Вы тут

«Маленькі Версаль»


Палац князёў Друцкіх-Любецкіх, які на Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне ўрачыста быў адкрыты пасля рэстаўрацыі, называюць «маленькім Версалем». Справа ў тым, што ён вельмі падобны да палаца Малы Трыянон у сапраўдным Версалі — рэзідэнцыі французскіх каралёў. Сусветна вядомы аналаг шчучынскага палаца быў спраектаваны па загадзе Людовіка ХV для яго фаварыткі маркізы дэ Пампадур і пабудаваны ў 1762-1768 гадах. Князь Ксаверый Друцкі-Любецкі знаходзіўся пэўны час у Францыі ў якасці пасла Расійскай імперыі. Вярнуўшыся на Радзіму, ён дазволіў сабе такую экстравагантнасць — спраектаваць копію аднаго з каралеўскіх уладанняў. Ёсць нават думка, што ён змог завалодаць праектам французскага палаца. У тым, што гэта не проста супадзенне, пераконваюць некаторыя агульныя падыходы да планіроўкі і абсталявання ўнутранай прасторы абодвух палацаў.

8-2

Пасярод некалькіх рэзідэнцый

Нягледзячы на актыўную палітычную дзейнасць, наяўнасць некалькіх рэзідэнцый (палацаў у Станіславе, Панямуне, Чарлёне, Луніне), Шчучын быў Друцкаму-Любецкаму наймілейшы. Менавіта тут, у склепе касцёла святой Тэрэзы, ён знайшоў свой апошні спачын. Сам палац, між іншым, быў пабудаваны толькі пры ўнуку Уладзіславу, якому, мажліва, дзед пакінуў свае пажаданні.

Новага ўладальніка Шчучына, Уладзіслава Друцкага-Любецкага, на будаўніцтва палаца натхніла (як і караля Людовіка ХV) таксама каханне — праўда, да жонкі. Яго абранніцай стала Марыя з роду Замойскіх. Ранейшая рэзідэнцыя ў Ляхавічах не магла задаволіць маладую сям'ю, а больш прыдатныя сядзібы, напрыклад, Станіславова ў Гродне, атрымалі ў спадчыну іншыя прадстаўнікі роду. Таму і было прынята рашэнне пабудаваць новы палац. Да гэтага часу маладыя жылі ў Вільні на Антаколі.

Унутранае аздабленне

За працу ўзяўся віленскі архітэктар Раствароўскі, з якім Уладзіслаў вучыўся ў імператарскай Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці архітэктура і жывапіс. Унутранае аздабленне палаца ў Шчучыне было падобным да Малога Трыянона. Французскі аналаг быў спраектаваны так, каб госці як мага менш сутыкаліся з прыслугай. Такая планіроўка не да канца была вытрымана, аднак даследчыкам добра вядома, што ў велічнай пабудове Друцкіх-Любецкіх не існавала памяшканняў для прыгатавання ежы і слугі тут не жылі. Сюды дастаўляліся ўжо гатовыя стравы. Побач месціўся флігель, які захаваўся дагэтуль. Ёсць версія, што адтуль вёў падземны пераход, па якім усё неабходнае слугі насілі ў княжацкія харомы.

Цікавасць выклікае і сістэма сутарэнняў. У іх усходняй частцы можна ўбачыць рэшткі незвычайнага калодзежа. Вада з яго паступала... у верхнія памяшканні будынка.

Як сведчаць апошнія ўладальнікі, мэбля ў палацы была розных стыляў. Памяшканні ўпрыгожвалі партрэты і жывапіс, скульптура мармуровай Леды невядомага аўтара. На першым паверсе амаль усю правую частку паркавага фасада займала сталовая, сцены якой былі ўпрыгожаны партрэтамі каралёў, а ў сервантах захоўвалася фамільнае серабро і французскі фарфор. Жылыя пакоі мелі больш сучасную мэблю. Бібліятэка і архіў размяшчаліся ў асобным будынку, які знаходзіўся ў парку.

8-1

Дбаючы пра дабрабыт горада

«Уладальнікі палаца, князі Друцкія-Любецкія, надзвычай шмат зрабілі для самога горада, — распавядае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Аляксандр Амшэй. — Пачынальнік роду Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі, які першым пасяліўся ў Шчучыне, істотна змяніў воблік горада. Пры яго падтрымцы былі пабудаваныя мясцовыя храмы — касцёл Святой Тэрэзы і царква святога Міхаіла Арханёла. Ён шмат зрабіў для развіцця ўнутранага рынку, заклаўшы гандлёвы двор і гандлёвы цэнтр. Можна сказаць, гэты чалавек — пачынальнік сучаснага аблічча горада».

Друцкія-Любецкія займаліся таксама лесаводствам (будынак лясніцтва захаваўся), пабудавалі млын, бровар. Дарэчы, у будынку гандлёвага флігеля сёння знаходзіцца кнігарня, а ў колішнім гасцінным доме — будынак гандлёвага комплексу «Паўлінка». Удзячныя гараджане часам узгадваюць колішніх уладальнікаў горада. Але і не ведаючы пра іх, сёння працягваюць годныя традыцыі жыцця ў горадзе, які мае даўнюю гісторыю.

«Найлепшы прыклад рэстаўрацыі»

Перыяд вялікіх баляў, паненак у шыкоўных сукнях мінуў. За савецкім часам у палацы размясціўся Дом афіцэраў. Перад палацам размясцілі вялізную скульптуру самалёта. Не ўцалеў і парк: часткова яго высеклі, ля палаца пабудавалі пяціпавярховыя жылыя дамы.

Аднак кола гісторыі пакруцілася яшчэ раз. Настаў час аднаўлення. Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства гэтая пярлінка Гарадзеншчыны паўстала ў абноўленым выглядзе. Некаторыя спецыялісты адзначаюць, што адноўлены палац у Шчучыне — адзін з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі апошняга часу. Да ўсіх аўтэнтычных дэталяў паставіліся надзвычай ашчадна. Напрыклад, да старажытнай ляпніны, якая амаль што захавала свой першасны выгляд. Тут шчыравалі спецыялісты «Белрэстаўрацыі». Ім удалося захаваць адметнасць шчучынскага палаца. А ён, дарэчы, з'яўляецца выдатным узорам пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. У часы яго ўзвядзення так ужо не будавалі, распаўсюджанне набываў мадэрн. Аднак гэты будынак, натхнёны далёкай Францыяй, стаў менавіта такім. Яшчэ адзін адноўлены палац. Яшчэ адна нагода выправіцца ў вандроўку па роднай Беларусі.

Вось што пісаў пра шчучынскі палац даследчык Раман Афтаназы (гэта інфармацыя выкарыстоўвалася ў тым ліку пры аднаўленчых работах):

Двухпавярховая мураваная рэзідэнцыя была пабудавана ў выглядзе шырокага прамавугольніка на высокім мураваным цокалі. З агульнага аб'ёму лёгка вылучаюцца тры ўзаемазвязаныя аб'ёмы. Цэнтральны, адсунуты крыху ўсярэдзіну аб'ём быў ніжэйшы за бакавыя і ствараў на галоўным фасадзе порцік з дзвюма калонамі іянічнага ордэра. Гэтая частка фасада мела на ніжнім паверсе шырокія ўваходныя дзверы, а па баках — яшчэ шырэйшыя, амаль квадратныя вокны. Верхні паверх унутры порціка мае такія ж па шырыні, але больш нізкія вокны. Сцяна ўсярэдзіне порціка была раздзелена вертыкальна 4 пілястрамі. Дзвярныя і аконныя праёмы мелі налічнікі. Калоны падтрымлівалі бэльку, пакрытую лепкай, у цэнтральнай частцы яна завяршалася закругленай сценкай, якая прызначалася для гербавага шчыта... Спусцісты бляшаны дах быў абгароджаны балюстрадным атыкам, а масіўны карніз аздоблены прафіляванай лепкай.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Надзеі БУЖАН

Шчучынскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.