Вы тут

Газета ў бой вяла і клікала: «Уперад!»


Беларускі друк перыяду Вялікай Айчыннай вайны — значная сіла народа ў барацьбе з акупантамі. Публіцыстычная спадчына журналістаў і пісьменнікаў, якія штодзённа рызыкавалі сваім жыццём, з'яўляецца сапраўды гераічнай старонкай у гісторыі змагання беларускага народа з фашызмам. Беларусь, як вядома, адна з першых прыняла на сябе ўдары захопнікаў. Важную ролю ў арганізацыі супрацьстаяння ворагу адыграў перыядычны друк.

[caption id="attachment_99183" align="alignnone" width="600"]6_1 Газета «Уперад» (5 мая 1944 г.) Дзень друку.[/caption]

Зброяй супраць гітлераўцаў было і вострае слова, якое прыраўноўвалася да штыка, якім пісьменнікі, журналісты, аўтары з франтоў і партызанскіх атрадаў па-майстэрску змагаліся. Вядомыя словы Уладзіміра Маякоўскага «я хачу, каб да штыка прыраўнялі пяро» ў гады ваеннага ліхалецця перасталі быць метафарай.

У гарадах Беларусі было шмат партызанскіх атрадаў, у якіх выпускаліся лістоўкі, рукапісныя газеты... Тычыцца гэта і горада Ліды.

18 верасня 1939 года Чырвоная Армія заняла Ліду. Пачалася Другая сусветная вайна. Друкарні былі нацыяналізаваны, перасталі выходзіць газеты. І ўжо праз 13 дзён, 30 верасня 1939 года, выйшаў першы нумар газеты «Уперад», якая заклікала народ паўстаць супраць ворага, ні кроку адступлення. Газета «Уперад» была органам часовага кіравання горада Ліды і Лідскага павета, а потым стала органам гарадскога і раённага камітэта
КП(б)Б. У той час, як выйшаў першы нумар, рэдактарам быў Б.Э. Абрамзон (да красавіка 1940 года, загінуў у 1942-м у Сталінградзе), а пазней ім былі Швантэйн і Капулкін, Куліненка. Але ж, на жаль, першыя нумары не захаваліся. У бібліятэцы імя Леніна ў Маскве архіўная падшыўка газеты «Уперад» пачынаецца з №12 за 2 лістапада 1939 года.

Той час быў бурным, бо ўстанаўлівалася новая, савецкая, улада на былых заходніх крэсах. Газета і тады змагла выстаяць. Аб гэтым гаворыць адзін факт. Рэспубліканская газета «Звязда» ў №275 за 29 лістапада 1939 года ў рубрыцы «Бальшавіцкі друк заходніх абласцей БССР у барацьбе за новае жыццё» пад загалоўкам «Глыбей асвятляць новае жыццё» пісала: «Перад намі два калектывы газет: лідскай «Уперад» (рэдактар таварыш Абрамзон) і маладзечанскай «Чырвоны сцяг» (рэдактар таварыш Багданаў). Па фармаце яны аднолькавыя, поле дзейнасці іх таксама аднолькавае, але розніца паміж імі вялікая... Газета «Уперад» — жывая, цікавая. На яе старонках можна бачыць імёны дзясяткаў мясцовых аўтараў, якія пішуць па розных хвалюючых пытаннях. У газеце адлюстроўваецца кіпучае жыццё, якім жыве горад Ліда з яго дваццацітысячным насельніцтвам». Гэта была высокая ацэнка лідскай газеты. Яна давала натхненне творчым супрацоўнікам рэдакцыі і пазаштатным карэспандэнтам, узнімала іх настрой. У рэдакцыі ў той час працавалі паэты Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Якуб Міско.

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захаваліся ўспаміны шафёра даваеннай рэдакцыі газеты «Уперад» Георгія Віннічка. Вось што ён занатаваў:

«...Першым рэдактарам Лідскай газеты «Уперад» быў Абрамзон, пасля яго — Капулкін. Капулкін да рэдакцыі працаваў у райвыканкаме, а пасля стаў рэдактарам. Абрамзон некуды выехаў. Капулкін працаваў месяцы 3-4. Потым прыслалі новага рэдактара — Куліненку. Яго жонка пачала працаваць у райвыканкаме. Першымі работнікамі рэдакцыі былі: Б. Э. Абрамзон, сакратар Леўкавец, журналіст Петрачкоў і я шафёрам. Потым прыслалі Таўлая, Разанава (з Вільні), Ніну Тарас і ў 1941 г. — Міско. Рэдакцыя размяшчалася на цяперашняй вуліцы Савецкай, супраць камбіната харчовых канцэнтратаў. Метраў на 100 вышэй (на поўнач) была друкарня.

У друкарні ў асноўным працавалі яўрэі, яны загінулі ў вайну. Спачатку ўсе работнікі размяшчаліся разам з Часовым упраўленнем у будынку Староства, на месцы цяперашняй школы №8 (на 1967 год). Па першым часе, калі яшчэ размяшчаліся ў Старостве, мы ездзілі па раёне і агітавалі. Вазілі з сабой улёткі, цэнтральныя газеты. Дзе друкаваліся ўлёткі, я не ведаю».

[caption id="attachment_99182" align="alignnone" width="600"]6_3 Драгун Юльян Баляслававіч — галоўны рэдактар газеты «Уперад» (1969-1989).[/caption]

У пятніцу, 20 чэрвеня 1941 года, выйшаў апошні перадваенны нумар газеты з перадавым артыкулам «Мацаваць абаронную работу». На жаль, мацаваць было позна. У першыя дні вайны нямецкія самалёты ўжо бамбілі наш горад, а праз некаторы час наогул акупіравалі яго. Газета прыпыніла свой выхад. Яна і насельніцтва прыціхлі пад цяжарам навалы.

1 чэрвеня 1943 года газету абудзіў партызанскі рух. Свая, знаёмая газета «Уперад» пачала выходзіць на лістках з вучнёўскага сшытка, на абгортачнай паперы. Друкаваная вестка паляцела да мясцовых чытачоў аб поспехах савецкіх войск на франтах, подзвігах партызан, аб мацнеючых сувязях паміж імі і насельніцтвам, пра абарону мірных жыхароў ад рабавання і згону ў фашысцкую няволю. Газета стала падпольнай. Яшчэ гучней яна заяўляла на сваіх старонках: «Біце ворага! Знішчайце фашысцкае логава!»

Захопнікі прыраўноўвалі моц друкаванага слова да выбуху авіяцыйнай бомбы. Гітлераўцы абяцалі вялікую ўзнагароду за раскрыццё месца дыслакацыі партызанскай друкарні. У той час на працягу двух месяцаў рэдактарам быў партызан атрада імя А. Неўскага, даваенны журналіст Герасім Коган, а пасля яго гібелі быў прызначаны даваенны педагог, партызан атрада імя Чкалава Юльян Драгун. Менавіта ён у 1959 годзе перадаў у лідскі краязнаўчы музей адзін з першых нумароў газеты «Уперад» ад 1 ліпеня 1943 года. У той час музей толькі адкрыўся, і гэты, і яшчэ чатыры нумары газеты-партызанкі, лістоўкі за 1944 год сталі кропкай адліку экспанатаў фонду гісторыка-мастацкага музея.

Спачатку газета выпускалася на базе Баранавіцкага падпольнага абкама партыі, потым каля вёскі Поташня ў Налібоцкай пушчы, дзе размяшчаўся Лідскі міжрайпартцэнтр. Там была створана свая друкарня. Дарэчы, ёй карысталіся таксама падпольныя органы Юрацішкаўскага, Іўеўскага, Любчанскага і Навагрудскага райкамаў КПБ. Набіралася, друкавалася і тыражавалася газета ўручную ў партызанскіх зямлянках. Фармат — стандартны ліст пісчай паперы, сшыткавыя лісты ў клетку і касую лінейку, абгортачная папера. Актыўнай была дапамога падпольшчыкаў. Па сведчанні кіраўніка міжрайпартцэнтра Яфіма Гапеева, праз лідскага падпольшчыка Сароку, яго дачку Ганну і сына Мікалая партызаны атрымлівалі з Ліды паперу, фарбу і нават шрыфты. Дапамагалі і мінскія таварышы.

[caption id="attachment_99184" align="alignnone" width="600"]6_2 Раздача газеты «Уперад» у Лідзе ў 1939 годзе (вугал вул. Сувальскай (Савецкай) i 3 Мая (Ленiнскай).[/caption]

Адзін цікавы факт, які захаваўся з успамінаў былога сакратара Навагрудскага райкама камсамола Рыгора Фамічова, які пазней узначальваў Лідскую гарадскую партарганізацыю, а потым быў старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Вось што ён узгадваў:

«Аднойчы цэлую ноч мы прасядзелі з рэдактарам газеты «Уперад» Юльянам Драгуном над тэкстам звароту да моладзі Навагрудскага раёна. Той жа ноччу зварот надрукавалі ў падпольнай друкарні, а раніцай сувязныя аднеслі ў Навагрудак і расклеілі па горадзе. Наша мэта заключалася ў тым, каб не дапусціць угону моладзі ў нямецкае рабства, каб юнакі і дзяўчаты папаўнялі шэрагі партызан».

Да 8 ліпеня — дня вызвалення Ліды — было выпушчана 52 нумары газеты агульным тыражом 26 тысяч экзэмпляраў. Летам 1944 года ў Прынёманне прыйшло доўгачаканае вызваленне. І на змену пушчанскай «партызанцы» ў Лідзе пачала выходзіць легальная газета «Уперад» на дзвюх палосах. Да канца вайны ў ёй галоўным чынам друкаваліся загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, аператыўныя зводкі з франтоў. Рэдагаваў газету Юльян Драгун. Час быў нялёгкі: ішло аднаўленне разбуранай гаспадаркі, адкрываліся школы і хаты-чытальні, разгортвалася калектывізацыя, у раёне пралівалася кроў — дзейнічалі тыя, хто выступаў супраць улады Саветаў.

Гарадскія прадпрыемствы паступова пачалі адбудоўвацца. Адрадзіўся камбінат харчовых канцэнтратаў, завод сельскагаспадарчага машынабудавання, мясакамбінат, млынзавод. Жыццём горада жыла і газета. Раёнка некалькі разоў мяняла назву: у 1962 годзе «Уперад» была перайменавана ў «Сцяг Працы», у 1966 годзе вярнулася яе назва — «Уперад», а напрыканцы 1991 года выданне атрымала назву «Лідская газета». Мяняліся і рэдактары газеты. 30 верасня 2014 года «Лідская газета» адзначыла сваё 75-годдзе.

* * *

У літаратурным аддзеле Лідскага гісторыка-мастацкага музея да 70-годдзя Вялікай Перамогі ў выставачным пакоі «Вайны свяшчэнныя старонкі» праходзіць агляд калекцыі друкаваных выданняў часоў Вялікай Айчыннай вайны пад назвай «І слова клікала ў бой...». Газеты «Уперад», «Чырвоная Звязда», улёткі, якія калісьці былі перададзены яшчэ пры жыцці Юльянам Драгуном, а таксама Аляксандрам Жалкоўскім (а пасля смерці — жонкай Валянцінай Іосіфаўнай), і сталі асновай экспазіцыі. Частка нямецкіх выданняў («Беларуская газета», «За праўду», «За Родину», «Bаrаnаvісkаjа Hаzеtа» і інш.) была перададзена ў фонд музея і Нонай Якаўлевай — дачкой камандзіра лідскага партызанскага злучэння Яфіма Гапеева. У тым, што ў Жалкоўскага захоўвалася запаветная папка з газетамі ад Драгуна, аднойчы прызнаўся ён сам на старонках лідскай раёнкі: «...Запомнілася мне апошняя гутарка з колішнім рэдактарам. У пачатку 1970-х гадоў у маім кабінеце ў газеце «Уперад» раздаўся міжгародні званок: тэлефанаваў Юльян Баляслававіч. Ён прапанаваў мне са свайго архіва папку падпольных газет і лістовак, што выдаваліся ў Лідскім партызанскім злучэнні. Па дамоўленасці ветэран вайны і працы (ён быў пенсіянерам) занёс тую папку ў рэдакцыю абласной газеты, дзе пазней і атрымаў я неацэнны дарунак. Пазней у ролі дарыцеля давялося быць мне: газеты і лістоўкі спрэзентаваў музеям Гродна і Мінска, Ліды, Навагрудка і Карэліч, Іўеўскім краязнаўцам. Хай захаваецца творчасць партызанскіх журналістаў і друкароў для нашчадкаў.

Частка друкаванай прадукцыі захоўваецца ў запаветнай папцы. Калі адкрываю яе, з захапленнем учытваюся ў хроніку гадоў, што адышлі ў гісторыю. З пажоўклых старонак паўстаюць баявыя аперацыі партызан, іх мірная акцыя па дапамозе сялянам правесці веснавую сяўбу 1944 года, хвалюючыя дні вызвалення Лідчыны, аднаўленчыя работы ў горадзе і раёне...».

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

(Аўтар выказвае ўдзячнасць часопісу «Лідскі летапісец», старшаму навуковаму супрацоўніку музея Валерыю Сліўкіну, жонцы рэдактара газеты «Уперад» Валянціне Жалкоўскай, лідскаму пісьменніку Уладзіміру Васько за выкарыстаныя да публікацыі матэрыялы.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».