Вы тут

Еш і ўсведамляй


Інтуітыўнае, усвядомленае і збалансаванае харчаванне — гэта ўсё разам і ёсць тое, што неабходна для нашага здароўя, даўгалецця і найлепшай фізічнай формы. Аб гэтым сёння кажуць і пішуць дыетолагі ў свеце. Сэнс у тым, каб з розных груп прадуктаў выбіраць самыя якасныя, самыя карысныя, багатыя на вітаміны і мінералы і гатаваць, захоўваючы тыя па максімуме.

18-1

Аўтары тэрміна «інтуітыўнае харчаванне» — двое амерыканскіх дыетолагаў, якія напісалі аб гэтым кнігу яшчэ ў 1995-м. Асноўнае правіла такога харчавання — еш усё, што хочаш, калі хочаш і колькі хочаш без усялякага пачуцця віны. Але пры адной умове: калі табой кіруе толькі фізічны голад. Голад — сігнал таго, што арганізму патрабуюцца спажыўныя рэчывы, энергія для падтрымкі жыццядзейнасці. Усё, што з'ядаецца звыш пачуцця голаду, будзе адкладзена ў запас, у форме тлушчу.

На жаль, жыццёвыя ўмовы дыктуюць нам свае правілы, а таму шмат людзей любога ўзросту ядуць з іншых прычын: за кампанію, каб узняць настрой, таму што свята, таму што выхадныя без марожанага — не выхадныя, таму што дзіця не даела... Людзі запіхваюць у сябе ежу, бо за яе заплачана, бо нельга пакрыўдзіць гаспадыню, бо на планеце, урэшце, шмат хто недаядае...

Улічваць наш прыроджаны механізм насычэння — момант вельмі важны, але не адзіны.

Другое, на што мы будзем звяртаць увагу, — харчаванне ўсвядомленае. Цяпер мы павінны заўважаць не толькі тое, колькі ядзім, а і яшчэ як, дзе і чаму, з якой хуткасцю спустошваем талерку і калі бяром дабаўку. Трэба навучыцца заўважаць, што калі жаваць крыху даўжэй, то можна атрымаць насычэнне і ад адной порцыі. А як толькі насычэнне прыйшло, трэба адсунуць талерку. На гэтым этапе мы больш увагі надаём таму, каб не спалучаць прыём ежы з праглядам тэлевізара, камп'ютара ці любімага часопіса. Мы даследуем смак розных страў і заўважаем, як зніжаецца задавальненне ад ежы пры надыходзе пачуцця сытасці. Мы дакладна ведаем, што для нас найбольш спакуслівае і ў якіх абставінах (госці, фуршэты) і знаходзім спосаб кантролю. Прыкмячаем і ўплыў на нас некаторых словазлучэнняў. Магчыма, нас дэмаралізуе «мне нельга», а калі мы кажам «я аддаю перавагу», то становіцца лягчэй гэтага трымацца.

Сёння мы ведаем і аб наркатычных вартасцях перапрацаваных прадуктаў, у склад якіх уваходзяць спецыяльна падабраныя камбінацыі тлушчу, солі, цукру, штучных узмацняльнікаў смаку, якія празмерна стымулююць смакавыя рэцэптары. Прывыкаючы да такой стымуляцыі, многія ўжо не могуць без тлустых і вострых прыпраў, смажанай бульбы, расплаўленага на бутэрбродзе сыру, без маянэзу, кетчупу, салодкай газіроўкі, марожанага з сіропам... Сучасны чалавек нават галаву не паверне ў бок нарэзанага памідора, варанай бульбы з часнаком і кропам, курыцы на пары і духмянага чаю. Калі і ўжываць перапрацаваныя прадукты з дабаўленнем солі, цукру і тлушчу, то рабіць гэта трэба свядома, назіраючы за адчуваннямі. А смакавыя рэцэптары пры адмаўленні ад лішку солі, цукру і тлушчу даволі хутка адновяцца. І задавальненне ад хлеба з мёдам будзе не горшым, чым ад тартоў.

Урэшце, харчаванне збалансаванае. Сняданкі, абеды і г.д. павінны змяшчаць патрэбную колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, расліннай клятчаткі. Вашы стравы — з натуральных кампанентаў і простыя ў гатаванні. Так вы пазбаўляеце сябе рэзкіх прыступаў голаду і перападу настрою, павышаеце сваю працаздольнасць. І гэта выдатна!

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.