Вы тут

Ні сабе, ні людзям...


Спроба пранікнуць у псіхалогію чалавечых асобін, якія існуюць не па-людску.

Гомельскі абласны суд разглядае рэзанансную крымінальную справу ў дачыненні сужыцеляў, якія ў маі 2014 года пакінулі паміраць у замкнутай кватэры маленькую дачку.

Нагадаем пра трагедыю, якая сёлета ўскалыхнула не толькі Гомель, але і ўсю краіну. У кватэры адной з «маласямеек» па праспекце Касманаўтаў 13 студзеня знайшлі муміфікаванае цела трохмесячнай Сняжаны. Па падазрэнні ў забойстве дзіцяці затрымалі яе біялагічных бацькоў. Высветлілася, што цела мёртвай дзяўчынкі ляжала ў замкнутай кватэры восем месяцаў (!). Увесь гэты час яе бацькі бадзяліся па вуліцы і вялі асацыяльны лад жыцця. Дарэчы, так званая маці была цяжарнай — яна чакала свайго пятага, Данііла, якога нарадзіла ў медыцынскай установе 27 снежня 2014 года. Нованароджанага адразу пасля дзіцячай бальніцы сужыцелі падкінулі ў пад'езд шматпавярховіка. На шчасце, хлопчыка хутка знайшлі людзі. Цяпер яго ўсынавілі.

1

Падкідыш вывеў на забойства

Дарэчы, менавіта знаходка Даніка вывела на забойства яго сястрычкі. У хлопчыка на руцэ захавалася бірка з радзільні. І хоць частка інфармацыі на ёй была несапраўднай (жанчына не мела дакументаў і назвалася іншым прозвішчам), праваахоўнікі змаглі высветліць, хто сапраўдная маці падкінутага немаўляці. Пошукі ўрэшце прывялі да страшнай знаходкі. Педагогі школы ўзламалі дзверы кватэры 36-гадовага біялагічнага бацькі і пабачылі там цела дзяўчынкі.

Рэзананснае забойства пацягнула пакаранне супрацоўнікаў сферы адукацыі і медыцыны. У выніку да адказнасці прыцягнута ўжо 20 чалавек, 9 з іх звольнены.

Розныя версіі адной трагедыі

На судзе абвінавачаныя Віялета і Максім пастаянна блытаюцца ў версіях падзей, даюць супярэчлівыя сведчанні. Тут жа зачытваюцца пратаколы допытаў, вочных ставак... «Яны разумелі, што прычыняюць дзіцяці пакуты, і жадалі гэтага», — да такой высновы прыйшло следства.

Сужыцелі ж кажуць, што не хацелі смерці сваім дзецям. Сняжану пакінулі, бо былі п'янымі. Данііла падкінулі, бо не было сродкаў да існавання.

Максім пазнаёміўся з Віялетай у сярэдзіне 2000-х. Яна да таго часу ўжо мела дачку ад нейкага іншага мужчыны. У выніку цесных стасункаў у 2006 і 2007 годзе нарадзіліся Ягор і Насця. Цяпер траіх дзяцей 32-гадовай грамадзянкі выхоўвае бабуля Людміла Фёдараўна. Бацькоўства на сваіх Максім не ўстанаўліваў і адносін з сужыцелькай не рэгістраваў.

Не яму аддала «пасляродавыя» Br23 млн

Максім кажа, што ўсё з-за грошай:

— Я не мог стаць на ногі, былі фінансавыя праблемы, вось і не рэгістраваў адносін. Яна атрымлівала дапамогу як маці-адзіночка.

Адразу пасля затрымання Віялета сцвярджала, што дзяўчынку ў парыве п'янай злосці задушыў Максім — з-за таго, што «пасляродавыя» Br23 млн аддала не яму, а маці:

— У яго былі шалёныя вочы. Ён душыў Сняжану і казаў пры гэтым: «Ні сабе, ні людзям». Я бачыла, што дзяўчынка ссінела, толькі піск такі быў, як у мышкі, — так заяўляла Віялета на першым зафіксаваным відэазапісам допыце.

Затым яна адмовілася ад сваіх слоў і заявіла, што абгаварыла сужыцеля. Цяпер на судзе Віялета гаворыць, што яны «проста сышлі з кватэры».

На першым допыце мужчына, як і яго сужыцелька, казаў пра тое, што раззлаваўся з прычыны таго, што грошы сплылі з яго рук, таму і задушыў Сняжану:

— Я зайздрошчу, калі ў кагосьці ёсць грошы, а ў мяне няма. У мяне проста «дах» ірве, я хацеў зрабіць так, каб гэтыя грошы нікому не дасталіся, і задушыў дзіця ў парыве запалу.

Але цяпер на судзе і Максім гаворыць, што дзяўчынку яны проста пакінулі ў замкнутай кватэры «па п'яні» і забыліся пра яе. Ён спрабуе пераканаць суд, што «не пакрыўдзіць і мухі».

Душыў ці не душыў

Прычына смерці Сняжаны не ўстаноўлена «ў сувязі з муміфікацыяй і частковым скелетаваннем, адсутнасцю ўнутраных органаў».

Эксперт, выкліканы ў суд у якасці сведкі, пацвердзіў, што няма магчымасці дакладна высветліць, была дзяўчынка задушана ці проста пакінута паміраць ад «агульнага знясілення на фоне прэвалюючага абязводжвання арганізма». У выпадку, калі дзіця «проста кінулі», экспертам выказана здагадка, што яно памірала на працягу «дзясяткаў гадзін».

Адказ на пытанне — душыў ці не душыў — можа паўплываць на тэрмін зняволення, што ўрэшце будзе абвешчаны ў прысудзе. Зразумела, што без пакарання ніхто не застанецца, і сёння ўсе, хто мае нейкае дачыненне да гэтай бруднай гісторыі, імкнуцца наўмысна ці паміж волі апраўдаць свае дзеянні.

Брыдка нават пераказваць словы галоўных «герояў». Самі яны, здаецца, баяцца выключна за сваю шкуру і рэагуюць толькі на тыя рэплікі сведак, якія могуць паўплываць на іх асабісты лёс за кратамі. Здаецца, што раскаянне, боль, жаль і іншыя пачуцці ім увогуле не ўласцівы.

2

З чыстага ліста, на свежым паветры

Згодна з вынікамі экспертызы, Максім прызнаны псіхічна здаровым, але хранічным алкаголікам:

— Не, не можа быць, нічога хранічнага ў мяне няма! — адмаўляецца ён.

У мужчыны між тым існуе ўжо новая версія падзей мая 2014 года. Гаворыць, падчас застолля Віялета прапанавала «пачаць жыццё з чыстага ліста, з нуля» — без дзяцей. І прапанавала пайсці бліжэй да ракі Сож, а Сняжану пакінуць у кватэры. Быццам, яны спадзяваліся, што немаўля будзе плакаць, хтосьці пачуе і забярэ яго:

— Мы пакінулі дзіця па ўзаемнай згодзе і пайшлі ўладкоўваць сваё жыццё, каб нам ніхто не замінаў. Дрэнна зрабіў, жывёла я, чмо і кончаны чалавек, пайшоў Віялеце на саступкі і пакінуў дзіця.

Мужчына з цяжарнай сужыцелькай жылі недзе ў прыгарадных Клёнках, начавалі ў закінутых дамах, падзараблялі ў дачнікаў. Калі суддзя спытаў: як гэта — цяжарнай жанчыне жыць на вуліцы, харчавацца, чым прыйдзецца, Максім адказаў: «Але ж на свежым паветры!»

Як яны не пазадыхаліся?

Паралельна высвятляюцца абставіны агульнага жыцця сужыцеляў. Віялета гаворыць, што жыць разам з маці ў іх не атрымалася, бо пастаянна канфліктавалі. У выніку мужчына перайшоў жыць у сваю кватэру. Дарэчы, яна яму дасталася пасля размену агульнай з братам.

У прыватнай гутарцы маці Віялеты, Людміла Фёдараўна, расказала мне, што брат Максіма пайшоў на размен агульнай плошчы пасля таго, як сужыцелі ледзь не спалілі кватэру:

— Ён быў п'яны, курыў, задымілася канапа — гэта ў двухпакаёўцы на вуліцы Гарбатага, дзе яны раней разам з братам і маці жылі. Паваліў дым — як яны не пазадыхаліся? Суседзі выклікалі міліцыю, ратавальнікаў. І дачка, дурніца, з ім была. Брат раззлаваўся і размяняў тую кватэру — дык ён (Максім) на яго скардзіўся, казаў: «Мне ні капейкі не даў».

Кватэру ў маласямейцы, якая дасталася Максіму, па словах маці Віялеты, ён хацеў абмяняць на вясковы дом:

— Прыходжу — мяккай мэблі няма. Потым сценкі няма. Усю мэблю вывез. Я пытаю — куды вывез? «У надзейнае месца», — адказвае. Калі яны пачалі жыць у маласямейцы, мы купілі Вітушцы (Віялеце) новыя боты — ён іх прадаў. Тэлефон ёй дам — яна вяртаецца без апарата. Вось і тэлефануй ёй. Колькі рэчаў папрадаваў — ды нічога няма. Калі маці яго памерла, ён са сваёй кватэры ўсё вынес.

«На маёй шыі прывыкла сядзець»

Людміла Фёдараўна кажа, што зяць паднімаў на яе руку. Далей — наш дыялог, які адбыўся па-за сценамі суда:

— Ён (Максім) адзін раз ледзь мяне не забіў. Калі вып'е, як шалёны робіцца. Вітушка атрымала 500 тысяч — аддала мне. Я крыху доўг вярнула, астатняе на харчаванне. Раптам чую: крычыць на ўвесь двор. А яны выпілі — купіў бутэлечку і потым разабраўся, што ў яе грошай няма, і скандал учыніў. Кажу — чаго крычыце на ўсю вуліцу? Выходжу, а яна плача на ўвесь пад'езд, кажа: біў — за грошы. Гляджу, ён сядзіць на лаўцы. Такі быў шалёны, думала, што канец мне будзе. Суседзі выратавалі. З таго часу ён у нас не жыў.

— А міліцыю не выклікалі?

— Не, не выклікалі.

— Ваша дачка схільная выпіць?

— Толькі за кампанію. Дурніца.

— Вы кажаце пра дачку, што яна дурніца. А як яна вучылася ў школе?

— Не вельмі добра. Але ж круціцца ўмее, язык добра падвешаны, яна вам нагаворыць... Вельмі брахлівая. На маёй шыі прывыкла сядзець.

Капрамонт замінаў вышуку дачкі з унучкай

Пакуль судом да канца не высветлена, чаму дзяўчынку, якая з мая 2014-га да 13 студзеня 2015 года ляжала мёртвай у кватэры, ніхто не шукаў. Бабуля Людміла Фёдараўна гаворыць, што ёй не да таго было. Бо на той час у кватэры, дзе яна жыве з траімі старэйшымі ўнукамі, ішоў капітальны рамонт:

— Адпускныя атрымала — пайшла ўнітаз купіла. Трубы мянялі. Без вады жылі — хадзілі ў калонку па ваду. Без газу. Чай кіпяцільнікам накіпяцім. А яна (Віялета) пайшла ў маі, а капрамонт быў да снежня. Лічыла я, што ён (Максім) круціцца, дапамагае ёй.

— А медсёстры прыходзілі?

— Прыходзілі, пакідалі запіскі: «прышчэпка такога і такога чысла». Я ж тады на працы была. А дзе мне шукаць іх на прышчэпкі? У мяне са школы пыталі, я адказваю — няўжо бацькі дрэннага жадаюць дзіцяці? Такая дзяўчынка, мы так любілі яе...

Чаму не вярталіся ў кватэру, чаму не паведамілі бабулі, што пакінулі Сняжану? На гэтыя пытанні суддзі Віялета адказаць не магла:

— Не ведаю, не памятаю, была п'янай, нячысцік паблытаў. Я думала, што прыйдзе мама мяне шукаць, пачуе, што Сняжана плача, і забярэ яе.

Выбачэнням маці не верыць

Было, што Вітушка грошы атрымала — ён ляцеў на маршрутцы праз увесь горад. Каб яна ні капейкі мне не дала, каб яму аддала. Забярэ дзіцячыя грошы і ходзіць задаволены.

— Ваша дачка лёгка паддаецца ўплыву?

— Так. Яна гатовая была, што ён скажа, тое і рабіць.

— Вы невысокай думкі пра сваю дачку.

— Зганьбіла мяне на ўсю Беларусь. Каб я вам дала яе пісьмы пачытаць — вы б упалі тут...

— Што, просіць дараваць?

— Вядома. Не веру я ёй. Вызваліцца, прыйдзе, знойдзе іншага, які яе прыб'е. Як ён (Максім) яшчэ не забіў яе, не ведаю...

Калі агучыць тыя думкі, якія выказваюць звычайныя людзі наконт трагедыі і абвінавачваных асоб, гэта будзе зусім некарэктна. І ўсё ж самыя распаўсюджаныя ў самым прыгладжаным выглядзе.

Шкада будзе, калі доказаў не хопіць і іх засудзяць па артыкуле «пакіданне ў небяспецы».

Яны да ўласных дзяцей ставяцца як да крыніцы прыбытку. Можа, дзяржаве трэба выбарачна падыходзіць да выплаты дапамог шматдзетным сем'ям?

Абаіх біялагічных бацькоў трэба стэрылізаваць.

Праз гэтых пачвар пацярпелі педагогі і медыкі, адказныя наглядаць за сацыяльна-небяспечнымі.

Спіс можна працягваць, абвяргаць ці падтрымліваць, але ж адно зразумела — гісторыя выходзіць за межы розуму і звычайнай чалавечай логікі. Допыт сведак працягваецца...

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.