Вы тут

«Паўлавіч — наш залаты запас»


За ўсю гутарку 75-гадовы механізатар ні разу не вымавіў слова «цяжка».

Іван Паўлавіч Вышінскі працуе на трактары больш за паўвека. І пакуль што, мяркуючы па ўсім, на заслужаны адпачынак не збіраецца.

5-11

Са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Чыжам мы знайшлі механізатара ў полі: Іван Паўлавіч звозіў да будучага стога рулонныя цюкі саломы. Гэты МТЗ-82, на якім зараз працуе трактарыст, яму выдзелілі акурат на 70-годдзе. А да таго чвэрць стагоддзя адпрацаваў на МТЗ-80. Той трактар, дарэчы, і да гэтай пары служыць гаспадарцы, на ім вучацца маладыя механізатары.

Цяпер сельгаспрадпрыемства называецца — філіял «Прамень» ААТ «Бярозаўскага сыраробчага камбіната». Некалі гэта быў калгас «Чырвоны прамень», потым племзавод «Прамень». Сюды на работу і прыйшоў у канцы 50-х гадоў Іван Вышынскі. Спачатку працаваў за маці, пісаў на яе свае працадні. Таму што яна зламала руку і зусім не магла выконваць цяжкую работу. А тады гэта не было прычынай нявыхаду ў брыгаду, бальнічных лістоў калгаснікам не выдавалі. Іван спраўляўся з любой работай у полі нараўне са старэйшымі, хлопца заўважылі, накіравалі вучыцца ў Маларыцкае вучылішча механізацыі. Там ён атрымаў пасведчанне трактарыста. І пасля трохгадовай службы ў арміі вярнуўся ў родную гаспадарку. Як аказалася, назаўсёды.

Цікава, што за ўсю нашу гутарку Іван Паўлавіч ні разу не вымавіў слова «цяжка», нават калі гаварыў аб рабоце на гусенічным трактары. Мікалай Рыгоравіч Чыж патлумачыў, што нагрузку на трактарыста гусенічнага трактара можна параўнаць хіба з работай танкіста. Гэта вельмі цяжкая машына для кіравання. А ў спёку той трактар разаграваўся так, што чалавек у ім быў нібы на гарачых камянях. Але ж работа ёсць работа, і трактарыст Вышынскі ніколі на яе не скардзіўся. Ён проста рабіў сваю справу заўсёды адказна, сумленна, выкладваўся спаўна. Так бацькі, пэўна, навучылі.

Не раз даводзілася чуць, як трактарысты скардзяцца на тэхніку. А Іван Паўлавіч кажа, што любую машыну трэба глядзець. Папярэдні МТЗ у яго больш за два дзясяцігоддзі хадзіў — у трактарыста заўсёды былі напагатове запчасткі, не ленаваўся перакручваць, праводзіць патрэбную прафілактыку. Да яго і цяпер маладзейшыя калегі заўсёды бягуць, бо ў Паўлавіча ў скрыначцы заўсёды сёе-тое знойдзецца, што мае звычку часцей ламацца.

— Тэхніку трэба даглядаць, тады яна будзе працаваць, — кажа вопытны трактарыст. А намеснік дырэктара гаспадаркі Васіль Анташук гаворыць, што нават інжынер не лічыць за сорам звярнуцца з нейкім пытаннем да механізатара: «Паўлавіч — гэта залаты запас нашай гаспадаркі. А на пенсію яму ніяк нельга, ён там проста зачахне за год-другі».

Сапраўды, лёс не балаваў гэтага чалавека. Спачатку пахаваў адну жонку, а не так даўно — і другую. Сыны жывуць не вельмі блізка. Унукі-студэнты летам, вядома, наведваюць. Старшыня раённага Савета дэпутатаў жартам заўважыў, што ўнукі любяць дзеда за грунтоўную дабаўку да іх стыпендый. «Не без гэтага», — усміхаецца сталы механізатар. Нявесткі дапамагаюць падтрымліваць хатнюю гаспадарку, калі кватэру перыядычна трэба памыць і прывесці ў парадак. Жыве Іван Паўлавіч у Бярозе, у звычайнай гарадской кватэры. Гаспадарка, дзе ён працуе, прыгарадная. Са сняданкам спраўляецца сам, абед (а ў час уборкі і вячэру) прывозяць у поле.

— Зарплата, асабліва ў сезон — добрая, пенсія — нармальная, — гаворыць механізатар. — Калі здароўе не падвядзе, буду і далей працаваць.

У студзені гэтага года нястомны працаўнік адзначаў сваё 75-годдзе. З гэтай нагоды яго цёпла павіншавалі на сходзе гаспадаркі, які сабралі ў гонар найстарэйшага трактарыста. А потым запрасілі і ў раён, дзе ўручылі грамату райвыканкама.

Аказалася, Іван Вышынскі — трактарыст па прызванні. Была ў яго біяграфіі маленькая «здрада» гэтай прафесіі, калі, можна сказаць, адправілі на павышэнне. Сумленнага працаўніка, ардэнаносца прызначылі брыгадзірам саўгаснай брыгады. Але доўга на гэтай рабоце ён не выцерпеў. Падаўся назад, на свой трактар. І з той пары Іван Паўлавіч спачувае ўсім, хто працуе з людзьмі, кажа, што гэта самая складаная работа. А са сваімі жалезнымі коньмі ён заўсёды знаходзіў агульную мову, тэхніка яго слухаецца.

На развітанне цікаўлюся, ці адпачываў за столькі гадоў заслужаны трактарыст хоць раз у санаторыі. Сказаў, не выпадала. І абяцаў падумаць зімой, пасля ўсіх палявых работ.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Бярозаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?