыя мікрараёны. І толькі ўвечары адчапіліся (прынамсі, так яму здалося). Валіцкі застаўся адзін. Ён выйшаў з гасцініцы і павольна пайшоў праз цэнтр па вуліцы Дамініканскай (цяпер яна, зразумела, Савецкая) да плошчы Стэфана Баторыя (цяпер, вядома, таксама Савецкай), дзе і стаіць велічная і бессмяротная Фара Вітаўта ў кампаніі сваіх братоў Францішканскага і Бернардзінскага касцёлаў. На душы было лёгка і хвалююча: і будынкі, і брук, і двары засталіся дакладна такімі ж, як у яго час. Гэта была настальгічная сустрэча з мінулым. А вось і плошча. Зараз па дарожцы налева, да касцёла.

Касцёла на месцы не было. Была роўная плямка скверыка, абсаджаная нейкімі кусцікамі. А храма не было. Валіцкі пачаў разгублена азірацца. Не, ён не памыліўся. Месца дакладна тое ж, але без касцёла. Тады ён спыніў нейкага маладога чалавека і, з цяжкасцю ўспамінаючы даўно забытыя словы, на беларуска-польскай трасянцы запытаў:

— Пшэпрашам пана, але тут колісь быў каталіцкі касцёл. Фара Вітаўта. Дзе ён? Вайна?

Чалавек здзіўлена паглядзеў на Валіцкага, але праз імгненне ўсё зразумеў і прыязна ўсміхнуўся:

— Інастранец?

— Так, інастранец, — пагадзіўся Валіцкі.

— Ясна. Не, касцёл вайну перажыў. Але ж ён сам па сабе перажытак мінулага. Таму тры гады назад касцёл узарвалі, а замест яго зрабілі гэты прыгожы скверык. А калі вам трэба памаліцца, дык вось, яшчэ пакуль стаіць францішканскі. Схадзіце.

І чалавек пакрочыў сабе далей.

Валіцкі з цяжкасцю зрабіў два крокі і сеў на лаўку.

«Найстаражытнейшую Фару Вітаўта і дзве тоны золата — за прыгожы скверык? — мільгатнула ў яго галаве. — Божа, за што караеш?..»

Віктар ВАРАНЕЦ

На конкурс апавяданняў

Пошук золата, дый увогуле скарбаў рознага кшталту — адна з любімых тэм прыгодніцкай літаратуры. І тут адразу ўспамінаюцца не толькі, напрыклад, класічныя замежныя творы — тыя ж «Залаты павук» Э. По, «Востраў скарбаў» Р. Стывенсана, «Копі цара Саламона» Г. Хагарда, але і проза сучасных беларускіх аўтараў: «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі, «Скарб князёў Радзівілаў» Вольгі Тарасевіч, «Золата забытых магіл»
і «Сэрца мармуровага анёла» Людмілы Рублеўскай, «Залатыя апосталы Радзівілаўскія» Аляксандра Аляшкевіча ды іншыя, што так ці інакш звязаныя з далёкай мінуўшчынай.

І вось — новы твор на «залатую» тэму. Віктар Варанец сваё апавяданне пабудаваў на падзеях 1939 года, калі адбывалася ўз'яднанне Беларусі, а адным з месцаў дзеяння выбраў славуты гродзенскі фарны касцёл, фундатарам пабудовы якога стаў сам Вітаўт. На жаль, касцёл быў узарваны ў 1961 годзе, але пра яго гісторыю захавалася шмат цікавых звестак, якія, відавочна, могуць натхніць яшчэ не аднаго пісьменніка.

Алесь Бадак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.