Вы тут

Дзень як твор


І як твар культуры Беларусі, у якім адлюстравана шмат эпох.

Ёсць святы і святы... Ёсць асабістыя і сямейныя. Ёсць прыватныя і грамадскія. Гістарычныя, рэлігійныя, чалавечыя — для памяці і для радасці. Значныя і важныя. І ёсць адзін Дзень восені, які можа быць для ўсіх і для кожнага паасобку, які можа натхняць на ўспаміны і ўсё адно звернуты на адчуванне дня сённяшняга. Які створаны дзеля таго, каб кожны жыхар Беларусі разумеў, што ёсць нешта такое, што робіць нас грамадствам.

Гэта адчуванне нейкай культурнай традыцыі, якая мела вельмі істотны ўплыў як на краіну, так на ўсіх і кожнага. Дзень беларускага пісьменства — гэта ўжо таксама традыцыя: ёй больш за 20 гадоў. Да кожнага свята прыходзіць па-свойму. Для некага — з першай кнігай, якую чытае бабуля ці мама. Хтосьці пачынае яго адчуваць, калі аднойчы зразумее, што самотны можа быць не адзінокім: ёсць суразмоўцы, душа якіх гаворыць з табой на адлегласці часоў (яны жылі даўно) ці прастор (далёка), праз іх творы, напрыклад. Таму што гэтая душа заключаная ў словы і яе жывая энергія можа напаўняць сэнсам прастору і цяпер. Гэтыя маленькія значкі, якія называюцца літарамі, валодаюць такой магутнай сілай, у якой раствораны ўсе законы сусвету ад самага першага: энергія сапраўды не знікае. Яна пераходзіць не толькі з адной формы ў другую, яна можа перадавацца ад аднаго пакалення ўсім наступным, і нават праз пакаленні не страціцца, а будзе шукаць шчыліну, праз якую аднойчы выбухне.

Дзень беларускага пісьменства — гэта вось такі выбух энергіі многіх пакаленняў, якія прайшлі і сышлі. Але не ў нябыт, таму што шмат стваралі і былі асобы, якія імкнуліся гэта зафіксаваць, адлюстраваць і захаваць. А цяпер мы іх узгадваем і разумеем, адкуль жа браць сілы, каб жыць (калі гэта бывае няпроста) і ствараць (калі, здаецца, немагчыма). Свята пакажа, яно было задумана дзеля арыентацыі ў прасторы і часу, каб мы не забыліся, хто такія, і хто за намі. Гэта будзе адзначана ва ўрачыстых мерапрыемствах, запланаваных у Шчучыне. Прынамсі, аўтар сцэнарыя цырымоніі адкрыцця свята пісьменства, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак тлумачыць:

— Мы імкнуліся адлюстраваць дзве важныя для беларускага грамадства тэмы: 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Год моладзі, які праходзіць у краіне. Таму на галоўнай сцэне падчас урачыстага адкрыцця можна будзе ўбачыць партызанскі станок....

— О, гэта ж літаральная адсылка да рэальнага жыцця: у вайну ў такіх умовах друкавалі «Звязду», і за гэта аддаў жыццё рэдактар падпольнай газеты Уладзімір Амельянюк, які быў зусім малады чалавек...

— Мы і хацелі зрабіць акцэнт на сувязі пакаленняў. Паколькі свята культурнае, то сувязь пакаленняў увасабляюць і партызанскі станок, партызаны, якія друкуюць лістоўкі і гавораць пра літаратуру. Пра грамадзянскую, у тым ліку і ваенную беларускую паэзію — гэта Цётка, гэта Купала. А потым адбываецца пераход у дзень сённяшні: ідзе спектакль у спектаклі, калі маладыя людзі рыхтуюцца да пастаноўкі, у якой будуць гучаць вершы беларускіх паэтаў-класікаў ад Купалы і да сённяшніх маладых. Бо гэтыя вершы — і Купалы, і Коласа, і Багдановіча, — створаны, калі іх аўтары былі зусім маладымі — 20, 22, 23 гады. А потым тыя ж маладыя людзі чытаюць вершы сваіх равеснікаў. У гэтых вершах шмат агульнага, таму што тыя ж тэмы, той жа народ, тыя ж жаданні і памкненні. Так, крыху мова адрозніваецца. Сучасная літаратурная мова адрозніваецца ад той, на якой пісалі Купала і Колас. Але тэмы засталіся — літаратура вечная. Словы вечныя. Традыцыі вечныя. Пошукі таксама. Таму што маладыя шукаюць новыя напрамкі, новыя формы. Але мы бачым, што і ў свае 22 гады маладыя паэты, якія сталі класікамі, таксама шукалі новыя формы, эксперыментавалі. Нейкія эксперыменты сталі потым добрай традыцыяй у літаратуры, а нешта так і засталося толькі гісторыяй літаратурнай.

— Але ёсць яшчэ і сувязь унутры пакалення: напрыклад, маладыя літаратары і маладыя чытачы. Бо Дзень пісьменства мае падвоеную накіраванасць: на тых, хто стварае, і тых, хто потым будзе гэта чытаць. Ці дапамагае свята злучыць тых, хто піша, з тымі, хто чытае?

— Прынамсі ў мяне такое жаданне ёсць, не толькі як у аўтара сцэнарыя адкрыцця Дня пісьменства. Гэта задача маёй працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»: каб нашы літаратурныя пакаленні былі адно да аднаго бліжэй, і да чытача таксама. Да Дня беларускага пісьменства «Мастацкая літаратура» выдала кніжку маладых паэтаў і празаікаў, там усяго 45 сучасных аўтараў. Думаю, што для многіх некаторыя імёны будуць адкрыццямі. Таму што сёння шмат выданняў, маладым лягчэй надрукавацца, чым гэта было ў 80-я гады, калі я прыходзіў у літаратуру. Тады ў чарзе ў выдавецтве на першую кніжку паэта трэба было стаяць па 3-4 гады. Сёння мы самі тэлефанавалі многім аўтарам, якіх адкрывалі для сябе праз «Маладосць», «ЛіМ», «Нёман», «Полымя». Калі нам вершы ці проза падабаліся, то запрашалі паўдзельнічаць у зборніку. Мне здаецца, для многіх старэйшых пісьменнікаў, калі яны возьмуць у рукі гэтую кніжку, будуць адкрыццямі цікавыя творцы. Чаму я так думаю? На жаль, сёння не так часта, як хацелася б, старэйшыя калегі пішуць пра маладых рэцэнзіі. Тое, што трэба было б пераняць з савецкага часу — увагу старэйшых да маладых і павагу маладых да старэйшых.

— Але і для першых, і для другіх важны чытач. Вы шмат гадоў удзельнічаеце ў Днях беларускага пісьменства як літаратар. Ці ёсць у вас адчуванне, што гэтае свята дапамагае людзям пазнаваць беларускае слова?

— Калі мы гаворым пра тое, што сёння менш чытаюць і любяць літаратуру, то гэта тычыцца больш знешніх фактараў: у людзей цяпер мала часу, яны больш занятыя, існуюць у імклівым тэмпе. Але калі гаварыць пра душу, то яна такая ж паэтычная, якая была ў пакаленняў ХХ стагоддзя. Калі гаварыць пра класіку, пра сур'ёзную прозу — вядома, ёсць чытачы. У душы яны засталіся такімі. І якраз гэтыя святы душу агаляюць. Для мяне самы вялікі паказчык (нягледзячы на тое, што людзі чытаюць менш) — стаўленне да самой кнігі. Калі да кнігі будуць ставіцца абыякава, калечыць яе — тады гэта будзе катастрофа. Пакуль жа я назіраю за людзьмі, якія прыходзяць у кнігарню, і мяне яны радуюць. У кнігарні ніхто ніколі не крычыць. Можна зайсці ў хлебную краму — там будуць шумець, гаманіць, размаўляць па мабільніку. У кнігарні заўсёды вельмі ціха, як і ў бібліятэцы. Гэта паказчык таго, што ёсць павага, адчуванне чагосьці вельмі духоўнага. Гэта застаецца, а значыць, у душы мы ўсё роўна чытачы. Ставімся да кнігі з павагай.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.