Вы тут

Нацыянальная традыцыя — чытаць добрыя кнігі


І адзначаць Дзень беларускага пісьменства, дзе кнігі і іх стваральнікі — галоўныя героі.

У гэтыя выхадныя Шчучын будзе сустракаць Дзень беларускага пісьменства. Свята, якое ўжо стала добрай традыцыяй у культурным жыцці краіны, аналагаў якому на дзяржаўным узроўні няма, напэўна, ва ўсім свеце. Яшчэ адна традыцыя гэтага дня — нягледзячы на тое, што адзначаем мы яго, лічы, два дзясяткі гадоў, абавязкова будзе нешта новае і цікавае. Напрыклад, сёлета краіна даведаецца імёны лаўрэатаў першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Штогод Дзень беларускага пісьменства, дзе б ён ні праводзіўся, збірае тысячы ўдзельнікаў і гасцей. Аб тым, што спрыяе такому інтарэсу да мерапрыемства, аб яго сутнасці і адметнасці — гутарка карэспандэнта «Звязды» з міністрам інфармацыі Ліліяй АНАНІЧ. [caption id="attachment_99199" align="alignnone" width="600"]3_2 У Шчучыне 31 жніўня да Дня беларускага пісьменства адкрылася кнігарня-кавярня «Несцерка». Сярод першых наведвальнікаў кнігарні — міністр інфармацыі Лілія Ананіч, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і, вядома ж, чытачы, сярод якіх шмат дзяцей і моладзі.[/caption] — Лілія Станіславаўна, на Міжнародную кніжную выставу, што праходзіла ў лютым у Мінску, сёлета завітала рэкордная колькасць гасцей — прыехалі пісьменнікі і выдаўцы амаль з 30 краін свету. Свята беларускага пісьменства таксама зможа пахваліцца колькасцю гасцей, ці ўсё ж для такога мерапрыемства гэта не самамэта, а галоўнае — прадаставіць пляцоўку менавіта беларускім творцам і выдаўцам? — Несумненна, Дзень беларускага пісьменства — найперш свята для тых, хто працуе з мастацкім і публіцыстычным словам (пісьменнікаў, журналістаў, выдаўцоў) і іх чытачоў. Гэта акурат той выпадак, тая магчымасць, калі аўтар і тыя, для каго ён піша, могуць паглядзець, як кажуць, адно аднаму ў вочы, пазнаёміцца асабіста, абмяняцца думкамі. Менавіта з гэтай мэтай і задумвалася дваццаць гадоў таму свята, і невыпадкова яно ўжо каторы год адзначаецца на дзяржаўным узроўні ў розных гарадах нашай краіны. Пісьменства — адзін са складнікаў духоўнасці нашага народа, яно, як і асвета, мае на беларускай зямлі тысячагадовыя карані. Мяняецца спосаб перадачы думак творцы, але не мяняецца сама сутнасць творчасці: яна выхоўвае чалавека, дапамагае яму станавіцца лепшым, адукоўвае яго. Мы па-ранейшаму нацыя, якая чытае, і ў нас ёсць свята, на якім пра гэта можна сказаць і засведчыць ва ўвесь голас. Не ведаю, ці можа сёння яшчэ якая краіна пахваліцца падобным дзействам. Менавіта таму, што можам паказаць нешта сваё, нацыянальнае, адметнае, мы і запрашаем на гэтае свята замежных гасцей. Як правіла, гэта прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў нашай краіне. Але з кожным годам форумам на пачатку верасня цікавяцца і калегі з іншых краін — пісьменнікі, журналісты, выдаўцы. Прычым прыязджаюць яны ўсё часцей не як гледачы і госці — як самыя непасрэдныя ўдзельнікі дзейства, падчас якога праходзяць дыскусіі, прэзентацыі, наладжваюцца кантакты на перспектыўнае супрацоўніцтва. — Стасункі паміж пісьменнікамі, журналістамі, выдаўцамі на міжнародным узроўні, несумненна, вельмі важныя. Беларускую кнігу добра ведаюць ва ўсім свеце. Але якія практычныя дывідэнды (у наш меркантыльны час пра гэта нельга не спытаць) мае айчынная кнігавыдавецкая сістэма, акрамя наладжаных гуманітарных сувязяў ды высокіх адзнак на ўсемагчымых конкурсах? — У наш меркантыльны, як вы сказалі, час, сапраўды, эфектыўнасць мераецца практычнымі вынікамі. Але якімі грашыма, у якой валюце ацаніць прэстыж дзяржавы, яе імідж? А беларускія кнігі на міжнароднай арэне працуюць менавіта на яго. Напрыклад, наша краіна атрымала Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД. А ўсяго мы прывезлі 12 дыпломаў гэтага конкурсу. І гэта толькі адзін, самы «свежы» прыклад. Нашу кнігу ведаюць і годна ацэньваюць ва ўсім свеце. А кніга і сёння — паказчык адукаванасці і інтэлекту, гэта наша найлепшая візітоўка. З разумнымі, пісьменнымі людзьмі ахвотней бяруцца за любую справу. Вось і адказ на ваша пытанне аб «дывідэндах». Я не кажу ўжо аб выгадных кантрактах, якія прапаноўваюцца нашым выдаўцам, бо паліграфія нашых выданняў адпавядае самым высокім патрабаванням якасці. — Як правіла, Дзень беларускага пісьменства — гэта выдатная пляцоўка не толькі для творцаў, выдаўцоў і чытачоў, на якой можна пазнаёміцца і паспрачацца, але і для дыскусій прафесіяналаў аб ролі літаратуры ў сучасным грамадстве. На сёлетнім Х Беларускім міжнародным медыяфоруме з тэмай «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі» шмат гаварылі пра адказнасць за напісанае і сказанае, пра ўплыў новых інфармацыйных тэхналогій на свядомасць людзей. Тэма міжнароднага круглага стала, які становіцца ўжо традыцыйным мерапрыемствам Дзён пісьменства, — «Літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства». Зноў размова пойдзе пра адказнасць — цяпер ужо пісьменнікаў? — Гэта размова пачалася яшчэ ў лютым, калі падчас Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу праходзіў круглы стол «Пісьменнік і час». Сімвалічна, што падобныя дыскусіі творцаў, якія маюць актыўную грамадскую пазіцыю, праходзяць адначасова з вельмі важнымі для Беларусі падзеямі. На круглым стале «Пісьменнік і час» гаварылі аб стваральнай сіле мастацкага слова, аб яго ролі ў выбары шляху, па якім пойдзе грамадства, менавіта тады, калі ў Мінску лідары нармандскай чацвёркі праводзілі лёсавызначальныя перамовы па ўкраінскім канфлікце. Медыяфорум, на якім шмат гаварылі пра захаванне гістарычнай праўды, пра недапушчэнне фальсіфікацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны, праходзіў якраз пад знакам святкавання 70-годдзя Перамогі. Гэтым разам краіна жыве найважнейшай падзеяй, ад якой залежыць яе далейшае развіццё — перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніяй. І я спадзяюся, што падчас круглага стала ў межах Дня пісьменства, які Міністэрству інфармацыі дапамагаюць правесці Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом «Звязда», пісьменнікі з розных краін будуць гаварыць не толькі пра тое, як сёння павінен развівацца літаратурны працэс, але і пра тое, які ўплыў ён мае на грамадства. І аб самім грамадстве, аб яго самаўсведамленні, аб крытэрыях, па якіх мераецца яго сталасць, яго здольнасць зрабіць свой асэнсаваны выбар, што дазволіць краіне і яе жыхарам жыць і спакойна працаваць на сваёй зямлі. Пісьменнікі былі і застаюцца людзьмі аўтарытэтнымі, таму іх меркаванне на гэты конт вельмі важнае, асабліва цяпер. — Шмат увагі зараз выдаўцы надаюць мастацкаму афармленню кніг, і мы тут у лідарах, пра гэта сведчаць перамогі беларускіх выданняў у шматлікіх конкурсах. Ці не атрымаецца ўрэшце так, што прыгожая «абгортка» стане важнейшай за сэнсавае напаўненне? — Толькі не з нашым чытачом! У нас столькі пакаленняў ужо выхавана на добрай літаратуры, што прыгожай вокладкай, у якой будзе нікчэмнае напаўненне, нікога не завабіш. І выдаўцы гэта выдатна разумеюць, таму «кантроль якасці» пачынаецца яшчэ з рукапісаў... Але чаму б сёння, калі паліграфія мае такія тэхнічныя магчымасці, прыгожа не аздобіць добрую кнігу? Тым больш гэта зноў жа наша спрадвечная нацыянальная традыцыя. Скарыну было б прасцей выдаваць кнігі без гравюр: кнігі Святога пісання ў той час і без ілюстрацый знайшлі б чытача. Але наш першадрукар стараўся, каб чалавек, які возьме ў рукі яго кнігу, атрымліваў задавальненне не толькі ад чытання, але і ад таго, што трымае яе... Па-мойму, вельмі добрая традыцыя, і адмаўляцца ад яе ніякім чынам нельга! — Сёлета ўпершыню будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Ці стане яна, на вашу думку, для айчынных літаратараў стымулам пісаць больш і цікавей? — Тое, што ў краіне з'явілася Нацыянальная літаратурная прэмія, — гэта зусім не даніна модзе, як лічаць некаторыя скептыкі (маўляў, ёсць і тэатральная, і музычная, дык зрабілі і літаратурную). Гэта найперш сведчанне таго, што ў краіне ёсць якасная літаратура і добрыя пісьменнікі, якіх чытаюць. У адрозненне ад іншых узнагарод, што могуць атрымаць нашы майстры мастацкага слова, лёс гэтай прэміі для літаратараў вырашаюць яны самі. У гэтым яе адрозненне, у гэтым і яе каштоўнасць, бо прафесіяналы вельмі раўніва ставяцца да творчасці калег, і калі ўжо выбіраюць, дык сапраўды найлепшых. Несумненна, аўтары будуць імкнуцца атрымаць падобнае прызнанне. Намінанты першай прэміі ўжо вядомы, у Шчучыне назавуць лаўрэатаў. Не буду раскрываць інтрыгу, але параю: абавязкова пачытайце тыя творы, аўтары якіх атрымаюць прэмію. Не пашкадуеце. — У Год моладзі на свяце маладым творцам і чытачам будзе нададзена нейкая асаблівая ўвага? — Моладзі — і аўтарам, і чытачам — асаблівая ўвага надаецца на кожным свяце беларускага пісьменства. Гэты год не будзе выключэннем. Мы ўжо другі раз падвядзём вынікі акцыі «Лета з добрай кнігай», якую Міністэрства інфармацыі ладзіць сумесна з вядучымі выдавецтвамі краіны. Падчас летніх канікул пісьменнікі і выдаўцы выязджаюць у месцы, дзе адпачываюць дзеці, знаёмяць юных чытачоў з цікавымі кнігамі і іх аўтарамі. Такія сустрэчы дарагога варты: дзеці заўжды праяўляюць непадробную цікавасць, з'яўляецца ўпэўненасць, што кніга стане для іх гэткім самым добрым сябрам, як смартфон ці планшэт... Пра тое, што моладзь цікавіцца літаратурай, сведчыць і шчыры інтарэс школьнікаў да конкурсу «Жывая класіка» —- удзельнікі чытаюць мастацкія творы, праяўляючы свае творчыя здольнасці, выказваючы ўласнае разуменне прачытанага. У Шчучыне можна будзе пачуць найлепшых чытальнікаў Гродзеншчыны... — У Шчучыне напярэдадні свята на будынку школы з'явілася маштабная выява Францыска Скарыны. Мы ўжо рыхтуемся да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання? — Увогуле, сёлетняе свята пройдзе пад знакам 70-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта абсалютна правільна: такая дата здараецца не кожны год, да таго ж сёння, як ніколі, асабліва актуальна яшчэ раз сказаць пра неабходнасць памятаць урокі Вялікай Айчыннай, таму што мы бачым, да чаго можа прывесці забыццё, на прыкладзе нашых суседзяў па планеце. Да таго ж беларускія майстры слова гэтай тэме і адразу пасля вайны, і сёння надаюць вельмі важнае значэнне, зрэшты, у нашай краіне, якая найбольш пацярпела ад фашызму, інакш і быць не можа. Таму многія мерапрыемствы і творчыя сустрэчы будуць увязаны на Дні пісьменства з юбілеем Перамогі. Што датычыцца юбілею беларускага кнігадрукавання, які будзем адзначаць праз два гады... Падрыхтоўка распачалася, бо дата знакавая. І Скарына на свяце ў Шчучыне абавязкова будзе прысутнічаць. Зрэшты, як і заўсёды. Калі вы бачылі Дзень беларускага пісьменства без нашага першадрукара? Пытанні задавала Алена ЛЯЎКОВІЧ alena@zviazda.by Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.