Вы тут

Сітніца павялічыць аб'ёмы адгрузкі


Беларуская чыгунка завяршыла маштабную работу па далейшым развіцці станцыі Сітніца. Будаўніцтва па яе пашырэнні вялося ў дзве чаргі. Першая была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. Днямі завяршылася другая чарга праекта «Станцыя Сітніца. Развіццё».

У яго рамках пабудавана сем дадатковых пуцей (адзін галоўны, шэсць прыёма-адправачных). Стрэлачныя пераводы абсталяваны сістэмай электраабагравання. Пабудаваны падземны пешаходны пераход у няцотнай гарлавіне станцыі, манеўровы пост. Былі рэканструяваны вонкавае асвятленне, гучная сувязь, сеткі водазабеспячэння і водаадвядзення, мадэрнізавана радыёсувязь. Станцыя атрымала сістэму прамысловага відэаназірання. Таксама пабудавана платформа з пасажырскім павільёнам, пра што распавялі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі. Уведзены ў эксплуатацыю новы двухпавярховы адміністрацыйна-бытавы будынак, тэрыторыя добраўпарадкавана з абсталяваннем пляцоўкі для стаянкі аўтамабіляў. Сама станцыя, каб прадухіліць магчымасць свабоднага праходу старонніх асоб на чыгуначныя пуці, агароджана.

Рэалізацыя праекта дазволіць асвоіць аб'ём пагрузкі будаўнічых матэрыялаў да 1050 вагонаў у суткі. Максімальны сутачны аб'ём пагрузкі прадпрыемства «Граніт» — асноўнага кліента станцыі Сітніца — дасягаў у асобныя дні больш за 800 вагонаў і меў тэндэнцыю да павелічэння.

Да ведама

Станцыя Сітніца з'яўляецца адной з найбуйнейшых на Беларускай чыгунцы. Асноўны напрамак працы — пагрузка гранітнага шчэбню. Цяпер тут адгружаюць яго для больш чым
1,5 тысячы спажыўцоў у нашай краіне, а таксама на экспарт у Расію і краіны Балтыі.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.