Вы тут

5 кінавобразаў Міхаіла Свеціна


30 жніўня пайшоў з жыцця вядомы акцёр тэатра і кіно, народны артыст РФ Міхаіл Свецін. За 84 гады жыцця Міхаіл Свецін сыграў больш за 120 роляў у кінастужках, пераважна камедыйных, а таксама ў пастаноўках Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага тэатра камедыі, дзе служыў шмат гадоў. Пералічыць іх усе можна хіба ў асобнай кнізе, таму ўзгадаем толькі некаторыя з яркіх і найбольш любімых гледачамі вобразаў «караля эпізодаў», які ўмеў паказаць непаўторную глыбіню кожнага са сваіх герояў...

16

«Безыменная зорка»

Сыграная ў гэтай двухсерыйнай меладраме роля начальніка вакзала спадара Іспаса, як прызнаваўся сам Свецін, стала для яго самай любімай: «Я ўбачыў у ёй трагікамічную існасць маленькага чалавека». Вобраз атрымаўся запамінальны: такі сабе недалёкі хітраваты падабцаснік, для якога галоўныя ўражанні ў жыцці — раздушаная цягніком качка («Ёсць качка з капустай, цудоўная качка, яе ўчора раздавіў таварны»), раўнівая жонка і чароўная незнаёмка, якая раптоўна сышла з цягніка, што ніколі не спыняўся на гэтай станцыі...

«Не можа быць!»

У першай навеле кінакамедыі, знятай паводле твораў Міхаіла Зошчанкі, акцёр бліскуча ўвасобіў вобраз сквапнага Віталя Барысавіча — суседа загадчыка крамы Гарбушкіна. Калі таго аднойчы выклікалі ў пракуратуру, сусед тут жа з'яўляецца і скупляе за бесцань ягоныя рэчы, а таксама цішком крадзе будзільнік і «літасціва пагаджаецца», калі спатрэбіцца, ажаніцца з жонкай Гарбушкіна: «Ну, калі развесціся, то я, мабыць, жанюся».

«Чараўнікі»

Далёка не самы смелы і не самы дужы, але затое добры і гатовы прыйсці на дапамогу — такім у выкананні Свеціна атрымаўся герой навагодняга мюзікла, супрацоўнік лабараторыі НУІНУ Фама Брыль, які на пару з сябрам, чараўніком Каўровым (Эмануіл Вітарган), насуперак волі дырэктаркі дапамагае выратаваць каханне і шчасце галоўных герояў. «Зусім нечакана «Чараўнікі» сталі народным кіно, класікай, — узгадваў Свецін у адным з інтэрв'ю. — Дзякуючы гэтаму фільму мяне ведаюць усе, нават дзеці. Цяпер літаральна кожны гаворыць мне: «Галоўнае, каб касцюмчык сядзеў!»

«Чалавек з бульвара Капуцынаў»

У кінакамедыі пра трыумф кінематографа ў адным асобна ўзятым гарадку на Дзікім Захадзе Свецін пераўтварыўся ў мясцовага аптэкара — даволі з'едлівага філосафа-назіральніка, які, размаўляючы нібыта выключна з любімым папугаем, адпускае сентэнцыі кшталту: «Я думаю так, Пэпі: калі жанчына штосьці просіць, ёй трэба абавязкова даць. Інакш яна возьме гэта сама!»

«12 крэслаў»

У чатырохсерыйным фільме Марка Захарава акцёр сыграў інжынера Брунса — гаспадара крэслаў, на якія з упартасцю маньяка паляваў айцец Фёдар. У адрозненне ад Брунса Уладзіміра Этуша ў папярэдняй кінастужцы Леаніда Гайдая, Брунс Свеціна атрымаўся больш мітуслівым, але такім жа ахвочым да грошай і іншых радасцяў жыцця: «Мусік, ці гатовы гусік?»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».