Вы тут

Учора, сёння, заўтра


Сацыяльная палітыка, якую праводзіць дзяржава, дае ўпэўненасць у будучыні.

Традыцыйна дэпутаты Палаты прадстаўнікоў расказалі, якімі яны бачаць змены, што адбыліся ў краіне за апошнія 20-25 гадоў.

5-31Ларыса БАГДАНОВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях:

— Нельга параўноўваць па ўзроўні жыцця краіну сённяшнюю і краіну ў пачатку 90-х гадоў. Я памятаю талоны, чэргі, памятаю, як складана было купіць адзенне... З тых часоў узровень жыцця вырас. Людзі сталі больш адукаванымі, больш патрабавальнымі да сябе і навакольных. Раней вяскоўцы хадзілі ў ватоўках і гумовых ботах — сёння гэтага ўжо няма. Што да сацыяльнай сферы, то ў 90-х прадугледжваліся нейкія мінімальныя грашовыя дапамогі, аднак не было падтрымкі маладых і шматдзетных сем'яў. Зарплата ў сярэднім складала 30 долараў. Сёння ж распрацавана сістэма дапамогі сем'ям, што выхоўваюць дзяцей, у тым ліку шматдзетным і маладым, — у выглядзе грашовых выплат і льготных крэдытаў, субсідый, стыпендый. Калі казаць пра падтрымку інвалідаў, то сёння гэтыя людзі разумеюць: іх не пакінуць, яны не застануцца сам-насам са сваёй бядой, сваімі праблемамі.

Не кожная дзяржава ў стане рэалізаваць сацыяльную палітыку. Асабліва ў сітуацыі, калі наступае эканамічны крызіс. Зараз у нас няпростая эканамічная сітуацыя, але, заўважце, размова пра адмову ад сацыяльнай палітыкі не ідзе — гэта вельмі істотна, таму што дае магчымасць чалавеку быць упэўненым у сваёй будучыні.

Я ўрач і не магу не адзначыць, што ў сферы аховы здароўя дзяржава зрабіла за апошнія дзесяцігоддзі значны прарыў. Створаны навукова-практычныя цэнтры, многія напрамкі медыцыны дасягнулі сусветнага ўзроўню: людзі едуць у нашу краіну на лячэнне. А калісьці мы нават і марыць не маглі пра дарагія трэнажоры для дзяцей з цэрэбральным паралічом. Увогуле, калі казаць пра дзяцей-інвалідаў, то сёння яны могуць расці і развівацца як роўныя са сваімі здаровымі аднагодкамі. Хацелася б, каб і працаўладкаванне інвалідаў выйшла на такі ж узровень.

Што да будучыні, то галоўнае, каб яна была спакойнай.

5-32Мікалай ПЛАКСІЦКІ, член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях:

— Спынюся на канстытуцыйнай рэформе і тым, што стала яе вынікам.

Канстытуцыйная рэформа паклала пачатак тым пазітыўным зменам, што адбыліся ў нашай краіне за гады незалежнасці, а іх даволі шмат, і яны маюць вялікае значэнне ў нашым сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным развіцці. У выніку рэферэндуму 1996 года былі прыняты змены і дапаўненні ў Канстытуцыю краіны, змянілася структура парламента — ён стаў двухпалатным. За перыяд існавання Нацыянальнга сходу дэпутаты прынялі 900 законапраектаў, 32 кодэксы, ратыфікавалі больш за 700 міжнародных пагадненняў.

Асаблівае месца сярод прынятых законапраектаў занялі тыя, што ўдасканальваюць працоўнае і сямейнае заканадаўства.

Сёння ў краіне існуе 11 відаў грашовых дапамог. З 90-х гадоў рэалізуецца шэраг сацыяльных праграм, і сёння мы ўжо бачым іх вынікі. Таму курс, накіраваны на сацыяльнае развіццё, павінен быць прадоўжаны. Ён будзе падтрыманы большасцю грамадзян нашай краіны.

5-33Таццяна КАНАНЧУК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы:

— Для мяне, маіх выбаршчыкаў пачатак 90-х гадоў звязаны са стратай банкаўскіх укладаў, з талонамі, з немагчымасцю набыць неабходную бытавую тэхніку...

Я жыла ў чарнобыльскай зоне, і дзеці ездзілі на аздараўленне за мяжу. А кожную вясну прыязджалі з візітам у адказ сем'і, у якіх спыняліся нашы дзеці. Я памятаю, што адчувала тады нейкую няёмкасць за краіну.

З таго часу прайшло 20 гадоў. Сёння Беларусь — краіна з добрым узроўнем жыцця. За гэты час адбыліся змены ва ўсіх сферах эканомікі, адбудаваліся, папрыгажэлі як вялікія гарады, так і раённыя цэнтры, вёскі. Такія змены адбыліся, дзякуючы рэалізацыі дзяржаўных праграм, накіраваных на адраджэнне эканомікі.

Калі казаць пра будучыню, то вельмі важна ў той час, калі побач ідзе вайна, захоўваць бяспеку. Важна зберагчы краіну, яе каштоўнасці — матэрыяльныя і духоўныя, яе прыроду.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.