Вы тут

Друкаваныя выданні не выйдуць з моды


як і рэтрааўтамабілі.

Дакрануцца да паперы і адчуць пах друкарскай фарбы — толькі так можна ацаніць сапраўдную прывабнасць і хараство друкаваных выданняў. Нягледзячы на тое, што мы ўсё больш карыстаемся электроннымі аналагамі, папяровыя кнігі працягнуць жыць, бо ніякія падмены не змогуць цалкам задаволіць густ дапытлівых. Гэта як спрабаваць атрымаць асалоду ад мастацкага палатна ці ўявіць сябе гаспадаром рэтра-аўтамабіля, гледзячы на іх выявы праз манітор.

Без имени-1

Так мяркуе Ігар Маланяк, дырэктар паліграфкамбіната імя Якуба Коласа, які расказаў пра сёлетнія літаратурныя навінкі, надрукаваныя на прадпрыемстве.

Галоўны друкаваны брэнд гэтага года — фотаальбом «Беларусь замкавая». Пяцікілаграмовыя фаліянты з мноствам унікальных здымкаў выпушчаны ў максімальна магчымым для пераплёту фармаце. Кніга аздоблена панарамнымі фотаздымкамі-разваротамі даўжынёй 1,2 м, чаго дагэтуль не рабілася.

Альбом атрымаў гран-пры Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» і два дыпломы імя Ф.Скарыны за паліграфічную і рэдакцыйна-выдавецкую падрыхтоўку выдання. Самая высокая ўзнагарода дасталася «Беларусі замкавай» і на міжнародным конкурсе дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва і кнігі».

— Акрамя чатырох стандартных для друкавання фарбаў (блакітнай, пурпуровай, жоўтай і чорнай), мы скарысталі дадатковы колер, які надаў альбомным аркушам яркі і насычаны аранжавы каларыт, які імітуе цэглу, — дзеліцца сакрэтамі справы Ігар Мікалаевіч. — За гэты праект мы атрымалі яшчэ і грант — мільён расійскіх рублёў для тыражавання фотаальбома.

Яшчэ адно ўнікальнае выданне, надрукаванае паліграфкамбінатам, — кніга-альбом «Запавет нашчадкам», выпушчаная да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта мастацкія работы і нарысы пра народных мастакоў-франтавікоў.

[caption id="attachment_100028" align="alignnone" width="600"]4 Галоўная друкаваная падзея бягучага года — кніга «Беларусь замкавая» і яе ўзнагарода.[/caption]

Наклады меншыя, найменняў больш

Сёлета прадпрыемства прадоўжыла друкаваць сацыяльна значныя літаратурныя праекты. Надрукавана 113 тысяч навучальных дапаможнікаў «Беларусь — наша Радзіма», якія выдаюцца кожнаму першакласніку ў якасці падарунка ад Прэзідэнта. Другі падарунак ад кіраўніка дзяржавы — кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» падлеткі атрымліваюць разам з пашпартам, яе таксама друкуюць на паліграфкамбінаце. Сёлета выдалі яшчэ 34 тысячы экзэмпляраў. Дзякуючы змястоўнай і дакладнай інфармацыі пра Беларусь, змешчанай у кнізе, некаторыя, кажуць, карыстаюцца ёй пры падрыхтоўцы да іспытаў як падручнікам.

Дарэчы, пра падручнікі. Іх выданне складае амаль 40% ад усяго аб'ёму папяровай прадукцыі, якая вырабляецца на камбінаце. 2 млн 347 тысяч экзэмпляраў — вынік падрыхтоўкі да гэтага навучальнага года. У 2014-м іх было 3 млн 375 тысяч, а на наступны запланавана выдаць больш як 4 млн падручнікаў. У 2016 г. новая школьная праграма прадугледжвае поўную замену ўсіх падручнікаў, так што нават такая лічба пакуль прыкладная і, магчыма, будзе большай. Дарэчы, сёлета паліграфкамбінат забяспечыў падручнікамі і расійскіх школьнікаў, надрукаваўшы для іх 620 тысяч экзэмпляраў.

Шмат хто з беларускіх школьнікаў сёлета змог атрымаць дзённік у інтэгральным пераплёце. Гэта значыць, што вокладка яго стала больш трывалай, выгляд — больш самавіты. Надрукавана 356 000 такіх экзэмпляраў. Вучняў у краіне, зразумела, больш. Чаму не супадае колькасць? Каб застаўся выбар. Друкары меркавалі, што людзі будуць схіляцца да ранейшага (таннейшага) варыянту дзённіка, аднак «новенькі» ў класе адразу заваяваў папулярнасць, яго набываюць значна часцей. Настолькі, што камбінату прыйшлося выпусціць дадатковую партыю.

— Вынікамі працы нашага прадпрыемства, створанага ў савецкія часы, планавалася забяспечваць увесь Саюз. Кожнае найменне падручніка друкавалася па 500 тысяч экзэмпляраў, а мастацкая літаратура ўвогуле мільённымі накладамі выходзіла. І яе не хапала! — успамінае дырэктар. — Цяпер аптымальныя для акупнасці тыражы значна меншыя. Для тонкага сшытка гэта 100 тысяч, агульнага — 10 тысяч, альбомаў для малявання патрэбна 20-30 тысяч, а тыраж кнігі — увогуле 2-3 тысячы. Тым не менш, наклады меншаюць, але найменняў выданняў становіцца больш. Калі мы вырабляем уласную прадукцыю, стараемся максімальна прадбачыць пажаданні пакупнікоў, каб прыняць правільнае рашэнне па дызайне, кошце і тыражы выдання.

[caption id="attachment_100029" align="alignnone" width="600"]5 Машына працуе, аднак без нагляду не абысціся.[/caption]

На дзяцей грошай не шкадуюць

На пачатку года камбінат больш працаваў на густы дарослых, а цяпер настаў час дзіцячых чытанак. Першая хваля па друкаванні падручнікаў скончылася, і ўжо тры дні як прыйшла чарга мастацкай літаратуры для дзетак.

— Попыт на дзіцячую літаратуру не змяншаецца, нягледзячы на агульны спад на кніжным рынку. Бацькі ніколі не пашкадуюць грошай для дзіцяці. Мы, у сваю чаргу, стараемся рабіць арыгінальныя рэчы. Задзейнічаць розныя паліграфічныя эфекты, вынаходзіць цікавы варыянт канструкцыі кнігі, па-наватарску афармляць яе вокладку і змест. Дзецям, напрыклад, вельмі падабаюцца вялікія кнігі, і для іх аптымальны фармат А4. А вось кнігі кішэннага фармату — гэта рэч найперш для прыгожай калекцыі.

Увосень камбінат зробіць перавыданне серыі «Казкі вясёлай сямейкі», якая ўжо 25 гадоў не губляе папулярнасці. Усе арыгіналы малюнкаў да гэтых казак былі створаны ўручную мастачкай Аленай Дзядкоўскай.

З'явіцца таксама новы варыянт кнігі А.Б. Хвольсан «Прыгоды Мурзілкі і лясных чалавечкаў». Першае чорна-белае выданне кнігі пабачыла свет ажно ў 1889 г. На паліграфкамбінаце карцінкі «размалявалі», і «Мурзілка» ў каляровым абліччы прыйшоў да сучасных дзетак.

Нягледзячы на няпростую сітуацыю ў галіне паліграфіі і на кніжным рынку, прадпрыемства плануе заваёўваць новых чытачоў. План мадэрнізацыі камбіната дазволіць зрабіць прадукцыю больш якаснай і прывабнай, а самае галоўнае — зменшыць яе кошт.

— Амаль усе нашы друкарскія машыны працуюць яшчэ з канца мінулага стагоддзя, таму камбінату патрэбна сур'ёзная тэхнічная рэанімацыя. Новае абсталяванне дапаможа павялічыць не толькі якасць нашых выданняў, але і хуткасць друку.

На выхадных свята пісьменства ў Шчучыне таксама было ўпрыгожана прадукцыяй паліграфкамбіната — календары, плакаты, штодзённікі, запісныя кніжкі, блакноты нарыхтавалі яшчэ летам.

Ірына СІДАРОК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».