Вы тут

Рады вас бачыць!


Аўтографы ад «зорак» — ля стэнда «Звязды».

Месца сустрэчы: горад Шчучын Гродзенскай вобласці. Збор — ля стэнда рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда». Запрашаем на сустрэчу(-ы) усіх нашых шчырых і адданых чытачоў, прыхільнікаў беларускага слова і наогул аматараў чытання. А таксама тых, хто цікавіцца ўсімі праявамі жыцця і неабыякавы, актыўны чалавек. Ці ўсіх простых людзей, сціплых па натуры, але вельмі добрых, спагадлівых, паважлівых да працы іншых. І нават тых, хто хацеў бы прайсці міма, але гэта будзе цяжка зрабіць. Таму што:

Мэта сустрэчы: пазнаёміцца з асобамі, што ствараюць нашы выданні: газеты «Звязда» і «Літаратура і мастацтва», часопісы «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Вожык». Больш даведацца пра кожнае з выданняў, пабачыць, памацаць і нават пагартаць і нешта па магчымасці пачытаць літаральна на месцы (гэта можна нават бясплатна!). Пабачыць журналістаў і літаратараў, якія друкуюцца на старонках газет і часопісаў Выдавецкага дома «Звязда», пазнаёміцца, паразмаўляць, задаць свае пытанні.

Звышмэта: атрымаць аўтограф вядомых беларускіх празаікаў і паэтаў, літаратурных крытыкаў і публіцыстаў. Можа нават пачаць ствараць сваю калекцыю каштоўных аўтографаў беларускіх «зорак» літаратуры — большасць нашых гасцей, чые аўтограф-сесіі запланаваныя, ужо імі з'яўляюцца, а некаторыя імёны, можа быць, у гэтыя дні запаляцца на літаратурным небасхіле.

У нядзелю першым нашым госцем з 12.30 і цэлую гадзіну будзе пісьменнік Анатоль Бутэвіч, які вельмі любіць разгадваць таямніцы гісторыі. За ім прыйдзе паэт Уладзімір Мазго, а яго зменіць паэтка Таццяна Сівец. Тым, каго цікавіць дзіцячая літаратура, трэба звярнуць увагу на сустрэчы з Аленай Мальчэўскай і Генадзем Аўласенкам (ужо пасля 14.00), Кацярынай Хадасевіч-Лісавой (а 16.00). Пра маладую літаратуру Беларусі добра ведае рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Дзянісава (пачне ў 14.30), а адразу пасля яе пра маладую паэзію раскажа (і нават пачытае свае вершы) Яна Явіч. У гэты ж час вельмі дарослыя і сур'ёзныя размовы будуць весці пра жыццё і літаратуру Уладзімір Саламаха і літаратурны крытык Алесь Марціновіч. А вось паэт і празаік Дзмітрый Пятровіч цікавы тым, што звычайна на сустрэчы прыходзіць з гітарай (з 15.30). Парадуюць жыхароў і гасцей свята землякі, у прыватнасці гістарычны пісьменнік Славамір Антановіч (а 16.00), родам са Шчучынскага раёна, пісьменніца з Гродна Ірына Фамянкова і дзіцячы паэт Віктар Кудлачоў. Падсумуе ўсё вопытны паэт і празаік Анатоль Зэкаў (пачатак а 17.00).

Для душы і не толькі: адным з нашых гасцей будзе ўрач Яўген Шмярко (з 13.30 да 14.00). Свята пісьменства — гэта свята ведаў, якія ўспрымаліся як лекі. Традыцыі беларускага народа такія багатыя, што ён добра ведае карысныя ўласцівасці раслін. І нават сучасная медыцына не адмяняе лячэнне травамі, пра што раскажа наш госць і дакажа, што можна лячыць і словам: для гэтага бывае карысна пагаварыць з уважлівым урачом.

А для заспакаення і гаення душы — калі ласка, нашы выданні. Знаёмцеся!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.