Вы тут

«Усё, што зроблена да свята, будзе і ў далейшым на карысць нашым жыхарам»


У Шчучыне шмат зрабілі для таго, каб адпавядаць высокаму статусу сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства. Пры гэтым адноўленыя і новыя аб'екты павінны паслужыць узбагачэнню сацыяльнага, турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, — лічыць Сяргей ЛОЖАЧНІК, старшыня Шчучынскага райвыканкама.

5-42

— Святочныя падзеі і імпрэзы стартавалі ў райцэнтры адкрыццём кнігарні. Што пажадаеце шчучынцам з гэтай нагоды?

— Любіце кнігі, дарыце кнігі, купляйце. Бо гэта найлепшыя інвестыцыі, і кожны рубель, патрачаны на адукацыю, вернецца да вас сто разоў памножаным. Нездарма мы адчынілі кнігарню напярэдадні Дня ведаў. Спадзяёмся, што нашы дзеці будуць частымі гасцямі ў гэтым утульным куточку асветніцтва, які стане не проста крамай, а месцам, дзе сярод кніжных палічак кожны знойдзе адказы на важныя пытанні, узбагаціцца часцінкай вялікага скарбу, што належыць усяму чалавецтву. Дзякуй Міністэрству інфармацыі, нацыянальнаму аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенні свята, ААТ «Белкніга» за тое, што дапамаглі ажыццявіць даўнюю мару шчучынцаў.

— Шчучынскі край мае багатую гісторыка-культурную спадчыну. Што робіцца, каб гэтыя аб'екты не толькі захаваліся, але і атрымалі «другое жыццё»?

— За апошнія гады па аднаўленні архітэктурных помнікаў зроблена нямала. У прыватнасці, ажыццяўляліся рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі былой сядзібы Іваноўскіх у Галавічполі. Удалося спыніць разбурэнне былой рэзідэнцыі князёў Святаполк-Чацвярцінскіх у гарадскім пасёлку Жалудок. Палац атрымаў на аўкцыёне новых уладальнікаў (сям'я з Расіі), якія ўжо адрамантавалі дах і цяпер рыхтуюць праектную дакументацыю для далейшых аднаўленчых работ. У перспектыве там плануюць стварыць музейна-турыстычны комплекс.

І, безумоўна, знакавая падзея для нашага рэгіёна — завяршэнне рэстаўрацыі палаца князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне. У далейшым ён паслужыць музейнай справе, прыёму розных дэлегацый, а галоўнае — нашым выхаванцам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

— Ці паспрыяе падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства турыстычнай прывабнасці Шчучыншчыны?

— Прыкладзём усе намаганні, каб так і было. Ужо распрацавана некалькі маршрутаў, і мы пастараемся зацікавіць імі сваіх гасцей. Зразумела, што ў гэтым нам дапамогуць і тыя аб'екты, што з'явіліся ці адноўлены дзякуючы ганаровай місіі сталіцы беларускага пісьменства. Дарэчы, ідэі ў сферы турызму могуць быць звязаны не толькі з гістарычнымі і прыроднымі славутасцямі рэгіёна, нашымі вядомымі землякамі. Цяпер мы, напрыклад, думаем над тым, каб прэзентаваць турыстам нашы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Кіраўнікі гаспадарак гэтую ідэю падтрымліваюць.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.