Вы тут

«Першамайская» бульба


Завяршаючы гэтае лета, многія жыхары краіны апошнія выхадныя жніўня адзначылі ўдарнай працай на бульбяных палетках. Праз летнюю спёку, якой, здавалася, не будзе канца, некаторыя гаспадары ўжо не спадзяваліся на добры ўраджай другога хлеба. Аднак першыя ўзараныя бульбяныя барозны паспелі развеяць песімістычныя настроі — бульба не падвяла, не расчаравала агароднікаў.

Прынамсі, на полі перад вёскай Першамайск на Уздзеншчыне. Гэты ўчастак быў аддадзены работнікам мясцовага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя, і цяперашнім, і былым: выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання і рабочым. У суботу і нядзелю з самага ранку і да вечара на бульбяным полі панаваў дзелавы настрой.

На участку Алены Дзенгубенкі сабраліся яе сваякі, каб хутчэй выкапаць бульбу на дзесяці сотках і ўправіцца за адзін дзень. Так і ў іншых сем'ях, якія прыйшлі на першамайскае поле.

— Мы прыехалі амаль у 7 гадзін раніцы і плануем пасля апоўдня завяршыць дакопкі, — кажа гаспадыня баразён, не адрываючыся ад працы. — На надвор'е і ўраджай не наракаем. Адно толькі пыл перашкаджае працаваць, лезе ў вочы і рот — першы раз у жыцці бачу такую сухую зямлю.

Адміністрацыя ўстановы выдзеліла трактар для копкі бульбы, і людзям не трэба было пра гэта клапаціцца.

Пройдзе «Беларус» па 260-метровай баразне — уся бульба на паверхні, збірай, не лянуйся.

Івану Зяневічу — былому намесніку дырэктара ліцэя — даводзіцца на полі не толькі збіраць бульбу, а яшчэ і адвозіць сабраны ўраджай на сваім самаробным міні-трактары. 35 гадоў таму гэты майстравіты механік зрабіў надзейнага жалезнага памочніка. Дапамагае Іван Зяневіч таксама і суседзям, аднавяскоўцам, былым калегам. Пра свой ураджай Іван Іванавіч кажа: «Мы пасадзілі 12 мяхоў сеянкі, а атрымалі амаль 40. Хопіць на ўсю зіму».

Анатоль Кляшчук

Фота аўтара

Уздзенскі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.