Вы тут

Селекцыянер — усяму галава


Як зменшыць залежнасць ураджаю ад надвор'я.

На думку аграрыяў, уборачная кампанія сёлета ўдалася. У Беларусі сабрана больш за 8,6 млн тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці ў 39,6 ц/га. Такія паказчыкі сталі магчымымі дзякуючы сумеснай працы хлебаробаў, машынабудаўнікоў і навукоўцаў.

5-21

Збожжа ўдосталь

Уборка ўраджаю ўжо практычна завершана. На думку генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Фёдара Прывалава, сёлетні паказчык вельмі добры, асабліва калі ўлічваць анамальна высокія для нашай мясцовасці тэмпературы і недахоп ападкаў. «Аднак менавіта яны ў дастатковай ступені сэканомілі выдаткі на энерганосьбіты, неабходныя для сушкі збожжа», — адзначыў спецыяліст.

Колькі ж трэба збожжа, каб забяспечыць унутраную патрэбу? Згодна з дзяржзаказам для гэтага неабходны 1 млн тон збожжа. Калі разгледзець, з чаго ён складаецца, то 300 тысяч тон неабходна на хлебабулачныя і макаронныя вырабы, каля 150 тысяч тон ячменю для бровараў, 150-200 тысяч тон збожжа ідзе ў спіртавую галіну. Дабаўце сюды яшчэ 10 тысяч тон маннай крупы, 4 тысячы тон кукурузы, каля 20 тысяч тон грэчкі, 3 тысячы тон проса і гэтак далей. Усё астатняе збожжа неабходна для жывёлагадоўчай і птушкагадоўчай галіны. Сёлета і на гэтыя патрэбы збожжа больш чым дастаткова.

«Зараз ёсць пытанні па якасці кармоў. Нягледзячы на тое, што мы цалкам забяспечваем сябе збожжам, бялковыя культуры ўсё яшчэ закупляюцца па-за межамі краіны. Сёння ёсць магчымасць замяніць імпартныя пастаўкі бялковымі гатункамі лубіну, які яшчэ не так даўно ў Беларусі гінуў, і гароху. Закупка бялку для прыгатавання камбікармоў ацэньваецца ў 300 млн долараў штогод. У хуткім часе мы зможам забяспечваць сябе бялком самастойна», — адзначыў Фёдар Прывалаў.

А гэта немалаважна, бо тыя гаспадаркі, якія займаюцца вырошчваннем бялковых культур, выходзяць на лепшы ўзровень рэнтабельнасці вытворчасці. Яны робяць сабекошт мясной і малочнай прадукцыі больш нізкім, што павышае іх канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках.

Цуды селекцыі

«Пасля знікнення Савецкага Саюза Беларусь закупляла муку хлебапякарнай пшаніцы, бо сваёй якаснай мукі не хапала, — успамінае Фёдар Прывалаў. — Быў час, калі запасаў мукі для выпечкі хлеба ў Мінску заставалася не больш чым на тыдзень. Тады Прэзідэнтам і ўрадам была пастаўлена задача вырасціць свае сарты пшаніцы ў максімальна кароткі тэрмін».

Гэта ўдалося зрабіць у самыя сціслыя тэрміны, што дазволіла практычна цалкам адмовіцца ад імпартных паставак. Сёння селекцыя мае ключавое значэнне для сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчыя культуры год за годам неабходна прыстасоўваць да новых умоў надвор'я і да з'яўлення новых хвароб, якія, дарэчы, таксама адаптуюцца і могуць знішчыць ураджай. Акрамя таго, кожная вобласць мае пэўны склад глебы і сарты павінны адпавядаць менавіта гэтым умовам.

«Як паказала сусветная практыка, адзін сорт можа працаваць на працягу 3-4 гадоў. Негатыўная мікрафлора — вірусы і шкоднікі — вельмі хутка адаптуецца. Для гэтага селекцыянеры штогод закладваюць новыя ступені ўстойлівасці, удасканальваюць іх. Гэта бясконцая барацьба за ўраджай, якую важна выйграваць кожны год», — растлумачыў генеральны дырэктар.

Калі зірнуць на статыстыку, то яшчэ ў 1999 годзе агульны намалот быў каля 3,6 млн тон збожжа пры ўраджайнасці 14,5 ц/га. «І ніхто нават не здзіўляецца новым сартам і тэхналогіям, новым сродкам абароны, новым угнаенням, якія распрацаваны пад кожную культуру. Аднак паказчыкі сведчаць самі за сябе! Калі б сёлетняя сітуацыя з надвор'ем (тэмпература пераадольвала рэкордныя адзнакі) здарылася 10 гадоў таму, то мы б атрымалі значна меншы ўраджай», — падкрэсліў Фёдар Прывалаў.

5-22

Больш за 20 сартоў штогод

Не так даўно аб тым, каб вырошчваць насенне кукурузы, у Беларусі не магло быць і гаворкі. Сёння многія навукоўцы прапануюць наладзіць працу і ў гэтым кірунку. Паколькі ў Беларусі добра развіта жывёлагадоўля і патрэба ў кукурузе павышаецца (з 5 млн га ворыва каля 1 млн га адведзена пад кукурузу), даследчыкі прапанавалі пабудаваць калібровачныя кукурузныя заводы.

«Сёння за кошт гэтага мы атрымліваем свайго насення 20-25 тысяч тон. Гэта практычна тая колькасць, якая неабходная для пасеву. Пакуль што яшчэ ёсць праблемы з тэхнічным абсталяваннем, каліброўкай і пратручваннем, але гэта пытанне часу», — адзначыў кіраўнік Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве.

У гады, калі вялася рэканструкцыя піўзаводаў, беларускія селекцыянеры вывелі сарты піваварнага ячменю высокага класа. Адзін з іх пад назвай «Бровар» атрымаў першае месца ў 2010 годзе на конкурсе ў Амерыцы. Што да крупяных культур, то сёння дзякуючы селекцыянерам мы атрымліваем усе сарты, акрамя рысу, які сёння ўсё яшчэ закупляецца. Раней у краіне не вырошчваўся рапс. Сёння ім засяваюць па 400-500 тысяч га. «З гэтай культуры атрымліваюць алей як тэхнічны, так і харчовы. Рапс дазваляе ствараць і біядызельнае паліва, якое займае 10% ад усяго таго аб'ёму дызпаліва, што выкарыстоўваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі. Сёння гэта адна з найкаштоўнейшых культур, якая выведзена нашымі селекцыянерамі», — лічыць Фёдар Прывалаў.

Дзякуючы намаганням беларускіх вучоных, краіна штогод атрымлівае больш за 20 новых сартоў збожжавых і зернебабовых культур, да якіх прад'яўляць жорсткія патрабаванні. Калі сорт ім адпавядае, то гэта азначае, што ўраджайнасць у яго складзе не менш чым 80 ц/га.

«Аднак некаторыя гаспадаркі заяўляюць, што не атрымліваюць такую ўраджайнасць. Уся справа ў тэхналогіі вырошчвання. Сарты з большай ураджайнасцю патрабуюць значна большага ад кадраў і ад апрацоўкі глебы. Калі гаспадарка не здольна забяспечыць належнага догляду за культурай, то пра высокую ўраджайнасць не можа быць і гаворкі», — распавёў кіраўнік цэнтра.

Напрыклад, добрыя паказчыкі ў агракамбінаце «Сноў». Там сорт беларускай пшаніцы «Сюіта» даў ураджайнасць у 130 ц/га. Ён устойлівы да сопкай расы, снежнай цвілі. Дае высокі ўраджай пры мінімальным выкарыстанні сродкаў хімабароны. Колькасць бялку ў збожжы да 11,8-12,2%, клейкавіны — да 26-29%. Аднак гэты ж гатунак у іншай гаспадарцы даў ураджайнасць толькі 4 ц/га.

Беларускі трыцікале здзівіў Казахстан

Часам кажуць, што селекцыя — дарагая галіна. Аднак значэнне яе для сельскай гаспадаркі вельмі вялікае. Расія спыніла ў свой час развіццё селекцыі, і цяпер ёй вельмі цяжка забяспечыць сябе насеннем. Сёння ім на выручку прыходзяць беларускія навукоўцы.

«Каля 37 рэгіёнаў закупляюць насенне ў нашай краіне. Акрамя таго, з многімі інстытутамі вядзецца сумесная селекцыя. Мы разам вывелі сорт яравой пшаніцы «Дар'я», які лідзіруе ў Расіі па ўраджайнасці», — адзначыў Фёдар Прывалаў.

Акрамя таго, айчынны трыцікале ў Казахстане паказаў ураджайнасць у 70 ц/га пры сярэдняй ураджайнасці ў 12 ц/га. Беларускімі гатункамі цікавяцца і ў Кыргызстане, Украіне, нават у Прыбалтыцы, дзе Еўрасаюз усяляк імкнецца абараніць мясцовых вытворцаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.