Вы тут

А вы бачылі лес у... шклянцы?


Беларускія навукоўцы ў чарговы раз прадставілі свае дасягненні.

...На падыходзе да Прэзідыума Акадэміі навук стаяць некалькі палатак, каля якіх зацікаўлена збіраюцца купкі людзей. Побач — велізарны бульдозер. У цэнтры блішчыць свежай фарбай «беспілотнік»... Усё, прадстаўленае тут, — ад пачкаў з чыпсамі і бутэлек з квасам да буйной сельскагаспадарчай тэхнікі — плён працы беларускіх навукоўцаў. На выставе-кірмашы дасягненняў акадэмічнай навукі прадстаўлена больш за паўтысячы інавацыйных распрацовак інстытутаў і прадпрыемстваў НАН.
5-25

5-25

 «Панэльныя» робаты з Інстытута праблем інфарматыкі.

 

Вулічная выстава, якая сапраўды нечым нагадвае традыцыйныя беларускія кірмашы, працягваецца ў будынку Прэзідыума. Некалькі дзясяткаў стэндаў розных падраздзяленняў Акадэміі навук размяшчаюцца ў холе.

Нашу ўвагу прыцягвае секцыя біялагічных навук — за шклянымі сценамі тут хаваецца маленькі заапарк: смоўж памерам з кулак дарослага чалавека, калонія падобных да матыля чарвякоў, мадагаскарскія тараканы... Павук-птушкаед не прывык да ўвагі журналістаў і яркага святла, а таму схаваўся пад накрыўку тэрарыума, рыхтуючыся зрабіць сюрпрыз таму, хто наважыцца яго шукаць.

— Усё гэта — распрацоўкі нашага навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах, — распавядае малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных бесхрыбетных жывёл Кацярына СЕТРАКОВА. — Таму гэта не проста забаўляльны тэрарыум. Афрыканскіх смаўжоў, якіх мы вырошчваем, можна выкарыстоўваць у якасці ежы замест традыцыйных вінаградных. Толькі калі прывычны нам смоўж важыць грамаў 6 і расце 4 гады, то гэты набірае вагу ў 260 грамаў за 8 месяцаў. Мы навучыліся масава гадаваць гэтых жывёл у нашых умовах. Цяпер плануем ствараць асобны аддзел заакультур, які будзе аналізаваць самыя розныя віды на іх магчымую карысць для краіны.

Зафобасы (лічынкі жука сямейства чарнацелкі), якіх мы зблыталі з матылём, па словах Кацярыны Сетраковай, могуць выкарыстоўвацца як дабаўка да камбікармоў у сельскай гаспадарцы, у якасці корму для хатніх жывёл і прынады для аматараў рыбалкі. Яны ж перапрацоўваюць самыя розныя арганічныя адходы. Пры дапамозе мадагаскарскіх тараканаў атрымліваюць рэчыва пад назвай хітазан, якім карыстаюцца медыкі, у павука-птушкаеда забіраюць яд — таксама для медыцынскіх мэт.

Побач можна пазнаёміцца і з дасягненнямі ў раслінаводстве. Экскурсію для нас праводзіць загадчык аддзела інфармацыйнага забеспячэння і інавацыйнай дзейнасці Інстытута лесу НАН Андрэй НАВОЙЧЫК. Пытаемся пра грыбы, якія ў Беларусі і так растуць нядрэнна. У чым жа навізна распрацовак?
5-26

5-26

 Андрэй Навойчык дэманструе «лес у шклянцы».

 

— Нашы тэхналогіі дазваляюць вырошчваць прадстаўленыя ў Беларусі грыбы ў прамысловых аб'ёмах, — кажа спецыяліст. — «Разынка» ў тым, што ў якасці глебы выкарыстоўваюцца адходы лясной і сельскай гаспадаркі: пілавінне, трэскі, салома і гэтак далей. Вось, скажам, губы ў нас растуць на цурках, прасцей кажучы, на бярвенні, якое закапваюць у зямлю, намочваюць і «засейваюць» спорамі. У асноўным гэтыя грыбы выкарыстоўваюць у медыцыне. Але, напрыклад, ленцінула ядомая, больш вядомая як шыітаке, спадабаецца нашым гурманам, якія цікавяцца кітайскай кухняй.

Яшчэ адзін гонар інстытута — тэхналогіі па мікракланальным размнажэнні лясных драўнінных відаў. З аднаго парастка за год атрымліваюць да 30 тысяч саджанцаў, пакідаючы клеткі дрэва ў спецыяльных пажыўных асяродках. Фактычна адбываецца працэс кланіравання. Андрэй Навойчык дэманструе, як у лабараторнай шклянцы каласіцца мініяцюрны лес карэльскай бярозы.

Рухаемся далей. Вялікі натоўп назірае за робатамі, якіх прадстаўляе Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі. На дзвюх пляцоўках па незразумелай траекторыі рухаюцца электронныя скрыні на колах. Арыентавацца ў прасторы ім дапамагаюць каляровыя лямпачкі на краях пляцовак і, вядома, уласныя датчыкі.

— Гэты праект — адукацыйны, — тлумачыць загадчык сектара робататэхнікі Сяргей ГЕРАСЮТА. — Мы распрацоўваем свой навучальны тэхнічны канструктар. Калі вы ведаеце, цяпер на рынку вельмі распаўсюджаны набор для стварэння робатаў ад кампаніі LEGO, мы ж прыдумалі яго айчынны аналаг, безумоўна, з шэрагам адрозненняў. Напрыклад, дазваляем пакупнікам замовіць абсалютна любы набор датчыкаў і начыння для свайго робата, што робіць яго больш танным. Калі вам не патрэбны акумулятар, гіраскоп ці нейкія правады — вы іх не набываеце. Што датычыцца праграмнай часткі, то ёй будзе займацца сам зборшчык.

Навуковец дэманструе нам працу робата-пыласоса (такія дамашнія памагатыя цяпер набываюць папулярнасць у Амерыцы і Заходняй Еўропе). Алгарытм, які кіруе прыладай, застаўляе яго рухацца па хаатычным маршруце: кожны раз, калі робат сустракае «сцяну», ён паварочвае на новую выпадковую траекторыю. Такім чынам, нават калі ў кватэры здарыцца перастаноўка мэблі, пыл будзе прыбраны паўсюль.

Дарэчы, усё начынне робата добра відаць, бо корпус зроблены з аргшкла. Сяргей Герасюта кажа, што гэта было зроблена для нагляднасці. Параўноўваючы беларускую распрацоўку з наборам ад LEGO, навуковец жартуе: калі датчане карыстаюцца «цагельным» будаўніцтвам, то мы — панэльным. Па замовах будуць прадавацца гатовыя блокі з наборамі патрэбнага карыстальніку начыння. Пакуль праект не выйшаў на рынак, але спецыяліст кажа, што набыць свайму дзіцяці такую «цацку» не атрымаецца: робаты працуюць на літый-палароідных акумулятарах, якія выдаюць небяспечную сілу току. Галоўная аўдыторыя праекта — ВНУ і ССНУ, дзе робатаў будуць выкарыстоўваць з адукацыйнымі мэтамі.

Але, пэўна, найбольш на выставе прадстаўлена праектаў індустрыяльных — самага рознага кшталту машын, апаратаў і прыстасаванняў. Да аднаго з такіх, ні на што не падобнага вынаходніцтва, мы і падыходзім.
5-24

5-24

 Дзмітрый САКАЛОЎСКІ дэманструе самы сучасны апарат для паліроўкі, які ў Беларусі «вынайшлі» ўжо другі раз.

 

— Гэта модуль магнітарэалагічнага паліравання, — распавядае інжынер-тэхнолаг лабараторыі высокадакладнай апрацоўкі паверхні Інстытута цепла- і масаабмену імя Лыкава Дзмітрый САКАЛОЎСКІ. — На сёння гэта самы сучасны метад давядзення абсалютна розных паверхняў да максімальнай гладкасці. Прынцып работы такі: у машыну запраўлена магнітнарэалагічная вадкасць, якая складаецца з абразіўных часціц (алмазная крошка), магнітных часціц (металічны парашок) і дапаможных рэчываў. Дзякуючы ўстаноўцы, якая стварае моцнае магнітнае поле, вязкасць сумесі павялічваецца, па кансістэнцыі яна становіцца падобнай да гумы. Гэтым рэчывам машына і «раўняе» паверхні. Дзякуючы «гумавай» кансістэнцыі няма грубага кантакту з паверхняй, але пры гэтым паліроўка праводзіцца вельмі якасна і хутка.

Дзмітрый Сакалоўскі зазначае, што распрацоўкі модуля ўпершыню ў свеце праводзіліся менавіта ў Беларусі напрыканцы 1980-х. Але з развалам СССР грошы скончыліся, і напрацоўкі набылі амерыканцы. Цяпер у ЗША працуе вялікая кампанія, якая займаецца прамысловай паліроўкай. Нашым жа навукоўцам даводзіцца нанова рабіць аналаг свайго ж вынаходніцтва.

Для чаго выкарыстоўваецца такі модуль? У асноўным, для паліроўкі складаных паверхняў: элементаў касмічных апаратаў, вайсковай оптыкі. Напрыклад, двухметровыя люстэркі для штучных спадарожнікаў традыцыйнымі метадамі апрацоўваюцца прыкладна два гады. Наша тэхналогія робіць аналагічную працу за два тыдні, прычым якасць значна павышаецца. Акрамя таго, апарат выключае чалавечы фактар: нераўнамернасць апрацоўкі, розную якасць на асобных участках.

Здаецца, на выставе можна правесці цэлы дзень і так і не пабачыць усё самае цікавае. Што важна, прадметны інтарэс да распрацовак выказваюць не толькі бізнесмены, прадпрыемствы і арганізацыі, але і простыя людзі. Натоўпы каля вулічных палатак — гэта не толькі дапытлівыя мінакі, але і пакупнікі — ад кіёска Цэнтральнага батанічнага сада раз-пораз адыходзяць шчаслівыя жанчыны з новымі зялёнымі гадаванцамі, не меншую цікавасць выклікае і кіёск навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».