Вы тут

Лідар гурта "Палац" Алег Хаменка: «Фальклор трэба ведаць, каб ствараць сваё»


Напярэдадні сёмага фолк-фестывалю «Камяніца», які пройдзе 5 верасня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, мы пагутарылі з лідарам фолк-мадэрн-гурта «Палац», кампазітарам, выкладчыкам і вядучым фэсту Алегам Хаменкам. У 1990-я «Палац» стварыў тэндэнцыю, нават моду на фальклорную музыку, якая стала множыцца і развівацца. Шмат музыкаў, што супрацоўнічалі з гуртом, пачалі ўласныя эксперыменты. Тады фолк-музыка ў нашай краіне стала не толькі знакам беларускай традыцыі, але і носьбітам сучаснай асобнай філасофіі, мастацкай з'явай. Мы спыталі ў суразмоўцы пра яго бачанне развіцця беларускай фолк-музыкі.

20_2

— Я зыходжу з гіпотэзы аб тым, што сусвет глабалізуецца, а нацыянальныя культуры лакалізуюцца. Гэтыя дзве рэчы нават пры супрацьдзеянні могуць суіснаваць на карысць развіцця цывілізацыі. Падчас беларусізацыі сур'ёзны зварот быў зроблены да музыкі. Тое, што зрабіў «Палац», значна раней рабілі джазавы аркестр Эдзі Рознера і «Песняры». Кожны перыяд па-свойму вяртаецца да сваіх вытокаў. Наша стратэгія была ў развіцці фолку ў часы змены каштоўнасцяў. Гэта быў смелы погляд на тое, якой была б музыка сучаснай краіны, што абвясціла незалежнасць, калі б не было доўгага перыяду ўплыву іншых культур. Мы хацелі вынесці на папулярную сцэну тое аўтэнтычнае, што ніяк не даходзіла да публікі, што ў энцыклапедыях называлася «местными завываниями». Некаторыя людзі, калі чуюць традыцыйную беларускую скрыпку, кажуць, маўляў, «верашчыць». Насамрэч яе гукі прыгожыя і адметныя, праўда, наш слых прызвычаіўся да дванаццаці ступеняў японскай «ямахі». Гукі дуды, ліры, жалейкі і той жа скрыпкі могуць вярнуцца праз сучасную музыку, але гэты працэс адбываецца вельмі павольна.

Між тым фальклор трэба ведаць і для таго, каб ствараць сваё. Каб паўтарыць Depeche Mode, напрыклад, трэба апантана наслухацца музыкі Сярэднявечча, бо гурт карыстаецца яго метра-рытмічнымі і меладычнымі пабудовамі. У нас такое рэальна можа сыграць толькі «Стары Ольса».

На нашай тэрыторыі ходзіць савецкі наднацыянальны фальклор, напрыклад, «Течет река Волга», «Подмосковные вечера». Гэта песні, якія павінны былі стаць народнымі для эстонца і туркмена, але толькі поп-музыка можа стаць універсальнай. Сёння беларускі фальклор у музыцы развіваецца павольна, але пазітыўна. Я не бачу, каб трэба было нешта значна мяняць, неабходна толькі «дэсаветызацыя» паняцця народнай песні, бо з ім цягнецца шлейф непатрэбнай інфармацыі.

— На якім матэрыяле (наколькі старажытным) стварае сваю музыку «Палац»?

— Частцы нашых твораў маюць дахрысціянскія карані, што сама меней — 700-800 гадоў. Ёсць вялікі пласт (гэта альбом «Чужыя дзеўкі»), большасць песень у якім паходзіць з XІX стагоддзя, то бок ім недзе гадоў 150. Апошні альбом больш як напалову — гэта аўтарскія кампазіцыі, але іх нават абазнаныя даследчыкі не змаглі б аддзяліць ад аўтэнтыкі. Я лічу, мы можам сабе дазволіць пісаць а-ля фальклор. Ці трэба гэта рабіць, вядома, спрэчнае пытанне, таму што час ствараць постфальклор, фіксаваць сучасныя нацыянальныя сігналы, фальклорную культуру. І я думаю, мы да гэтага прыйдзем.

— У Беларусі фальклор яшчэ захоўваецца ў сваім натуральным, аўтэнтычным выглядзе праз носьбітаў нацыянальных традыцый, абрадаў, строяў. Як гэтая блізкасць дапамагае развівацца сучаснай культуры з фальклорнымі матывамі?

— Фальклор — гэта ўсё, што сігналізуе аб нацыянальнай прыналежнасці. А ў Беларусі вялікія традыцыі, значная, цікавая і адметная нацыянальная спадчына. Пэўны час на нашай тэрыторыі еўрапейская культура спаборнічала з цюркскай (якая перахапіла традыцыі Візантыі). Народам абедзве плыні прымаліся насцярожана; ні еўрапейскую, ні ўсходнюю мы не прынялі (толькі прыцярпеліся), таму ўласна беларуская культура жыла і жыве да сённяшняга часу. Я бачу гэта і на бытавым узроўні.

Доўгі час інстытуты кіравання — польскія, расійскія, нямецкія — не падтрымлівалі наша карэннае, намі кіравалі прыхадні, выхаваныя ў іншых традыцыях.

Таму беларуская традыцыя засталася ў вялікай колькасці аскепкаў і сёння яна пакуль не выбудавана ў відавочную паўнавартасную фальклорную з'яву.

Мы яе не адчуваем і ўвесь час азіраемся на захад ці ўсход, прымаем за ўзоры тое, што прыходзіць звонку — Філіпа Кіркорава, карнавалы Рыа-дэ-Жанейра...

— Ці дастаткова мы выкарыстоўваем нашы рэсурсы для паўнавартаснага развіцця сучаснага фальклору?

— Рэсурс у шырокім сэнсе слова не выкарыстоўваецца. Насамрэч фалькларыстамі зафіксавана вельмі багата матэрыялу. У XІX стагоддзі шмат даследчыкаў Расійскай імперыі прыязджалі сюды, каб вывучыць наш народ. Але мы не маем механізмаў для карыстання гэтай інфармацыяй. Нацыянальная культура, безумоўна, павінна быць зафіксавана ў артэфактах, але і штодзённае развіццё ёй таксама патрэбна.

20_1

— Як фальклор з анталогій пераходзіць у жывую форму?

— Мне лёгка рухацца зноў жа ад гіпотэзы, што фальклор — гэта ўсё, што сігналізуе аб нацыянальнай прыналежнасці. Напрыклад, беларускі святочна-абрадавы комплекс сёння — гэта і 7 лістапада, і Успенне Багародзіцы. Апошняе ведаюць толькі тыя, хто ходзіць у праваслаўны храм (дзе падача вядзецца з пункту гледжання наднацыянальных інстытутаў веравызнання), а побытавага разумення свята няма.

Мы ўсё роўна гаворым «польская Пасха» ці «руская Пасха». А дзе беларускі Вялікдзень, як ён адзначаецца? Традыцыйнае святкаванне Пасхі не ў храме, а ў кватэры, на вуліцы, у клубе, маладзёнамі на лавачцы «піва возьмем, сёння ж, карочэ, празднік». А што ім рабіць, механізм жа не прыйшоў... Ці могуць на Пасху быць танцавальныя вечарыны, якія там павінны быць атрыбуты? Мы сабе нават не ўяўляем «Вялікдзень Дэнс Паці», а па ўсіх параметрах нешта накшталт гэтага ў нацыянальным фармаце павінна існаваць. Трэба, каб сацыяльна актыўныя і больш-менш дасведчаныя людзі паказалі, як гэтае святкаванне можа адбывацца, а потым нехта пяройме, нешта адкіне, нешта дадасць — і традыцыя пачне развівацца.

Частка фальклору звязана з кухняй, развіццё якой у краіне з устойлівай нацыянальнай культурай адбываецца штодзённа. Любую нацыянальную страву можна стандартызаваць і перавесці ў брэнд. Індустрыя раскруціла той жа хот-дог, і мы разумеем, что гэта не гарачы сабака. У Беларусі захоўваюцца ўзоры, але мы ведаем хачапуры, шашлык і піцу, а верашчаку — не. Іншаземныя госці, калі спрабуюць нашу дамашнюю ежу, нават самую простую — яечню, тварог, вінегрэт, — успрымаюць гэта як адметную кухню. Так і ёсць, хоць мы не ўсведамляем, што нацыянальная культура ўсё ж такі зафіксавалася ў нашых стравах. Цвёрдыя сыры, зразумела, мы так і не навучыліся рабіць, але іншаземцы ў захапленні ад нашых мяккіх сыроў, тварагу, смятаны.

Да фальклору трэба аднесці таксама стэрэатыпы паводзін, сацыяльна-культурную камунікацыю. Напрыклад, у нас прынята, каб было чыста. Як толькі дзяржаўныя інстытуты штурхнулі народ у гэты бок, той імгненна падхапіў.

Жанчыны ў нас адыгрываюць вельмі значную ролю, якой не маюць ні ў Еўропе, ні на Усходзе. Па сутнасці, яны вырашаюць усё. У нас не прынята падаваць руку жанчынам, апошнім часам і ў Амерыцы падаць дзяўчыне руку, калі яна выходзіць з аўтобуса, — значыць абразіць яе, маўляў, «я што, не магу выйсці з аўтобуса?»

Недзе змагаюцца за фемінізм, а ў нас ён ужо гадоў пяцьсот жыве.

Толькі гэтага ніхто не адчувае, тым больш не перадае свету, каб той загаварыў: ужо пяцьсот гадоў народ у Еўропе жыве ў актыўным фемінізме!

Само паняцце «фолк» змяняецца і таксама прыпадае на розныя сферы жыцця. Веларух — гэта сучасны гарадскі фальклор. Нацыянальная харэаграфія, літаратурная традыцыя, лад жыцця (як ложак стаіць, якія шпалеры, дываны) і іншае. Габелены! Мы ўсяму свету павінны прапанаваць моду на габеленавыя вырабы. Будуць сядзець людзі ў Іспаніі, піць французскае віно, есці партугальскія аліўкі і галандскі сыр, а на сцяне — беларускі габелен.

— Параўнайце ўспрыманне беларускага фолку замежным слухачом і беларускім.

— Замежнаму слухачу лягчэй успрымаць наш фальклор і атрымліваць асалоду, бо ён прызвычаіўся да ўзораў рознай музыкі, прычым самай якаснай і на самых лепшых шоу. Нашы людзі рэагуюць ледзь не на генетычным ўзроўні: я бачу, што іх раздражняе беларускі фальклор, але і чапляе.

Хто чуў толькі музыку сібірскіх вязняў, ці, як гэта сказаць, наднацыянальны савецкі блатны шансон, зроблены на цыганскай і яўрэйскай гармоніях пачатку XX стагоддзя, фальклор успрымае, вядома ж, цяжэй.

— «Палац», як і шматлікія беларускія гурты, з'яўляецца сам сабе прадзюсарам. Як гэтая тэндэнцыя адбіваецца на нашай музыцы?

— Беларуская музыка практычна не інтэграваная ў сусветную музычную індустрыю (таму не ўплывае на музыку нават суседзяў). Гэта азначае не толькі нізкія заробкі, але і местачковасць, саматужнасць, аматарства. Я сто-пяцьсот разоў чуў аматараў, якія дадуць фору прафесіяналу, але тут я маю на ўвазе яшчэ і фінансаванне. Для мяне гэтая праблема востра не стаіць: у беларускіх музыкаў добрая якасць, добрыя думкі, што на карысць грамадству. Гэтаму можна прысвяціць жыццё. А тое, што гэта не дае фінансаў, — час такі. Часта музыкі, не толькі ў фолку, працуюць на энтузіязме.

— Дзе тусоўка беларускіх фолк-музыкаў? Дзе іх можна пачуць?

— Найважнейшай з'явай для нас з'яўляюцца фестывалі, тая ж доўгачаканая «Камяніца». Але іх павінны быць сотні, у кожным мястэчку, якое жадае развіцця інфраструктуры, бо фальклорныя імпрэзы прыцягваюць даволі шырокую публіку. А фолк-тусоўка — яна паўсюль, бо не цэнтралізаваная, не аб'яднаная. Багата людзей працуюць па сваіх куточках, і дзякуючы гэтаму мы адчуваем сябе больш вольнымі ў творчасці.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота з архіва Алега Хаменкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?