Вы тут

Фарбы «Камяніцы»


Апошні ў сезоне фэстываль на адкрытым паветры парадаваў каларытнымі строямі і добрай музыкай.

У суботу ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што ля вёскі Азярцо Мінскага раёна, сёмы раз прайшоў міжнародны фолк-фестываль «Камяніца». Як заўжды, сярод аўтэнтычных драўляных пабудоў ХІХ стагоддзя імпрэза набыла незабыўную атмасферу.

«Камяніца» — гэта свята для тых, хто шануе беларускія народныя традыцыі і іх сучаснае ўвасабленне. І не толькі беларускія: сёлета на фолк-фэст завіталі калектывы з Украіны (гурт «Дрымба да Дзіга»), Польшчы (Dzіkіe Jablka) і ўпершыню — з Эстоніі (Trad Attack). З айчынных гуртоў для наведвальнікаў выступалі «ветэраны» фэсту «Стары Ольса» і «Вурай», а таксама Altanka, «Ягорава гара», Znіch.

Папераменна з галоўнай сцэнай працавала і малая з нязменнай вядучай этна-спявачкай Русяй. Тут сваё майстэрства паказвалі ансамблі «FолкRада», «Мілавіца», «Варган», «Горынь», «Мярэжа», «Страла», «Этнасуполка».

Тройчы за дзень у былой уніяцкай царкве каля карчмы сваю этнаграфічную містэрыю «Споведзь пад стрэхамі» паказваў лідар гурта «Троіца» Іван Кірчук. І, варта адзначыць, кожны раз — з аншлагам: будынак царквы не мог змясціць усіх ахвотных паглядзець дзівосны мона-спектакль з абрадавымі спевамі, выкарыстаннем разнастайных музычных інструментаў (якія часам замянялі звычайныя прадметы побыту накшталт збана і чыгуноў) і батлейкай.

Апроч музычнай праграмы, наведвальнікаў фэсту чакаў кірмаш народных рамёстваў, на якім чаго толькі ні было! Аматараў этнафестываляў ужо не здзівіш вырабамі з саломкі ды гліны, а вось мыла ручной работы, хэндмэйд-упрыгажэнні, свістулькі, посуд, тканыя паясы і вышыванкі карысталіся вялікім попытам. Магчыма, набываючы вышываныя кашулі, госці рыхтаваліся да наступнай «Камяніцы», бо для наведвальнікаў у нацыянальных строях (ад абутку да галаўнога ўбору) уваход на свята бясплатны. Акрамя таго, на фэсце працавалі мастацкія выставы, праходзілі розныя конкурсы, прадаваліся беларускія кнігі і дыскі.

Ужо не першы год арганізатары папярэджвалі, што праносіць з сабой ежу на фэст забаронена. Але галоднымі гледачы не засталіся: каля канцэртнай пляцоўкі працавала палявая кухня, дзе гатавалі кашу з ячных круп з тушонкай, салянку, грыбны суп. Можна было набыць і бліны, мачанку, бульбу з селядцом, маслам, бужанінай, сырам, гарбату ды каву з пірагамі, вараную кукурузу.

Вельмі шмат наведвальнікаў прыехалі на фестываль з дзеткамі (для дашкалят, дарэчы, уваход быў бясплатным, а школьнікі да 12 гадоў мелі 50-працэнтную зніжку на квіток). Такім чынам, атрымалася выдатная магчымасць усёй сям'ёй правесці выхадны дзень за горадам у цікавым асяроддзі і пазнаёміць малечу з нацыянальнай культурай.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА


Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.