Вы тут

Таямнічыя суседзі,


або Самыя добрыя ў свеце «вампіры».

«Разносчыкі хвароб і інфекцый або найважнейшая частка экасістэмы?», «Шэдэўр прыроды або крыважэрныя монстры?», «Экзатычныя стварэнні або звыклыя для Беларусі жывёлы?» — адказы на гэтыя і іншыя пытанні жыхары Мінска шукалі падчас Ночы кажаноў, мерапрыемства, якое сумесна праводзілі Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах НАН Беларусі і грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». На яго завіталі і карэспандэнты «Звязды».

7

7

 

У актавай зале НПЦ па біярэсурсах вечарам няма вольных месцаў — знаёміцца з таямнічымі суседзямі прыйшло каля сотні чалавек. Асабліва шмат было дзяцей. Не дзіва — у масавай культуры кажаны займаюць асаблівае месца: ад героя коміксаў Бэтмена да вампіраў і сімвала Хэлаўіна. Усе наведвальнікі атрымалі ад арганізатараў друкаваныя матэрыялы: календары і буклеты з карыснай інфармацыяй пра лятучых млекакормячых.

Першая частка мерапрыемства — пазнавальная лекцыя, якую правёў навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Аляксей ШПАК. Арганізатары паабяцалі, што малады чалавек адкажа абсалютна на любыя пытанні пра кажаноў, і не схлусілі: падчас лекцыі здавалася, што спецыяліст ведае пра гэтых жывёл абсалютна ўсё.

Яскрава вылучалася галоўная думка, якую навуковец хацеў данесці да слухачоў: кажаны — сябры людзей, а іх негатыўны вобраз — вынік стэрэатыпаў, народжаных маскультам. Калі ў Еўропе многія лічаць гэтых жывёл ледзь не стварэннямі д'ябла, то ў тым жа Кітаі — гэта сімвал удачы і паспяховасці. Кажаны не чыняць людзям зла і ўвогуле стараюцца абыходзіць (ці, лепш сказаць, аблятаць) чалавека стараной. Адзіная магчымасць быць укушаным з'яўляецца, калі нехта бярэ жывёлу ў рукі. Гэтыя стварэнні сапраўды пераносяць шаленства, але ў адрозненне ад большасці астатніх відаў могуць ад яго пазбавіцца. Калі шалёныя сабакі ў пэўнай стадыі хваробы паводзяць сябе неадэкватна і кідаюцца на людзей, то кажаны — ніколі. З 1978 года толькі шэсць чалавек загінулі ад шаленства пасля ўкусаў рукакрылых.

6

6

 

Дарэчы, менавіта неверагодны імунітэт гэтых стварэнняў робіць іх асабліва цікавымі для навукоўцаў. У гэтых кажаноў няма амаль ніякіх смяротных хвароб, і яны практычна заўсёды дажываюць да глыбокай старасці. У іх высока развіта здольнасць да рэгенерацыі тканак: па словах Аляксея Шпака, у жывёлы, якой каты падрапалі крыло настолькі, што ад яго засталіся толькі косткі, перапонка адрасла літаральна за месяц. Акрамя таго, кажаны займаюць важнае месца ў экасістэме: яны апыляюць кветкі, разносяць насенне і знішчаюць шкоднікаў.

— Ноч кажаноў — гэта міжнароднае мерапрыемства, — распавядае Аляксей Шпак. — Яго мэта — ахова еўрапейскай папуляцыі рукакрылых. У Беларусі ўпершыню яно праводзілася ў 2012 годзе, пасля чаго стала пастаянным. Летась нават ладзіўся цэлы фестываль, які прайшоў у Дудутках. Галоўная пагроза для кажаноў — негатыўнае стаўленне з боку чалавека. На шчасце, у Беларусі за апошні час відавая разнастайнасць кажаноў не скарачаецца, наадварот, сёлета на Палессі быў зафіксаваны від, які ў апошні раз быў заўважаны ў краіне ажно ў 1930 годзе — гіганцкая вячэрніца.

З больш як тысячы відаў кажаноў толькі тры харчуюцца крывёй. І чалавечая ў іх рацыён не ўваходзіць. Звычайна ахвярамі паўднёваамерыканскіх крывасмокаў становяцца каровы. Айчынныя кажаны палююць на насякомых і суразмерных жывёл. Усяго ў Беларусі налічваюць 19 відаў рукакрылых, 6 з іх занесены ў Чырвоную кнігу, бо знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

У беларускіх шыротах многія кажаны зімой упадаюць у спячку, астатнія — мігруюць на поўдзень. Менавіта ў час міграцыі з імі нярэдка здараюцца спецыфічныя выпадкі. Напрыклад, калоніі гэтых млекакормячых нярэдка апынаюцца на балконах і ў кватэрах, калі шукаюць месца для адпачынку падчас доўгага пералёту. У вясковых хатах калоніі нярэдка знаходзяць сабе месца для зімоўкі на гарышчы. У «Ахову птушак Бацькаўшчыны» часта звяртаюцца людзі, якія страцілі спакой, калі звычайна ціхія кажаны вывелі на паддашку шумнае патомства. У любым выпадку ні ў якім разе нельга панікаваць і аб'яўляць рукакрылым вайну. Калі гэта магчыма, трэба вырашыць пытанне самому (не забываючыся на пальчаткі), калі не — паклікаць спецыялістаў.

8

8

 

На лекцыі можна было ўбачыць і саму жывёлу. Літаральна ў дзень лекцыі арганізатарам перадалі адну, якую амаль упалявалі каты. Цяпер яна папраўляецца пад наглядам спецыялістаў. Дарэчы, у далёкай Аўстраліі ёсць нават цэнтр па рэабілітацыі кажаноў, дзе пацярпелым рукакрылым дапамагаюць ачуняць, а асірацелых кажанят кормяць з бутэлечак.

Пасля тэорыі ўдзельнікаў Ночы кажаноў чакала практыка — «паляванне» на рукакрылых у парку Горкага. Амаль усе слухачы перамясціліся туды, што толькі пацвярджала поспех мерапрыемства. Для «лоўлі» карысталіся спецыяльным прыборам, які фіксуе ўльтрагук (пры дапамозе нячутнага чалавеку піску кажаны арыентуюцца ў прасторы ноччу). Натоўп шпацыраваў уздоўж Свіслачы, гуртуючыся вакол Аляксея Шпака з датчыкам. Надзея ўбачыць ці хаця б пачуць кажана, які палюе над воднай гладдзю, не знікала да апошняга, але раптоўны дождж разбурыў удзельнікам планы. Тым не менш, наўрад ці нехта сышоў з Ночы кажаноў незадаволеным — пазнаёміцца з суседзямі, пра якіх мала што ведаў раней, заўсёды прыемна.

Што рабіць, калі ў вашу кватэру ці хату заляцеў кажан?

Не панікаваць і не забіваць. Шэсць з 19 відаў рукакрылых Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу.

Не спрабаваць злавіць жывёлу. У кажаноў даволі хрусткія косці, таму вы можаце выпадкова яго траўмаваць. Акрамя таго, ад стрэсу істота можа схавацца ў цяжкадаступнае месца.

Калі здарэнне адбылося летам, можна проста адчыніць акно. З прыходам ночы кажан паляціць па сваіх справах.

Здараецца, што кажана абавязкова трэба ўзяць у рукі. У такім выпадку надзеньце пальчаткі са шчыльнай тканіны, каб пазбегнуць укусу. Калі ён усё ж такі здарыўся, тэрмінова звярніцеся ў бальніцу па вакцынацыю.

Ні ў якім разе не скідвайце кажана з вышыні — ён не абавязкова паляціць. Найлепш за ўсё вынесці жывёлу на вуліцу і пасадзіць на якую-небудзь вертыкальную паверхню, напрыклад, дрэва.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.