Вы тут

Так мінаю намагаў, што ў знакі далося


Тэлевізійная гульня «Размаўляем па-беларуску», якая ідзе на тэлеканале «Беларусь 3», з верасня пачынае новы сезон. Наступны раз мы надрукуем адказы на пытанні, якія дастануцца ўдзельнікам у гэту суботу. Сёння ж для тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы, растлумачым значэнне некалькіх беларускіх фразеалагізмаў. Ці ведалі вы, што азначае:

Клопату ў кош не забраць. Гэты выраз адпавядае вядомай расійскай прымаўцы «хлопот полон рот». Цікава тое, што ў нашай народнай традыцыі кош, а ў расійскай традыцыі рот выступаюць як блізказначныя рэчы, як агульнае, як нейкая ёмістасць, у якой змяшчаецца нешта тое непатрэбнае, без чаго добра было б наогул абысціся. Аднак маштабы каша і рота несупастаўныя, нават самы малы кош заўсёды большы за самы вялікі рот. Варта звярнуць увагу і на танальнасць, на ўласцівую кожнаму выслоўю нацыянальную музыку. «Хлопот полон рот» — гучыць неяк бесклапотна, па-пушкінску лёгка, нават святочна. А нашы продкі, акідваючы позіркам свае мінулыя дні, ці не з болем у сэрцы казалі: «Клопату ў кош не забраць!»

Мінаю намагаць. Фраза «мінаю намагаць» мае два значэнні. Па-першае, «мінаю намагаць» — значыць рабіць выгляд стараннасці. Так, калі хтось робіць імітацыю бурлівай дзейнасці, пра гэтага чалавека па-беларуску скажам: «Ён толькі мінаю намагае». Расіяне ў такіх выпадках любяць згадваць блыху, якая выхвалялася, што разам з канём арала: маўляў, «и мы пахали». Па-другое, мінаю намагаць — гэта яшчэ ўздзейнічаць на некага выглядам, выразам твару, паставаю. «Ён так намагаў мінаю, што пан глядзеў, глядзеў ды як зарагоча». Так, мінаю намагаць — значыць мець артыстычныя здольнасці, пэўную харызму, каб умець, па-расійску кажучы, «заговаривать зубы». Такім чынам, мінаю намагаць — гэта рабіць выгляд стараннасці альбо ўплываць на кагосьці з карысцю для сябе.

Дацца ў знакі. Выраз «дацца ў знакі» і яго варыянт «дацца ў знак» рэгулярна ўжываюцца ў сучаснай літаратурнай мове. «Дыханне ў чалавека чулася сіпатае й частае — усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце», — чытаем у быкаўскай аповесці «Аблава». Можам сказаць, напрыклад, што нейкія праблемы даліся нам у знак, што кепскае надвор'е далося ў знакі. Нешта даняло, дапякло, пакінула ў памяці адчувальны нядобры след — значыць, далося ў знакі.

Каб стаць удзельнікамі праграмы, неабходна зайсці на сайт httр://tvrgоmеl.bу або httр://3bеlаrus.bу і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу раніцай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.