Вы тут

«Хвост трубой, капялюш на галаву — і наперад!»


Яна, ці то жартам, ці то ўсур'ёз, называе сябе Бабай Ягой, калекцыянуе дасціпныя тосты, загадкі і, барані Божа, не выйдзе з хаты без капелюша... Усё гэта пра непапраўную аптымістку, нястомную вандроўніцу і стваральніцу ўнікальнага музея Заронаўскага краю Людмілу Нікіціну.

[caption id="attachment_99380" align="alignnone" width="600"]5-29 «Ля­ту­чы агрэ­гат, на якім я збі­раю экс­па­на­ты».[/caption]

Свабоду папугаям!

— У мяне ёсць рэчы, якія вы ні ў адным музеі не знойдзеце, — з парога інтрыгуе Людміла Канстанцінаўна. — Вось, напрыклад, гэтая мухалоўка, падобная да гнязда, дасталася мне ад свекрыві. Яна казала, што ззаду да яе прывязваўся мяшэчак, а само «гняздзечка» палівалі нечым салодзенькім. Я ўвесь свет аб'ехала, але нідзе такога дзіва не бачыла.

А ведаеце, чым яшчэ заронаўскі музей адрозніваецца ад астатніх? Па-першае, тым, што тут ёсць я (смяецца). Каб пазнаёміцца з Нікіцінай, не жартую, людзі едуць у Заронава. Больш за тое, вы, напэўна, заўважылі, што музей — жывы. Захацелі экскурсанты — прымералі адзенне «розных часоў і народаў», салдацкую форму, завялі патэфон, пайгралі на народных інструментах... Да ўсяго можна дакранацца.

Школьнай формы ў мяне вельмі шмат. Я нават на апошні званок яе дзецям выдаю. Жывы ён яшчэ і таму, што сюды прыязджаюць мае выпускнікі (Людміла Канстанцінаўна ўсё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. — Н.Д.). Пішуць курсавыя, даследчыя работы. Дзеці тут частыя госці: прыходзяць, рыхтуюцца да ўрокаў. Яны, як і экспанаты, магнітам да мяне прыцягваюцца (смяецца). Мне з імі цікава. Разам ходзім у экспедыцыі, нядаўна падлічылі буслянкі і буслоў на тэрыторыі сельсавета. Рэкі, крынічкі і азёры таксама даследавалі.

Пасля захапляльнай экскурсіі гаспадыня заварвае духмяную гарбатку, накладае ў сподачак мёду, і мы ўладкоўваемся на ганку музея і размаўляем па душах, як даўнія сяброўкі. (Часам сустракаеш чалавека, і такое адчуванне, што знаёмы з ім сто гадоў. З ліку такіх і Людміла Нікіціна. — Н. Д.).

— Людміла Канстанцінаўна, як вы дайшлі да такога жыцця? — жартую.

— З лёгкай рукі былых дырэктараў саўгаса Валерыя Берманта і школы Аляксандра Гушчанкі, якія 30 гадоў таму вырашылі, што ў Заронаве павінен быць музей. І мяне, маладую «дзяўчонку», кінулі на гэтую справу. І тут, як той казаў, «Астапа панесла». Астап — гэта я (смяецца).

У мяне тут у 7 залах больш за 20 тысяч экспанатаў. У кожнага свой шлях. Па-першае, шмат прывозім з экспедыцый: аддаленыя вёскі мы з дзецьмі ўжо па пяць разоў абышлі. Па-другое, людзі, якія тут хоць раз пабывалі, вяртаюцца ў музей не з пустымі рукамі. Па-трэцяе, у многіх вёсках хаты зносяць. Старшыня сельсавета Раіса Ярошкіна там заўсёды прысутнічае. Вось яна мне звоніць: «Люда, я знайшла «індэзіт» нашых бабуль (я так заву пранік, якім раней жанчыны пралі бялізну). Табе трэба?» Дзеці, якія прайшлі праз мяне, дзе б яны ні былі, ацэньваюць усё музейным вокам. Неяк раз былы вучань прывёз цэлы прычэп экспанатаў: маўляў, выбірайце, што патрэбна. Сашка мая нядаўна прыехала з Масквы (Людміла Канстанцінаўна вельмі любіць сваіх юных экскурсаводаў — Сашу Гвоздзеву, Мікіту Шыбеку, Глеба Бараноўскага, Захара Варгана, Мікіту Лагуцкага, Данілу Баліцкага, Вадзіма Воранава. А яны любяць музей, адпаведна — Заронава. — Н.Д.). Дзе гасціла з мамай, там усюды расказвала пра заронаўскі музей — у выніку прыцягнула дадому вялікі баул (!) экспанатаў. Цяпер разам з хлопцамі кіно раблю пра Заронава. Дык адзін з іх на днях тэлефануе: «Людміла Канстанцінаўна, я тут убачыў у свайго сябра чамадан з навагоднімі цацкамі. Ён хацеў выкінуць, я для вас забраў». Кажу: «Малайчына, Зміцер, з мяне сто грамаў і пончык».

— Дык вы, атрымліваецца, сапраўдны заронаўскі Плюшкін...

— Плюшкін ува мне жыве з дзяцінства. Памятаю, калі была вясновая паводка і ручайкі вымывалі камяні, я па дарозе са школы збірала іх — бліскучыя, розныя па форме. Дадому прыходзіла з поўнымі кішэнямі. Калі падрасла, пачала калекцыянаваць паштоўкі з выявамі артыстаў. Цяпер у мяне іх больш за 1000 — самых розных, у тым ліку і вельмі старых. Дарэчы, мы з дзецьмі даследавалі гісторыю паштоўкі. Аказалася, што яна з'явілася на Віцебшчыне ў другой палове ХІХ стагоддзя. Яе, чорна-белую, дасылалі з Англіі, і тут расфарбоўвалі. Збіраю таксама савецкія падручнікі. Усім кажу: «Калі не трэба, выкіньце ў мой агарод. Я падбяру». А яшчэ мая слабасць — капелюшы. Гэты, што цяпер на мне, — музейны. Я яго надзяваю толькі пад беларускі строй. Ёсць адмысловы для агарода — у ім градкі палю, у іншым хаджу ў краму, парачку маю на выхад... Кожнаму капелюшу свая нагода. Але галава адна... На экскурсіях, дарэчы, каб дзеці не згубіліся, кажу ім: «Усе за мной. Арыенцір — я і мой капялюш. Таму яны часам жартуюць: «Дзе наш капялюш?»

[caption id="attachment_99379" align="alignnone" width="600"]5-28 У мі­фа­ла­гіч­най за­ле з ня­чыс­ці­ка­мі Ні­кі­фа­роў­ска­га.[/caption]

— Людміла Канстанцінаўна, чаму вы сябе называеце Бабай Ягой?

— Не Бабай Ягой, а Ягіняй (смяецца) — менавіта так наш вымнянскі фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі назваў гэтую казачную істоту ў сваёй працы пра нячысцікаў. Я асацыюю сябе з ёй. Хто яшчэ можа так лётаць, прычым нягледзячы на стан здароўя і ўзрост? Я бываю на шмат якіх імпрэзах. Я — усюды. Вось гэтая ўсюднасць і яднае нас з Ягіняй. Ну і, вядома, дасціпнасць.

— Як сям'я ставіцца да таго, што вы пастаянна «ў разлётах»?

— Спакойна, бо муж адпачывае, пакуль я лётаю. І сыну свабода, мама не камандуе: ідзі туды, прынясі тое. Свабода мужыкам таксама патрэбна. Свабоду папугаям (смяецца) — маім хлопцам! Праўда, муж кажа, што вельмі сумуе, як мяне доўга няма.

— Кажуць, вашы сямейнікі шчыруюць у музеі разам з вамі. Па добрай волі ці пад прымусам?

— Сын упершыню пайшоў са мной у экспедыцыю, калі яму споўнілася ўсяго 9 месяцаў. Я тады была ў дэкрэтным водпуску. Прыйшлі дзеці — мой клас, расплакаліся: «Нас ніхто нікуды не водзіць, нікому мы не патрэбныя». Я ж з радасцю, кажу, а Стаса куды падзець? А яны, доўга не думаючы: «З сабой». Толькі ўявіце: на мне заплечнік, намёт, у руках каляска з сынам. І ідзём з дзецьмі ў паход. Стас не так даўно скончыў гістфак і працуе са мной у музеі. Цешуся, бо бачу, што яму падабаецца. Муж і сын, сапраўды, — мае галоўныя памочнікі. Я без іх як без рук. Калі мой Пеця пабудзе ў музеі, дакладна ведаю, што ўсе механізмы (гадзіннікі, радыё, тэлевізары) у мяне працуюць. Вось зараз дадому прынесла савецкую радыёлу, муж і яе абяцаў прымусіць зайграць.

На Пуцявішчы, у Панаса...

— Вы распрацавалі цікавы турыстычны маршрут «Залатое кола Віцебскага раёна». Як думаеце, што яшчэ трэба зрабіць, каб тут ад турыстаў адбою не было?

— Трэба паболей «разыначак». Чаму б тую ж Швейцарыю не адрадзіць? Можа, бачылі на выездзе з Віцебска першае возера? Яно звалася раней Швейцарскае. А побач горачка — там раней была вёска Швейцарыя. Цяпер, калі на яе падняцца праз непралазныя зараснікі, то ўбачыце незвычайную прыгажосць: тры вадаёмы з лебедзямі. А раней там ад возера ярусамі ішлі кусты чаромхі, бэзу, язміну... Чаму б гэта не аднавіць: зрабіць аглядную пляцоўку, інфармацыйны стэнд? Там паблізу жыве былая настаўніца Марыя Сцяпанаўна Амосава. Ёй 87 гадоў. Дык я папрасіла яе напісаць пра Швейцарыю ўсё, што ўзгадае. Сшытачак з каштоўнымі ўспамінамі яна перадала ў музей. Калі дойдзе справа, каб там нешта рабіць, я выкарыстаю гэтыя запісы.

А вось яшчэ незвычайнае побач. Самы высокі чалавек у свеце нарадзіўся ў Віцебскім раёне — за нашым Заронаўскім возерам, на хутары Касцюкі. Яго рост быў 2 метры 85 сантыметраў. На старых вясковых могілках захавалася магіла велікана, а ў школьным музеі вёскі Старое Сяло — жалезны ложак асілка! Кажуць, калі Фёдар Махноў на ложку спаў, бацька лаўку падстаўляў. На вялікі жаль, цяпер Веліканаў хутар — пустыня, усё травой зарасло. Я хацела б, каб там была хата. Тым больш ёсць малюнак, дзе відаць, як усё было. Калі гэта зробяць і я дажыву да таго часу, буду вельмі рада. Дзе мне толькі не даюць трыбуну, я ўсюды пра гэта гавару: трэба адрадзіць месца, дзе жыў велікан, зрабіць музей. Так, як адрадзілі рэпінскую дачу. Паставіць ва ўвесь рост гэтага чалавека. У яго далонь была — трыццаць два сантыметры. А нага — пяцьдзясят адзін. Уяўляеце — лапішча. А важыў волат 186 кг! Я хачу, каб Віцебскі раён быў папулярным для турыстаў. Не памрэ вёска тады — гэта адно. Па-другое, добры будзе ўнёсак у казну раёна, бо народ папрэ валам, не сумняваюся. Я часта ваджу экскурсіі і бачу, да чаго ў людзей цікавасць. Мяне просяць паказаць дом-музей Марка Шагала, дачу Рэпіна... А калі ў нас будзе хата-сядзіба велікана? Вы ўяўляеце, гэта ж паломніцтва будзе!

Дарэчы, і мая любімая паэма «Тарас на Парнасе» таксама звязана з Заронавам. Пуцявішча, якое згадваецца там Канстанцінам Вераніцыным, — гэта наша, заронаўскае. Памятаеце: «На Пуцявішчы, у Панаса, / Ён там ля лазні блізка жыў». Я хачу паставіць на тым Пуцявішчы ля аўтобуснага прыпынка помнік — камень, а на ім раскрытая кніга з радкамі з паэмы. Камень ужо знайшла. Засталося толькі знайсці мужыкоў, каб яго зацягнуць туды, ды вырабіць на ім мармуровую кнігу...

[caption id="attachment_99381" align="alignnone" width="600"]5-30 За­ро­наў­ская му­ха­лоў­ка.[/caption]

Каменны знак... з неба

— Людміла Канстанцінаўна, а праўда, што гэта вы адкрылі крыжы, якія «растуць» на Віцебшчыне?

— Неяк гадоў 15 таму мы з дзецьмі — гэта мая асноўная ўдарная сіла — вырашылі навесці парадак на старых вясковых могілках. Падчас працы шукалі цікавыя надпісы на помніках. І нечакана ў кучы смецця (там, дзе калісьці стаяла царква святога Ануфрыя) знайшлі каменны крыж. Затым сярод камянёў убачылі яшчэ некалькі. Тады іх галава толькі была відаць з-пад зямлі... Паступова сталі з'яўляцца плечыкі. Цяпер яны ўжо поўнасцю наверсе.

—  У навукоўцаў сваё тлумачэнне: зімой глеба прамярзае, вясной — праграваецца, з-за рознасці тэмператур каменныя крыжы выштурхоўваюцца на паверхню. А вы што думаеце на гэты конт?

— Я думаю, што гэта ўсё ж такі знак з неба. Каб людзі вярнуліся да духоўнасці... Вясковыя ж старажылы кажуць, што гэта знак аднавіць царкву ў Заронаве. Яе ў свой час зруйнавалі па загадзе ўлады. Тады людзі (жыць жа трэба было) цягалі цэглу з царквы на печкі. Цяпер наадварот, разбіраюць тыя печкі і некалькі цаглін трапілі ў музей...

— Знаходка знаходцы не роўная. Якой з іх вы радуецеся больш за ўсё?

— Больш за ўсё радуюся, калі знаходжу дакументы, бо пачынаецца ўсё з чутак: баба бабе, а бабе чорт. Але калі я гэтым чуткам знаходжу пацверджанне... Напрыклад, што наш Бараноўскі Дзмітрый Іванавіч Леніна хаваў у складзе дэлегацыі ад Віцебскай губерні. Гэта расказвалі як анекдот. Маўляў, каля труны Леніна стаяў Карл Маркс (ён проста насіў бараду і знешне быў падобны да Карла Маркса). Радню абышла — ніякіх дакументаў, нідзе нічога. Я тады накіравалася ў наш абласны музей, дзе і знайшла здымак віцебскай дэлегацыі. А ўнука гэтага Дзмітрыя Іванавіча ў школе, калі ён абмовіўся, што яго дзед хаваў Леніна, пакаралі за махлярства. Смяяліся з яго і сказалі, каб гэтага нікому не гаварыў. Знайшла таксама пацверджанне, што мошчы Еўфрасінні Полацкай неслі праз наша Заронава...

— Чаму вырашылі зрабіць карту зніклых вёсак і павесіць яе на вуліцы, насупраць увахода ў музей?

— Гэта тэма мяне даўно хвалюе. Я сама вясковая. І пачула пагрозу, што можа знікнуць і Заронава. Мне важна, каб людзі ведалі пра такія вёскі яшчэ і таму, што там шмат было забіта байцоў. Думаеце, чаму цяпер людзі губляюць след у пошуку тых, хто прапаў без вестак у гады вайны? Нядаўна была сітуацыя. У нас у раёне ёсць жывая вёска Заполле. Сваякі рванулі туды, але нічога не знайшлі. Вярнуліся ў ваенкамат. Там, калі заходзяць у тупік, заўжды тэлефануюць мне: «Людміла Канстанцінаўна, такая сітуацыя...» — «Якая воінская часць?» — пытаюся. Яны мне: «204-я стралковая дывізія». Дзяўчаткі, дык ён жа тут, побач з Заронавам, загінуў. І ў нас было Заполле... Таму я і вырашыла зрабіць карту — такі своеасаблівы помнік зніклым вёскам. Бо мяне часта не бывае, а людзі прыязджаюць. Хай яны хоць на карце гэту вёску знойдуць.

Сакрэт жыццялюбства ад Людмілы Нікіцінай: «Быць патрэбнай

— Я адчуваю, што пакуль патрэбна. Раніцай прачынаешся — слёзы з вачэй, на ногі стаць не магу. Але я ведаю, што сёння да мяне прыедуць госці ў музей, што мне трэба ці дранікаў наляпіць, ці бульбу стушыць, ці нейкага там пірага да гарбаткі спячы. Таму ўстала-паплакала, ногі нацёрла, хвост трубой, капялюш на галаву — і наперад. Гэта добры стымул. Вельмі люблю, калі да мяне прыязджае моладзь, асабліва студэнты з ВДУ імя П. Машэрава. Увосень і ўвесну яны дапамагаюць падтрымліваць парадак на мемарыяле. Той, хто едзе ўпершыню, не ведае, што іх тут чакае. Я ж спачатку праводжу экскурсію, а потым яны працуюць. Абавязкова частую іх вясковымі прысмакамі... Прычым такія стравы раблю, што дзеці дома ніколі іх не елі б. А ў мяне з'ядаюць на ўра. Бульбу памыю ў мундзірах, уздоўж парэжу на 3-4 частачкі, раскладу на патэльні, зверху па кавалачку сала — і ў печку музейную. Смаката ўпрыкуску з квашанай капусткай ці агурочкам салёным. Некаторыя прыязджаюць — ні ўсмешкі. Во на катаргу прыехаў, думаю. Я ж са сваім жарцікам, шпілечку якую падпушчу — дзеці, калі ад'язджаюць, мяняюцца нават у твары: шчаслівыя, задаволеныя. Во, думаю, недарэмна на свеце жыву!..

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота аўтара

Віцебскі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.