Вы тут

Пераможны верасень


70 гадоў таму скончылася Другая сусветная вайна

Цікавы час -- канец жніўня-пачатак верасня, калі лета пераходзіць у восень. А хлопчыкі і дзяўчынкі, што яшчэ некалькі дзён таму насіліся па двары, цяпер прыцішаныя і ўрачыстыя з букетамі кветак разам з бацькамі крочаць на “лінейкі”. Іх больш дарослыя “калегі” збіраюцца каля ўніверсітэтаў і каледжаў --  робяць вельмі важны крок у сваім жыцці. 

1

Гэта заўсёдная плынь часу, што паўтараецца з года ў год. Але сёлета яна мае яшчэ адну вялікую адметнасць – 70 год таму скончылася Другая сусветная вайна.  Цырымоніяй падпісання Акта пра капітуляцыю мілітарысцкай Японіі ў вайне ва Усходняй Азіі і на Ціхім акіяне адбылася 2 верасня 1945 года на борце амерыканскага лінкара “Місуры”. Ад імя саюзных дзяржаў Акт падпісаў амерыканскі генерал Макартур; ад імя асобных краін – генерал-лейтэнант Дзеравянка (СССР), адмірал Німіц (ЗША), генерал Су Юнчан (Кітай), адмірал Фрэйзер (Вялікабрытанія), генерал Блэймі (Аўстралія), палкоўнік Мур-Косгрэйв (Канада), генерал Леклер (Францыя), адмірал Хелфрыг (Нідэрланды) і віцэ-маршал авіяцыі Ісіт (Новая Зеландыя). Ад імя імператара, японскага ўрада і імператарскай стаўкі свае подпісы паставілі міністр замежных спраў Сігэміцу і начальнік Генеральнага штаба японскага войска Умэдзу. Японія цалкам прыняла ўмовы Патсдамскай дэкларацыі ад 26 ліпеня 1945 года да якой 8 жніўня далучыўся Савецкі Саюз. Яна неадкладна спыняла вайсковыя дзеянні, усе японскія ўзброеныя сілы (а таксама тыя, што знаходзіліся пад кантролем Японіі) безумоўна капітулявалі. Ураду і Генштабу загадвалася неадкладна вызваліць саюзных ваеннапалонных і інтэрнаваных грамадзянскіх асоб. Усе японскія грамадзянскія, вайсковыя і марскія афіцыйныя асобы абавязваліся падпарадкоўвацца Вярхоўнаму камандаванню саюзных дзяржаў і выконваць яго загады і ўказанні. Падсправаздачнай яму рабілася таксама дзейнасць імператара і ўрада Японіі па кіраванні дзяржавай. Вярхоўны камандуючы саюзных дзяржаў надзяляўся правам «распачынаць такія крокі, якія ён будзе лічыць патрэбным для ажыццяўлення… умоў капітуляцыі».

Цана, якую заплаціла чалавецтва за агрэсію нацысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі, проста не ўкладваецца ў галаве. Агульны лік людскіх ахвяр у свеце склаў каля 60 млн. чалавек, у тым ліку: СССР – 26,6 млн. чалавек, Германіі –13,4 млн., Польшчы – 6 млн., Кітая – 5 млн. (увогуле гэтая краіна разам з кітайска-японскай вайной страціла 35 млн. чалавек), Японіі – 2,5 млн., Югаславіі – 1,7 млн., Францыі – 600 тыс., ЗША – 400 тыс., Вялікабрытаніі – 370 тыс. Без гэтай ахвяры, прынесенай на алтар перамогі, свет чакала б страшная будучыня. Перабудову свету сілы фашызму адразу ж павялі, абапіраючыся на ідэю прывілеяванага становішча «нардычных народаў», перш за ўсё немцаў. Усім астатнім была прыгатавана роля зняволеных, жорсткая эксплуатацыя ці нават фізічнае знішчэнне.

У першую чаргу гэта адносілася да народаў Савецкага Саюзу. Іх лёс быў вызначаны генеральным планам «Ост», распрацаваным па ўказанні рэйхсфюрара СС Гімлера і прынятым да выканання ўжо ўвосень 1941-га.  У адпаведнасці з ім меркавалася перасяленне і знішчэнне не менш 70% насельніцтва еўрапейскай часткі СССР. Перамогі Чырвонай арміі пад Масквой, а потым пад Сталінградам перакрэслілі намаганні нацысцкіх планавальнікаў. Але на практыцы ўсталяванне гітлераўскага «новага парадку» працягвалася і далей --  падчас фашысцкай акупацыі загінулі больш чым 13,6 мільёна савецкіх грамадзян.

Народы Заходняй Еўропы таксама чакала зусім не ідылія. Як вынікае з загаду галоўнакамандуючага сухапутнымі сіламі вермахта генерал-фельдмаршала Браўхыча ад 9 верасня 1940 года, пасля заваявання Брытанскіх астравоў усё мужчынскае насельніцтва падлягала дэпартацыі за Ла-Манш. Загадзя былі падрыхтаваны спісы тых,  каго было трэба знішчыць, – члены парламента, дзеячы навукі і культуры, святары. Каля буйных гарадоў меркавалася будаўніцтва канцлагераў.

Паколькі Берлін у саюзе з Токіа збіраўся скарыць і падзяліць увесь свет, то адпаведныя планы распрацоўваліся і ў дачыненні да Амерыканскага кантынента. Заснавальнік германскай школы геапалітыкі  Хаўсхофер, натхнёны першымі поспехамі вермахта ў вайне супраць СССР, прадставіў Гітлеру падрабязны даклад, у якім гаварылася пра перспектывы стварэння ў Паўднёвай Амерыцы «Новай Германіі» ў складзе Уругвая, Парагвая, Перу, Чылі, Аргенціны, Балівіі, часткі Бразіліі. ЗША меркавалася падзяліць, каб «мець справа… з разрозненымі абласцямі, пераўтворанымі ў асобныя краіны».

Калі знаёмішся з гэтымі фактамі, параўнанне фашызму з чумой напрошваецца само сабою. Ніводзін фантастычны раман не ў стане перадаць тое, у што ператварыўся б свет, апыніся ён пад уладай нацызму. Вызваленне чалавецтва ад яго пагрозы, бясспрэчна, з'яўляецца галоўнай ваенна-палітычнай падзеяй ХХ стагоддзя. Знішчэнне германскага нацызму і японскага мілітарызму стала магчымым толькі дзякуючы супольнаму змаганню, якое вялі краіны антыгітлераўскай кааліцыі на чале з галоўнай сілай --  Савецкім Саюзам.

3

Пра гэта нельга забываць --  варта перадаваць памяць пра подзвіг нашых продкаў з пакалення ў пакаленне. Сёлетні пераможны верасень цудоўная падстава ўзгадаць падзеі 70-гадовай даўніны. Бо ў кожнай сям’і --  свае героі. Я, да прыкладу, расказваю сваім дзецям пра іх прадзядулю Захара Кандрацьевіча Бурака. Старшына роты мінамётчыкаў, ён прайшоў Халхін-Гол, фінскую вайну, а падчас Вялікай Айчыннай ад Крыма дайшоў з баямі да Кёнігсберга. На жаль, Захара Кандрацьевіча ўжо больш дваццаці гадоў няма на зямлі --  ён памёр 2 сакавіка 1994-га...

І яшчэ пра пачатак восені. 1 верасня майму Захару Кандрацьевічу споўнілася б 99 гадоў --  з’явіўся на свет яшчэ да Вялікай Кастрычніцкай --  у 1916-м. Дзед усё жыццё сустракаў свой дзень нараджэння на школьнай “лінейцы”, паколькі ўсё жыццё адпрацаваў настаўнікам пачатковых класаў. Змяніў баявы мінамёт на мірны мел. З днём нараджэння, Захар Кандрацьевіч! Дзякуй за Перамогу!

Мікалай ЛІТВІНАЎ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.