Вы тут

Пінгвіны сталі бліжэйшыя


Беларусь атрымала ключавы статус для асваення Антарктыкі.

У апошнія дні жніўня ў нарвежскім горадзе Трамсё адбылося чарговае пасяджэнне Савета кіруючых нацыянальных антарктычных праграм (COMNAP), на якім разглядалася пытанне аб уваходжанні Беларусі ў склад пастаянных членаў гэтай арганізацыі. Удзел у мерапрыемстве ўзяў і прадстаўнік Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнік беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей ГАЙДАШОЎ, які прадставіў інфармацыю аб дзейнасці нашай краіны на кантыненце.

Усе 29 дзяржаў, якія ўжо з'яўляюцца пастаяннымі членамі COMNAP, прагаласавалі за наданне Беларусі такога ж статусу. Такім чынам, мы сталі трыццатай краінай, што ўваходзіць у самую ўплывовую арганізацыю ў сістэме Дагавора аб Антарктыцы.

Новы статус адкрые перад беларускімі палярнікамі новыя магчымасці. У першую чаргу размова ідзе пра ўдзел у абмеркаванні будучай навуковай і практычнай дзейнасці на ледзяным кантыненце. Акрамя гэтага, Беларусь зможа карыстацца агульнымі транспартнымі і лагістычнымі схемамі краін — удзельніц Дагавора аб Антарктыцы і, адпаведна, рэалізоўваць больш маштабныя навуковыя і тэхнічныя праекты. Варта таксама заўважыць, што пастаяннае членства ў COMNAP з'яўляецца вырашальным фактарам для наступнага кроку ў асваенні краінай Антарктыкі — атрымання статусу Кансультатыўнага боку Дагавора аб Антарктыцы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.