Вы тут

Усе сцягі — у госці да нас


Тэатральны фестываль «Белая вежа» сёлета адзначае свой невялікі юбілей. Служкі Мельпамены збіраюцца ў Брэсце гэтай восенню ўжо дваццаты раз. За два дзесяцігоддзі тэатры 55 краін свету пабывалі ў горадзе над Бугам. Мастацтва сцэны з усіх кантынентаў самых розных напрамкаў было прадстаўлена на «Вежы». Афішу сёлетняга фэсту ў многім склалі пераможцы мінулых гадоў.

Менавіта ўдзел мэтраў паўплываў на тое, што сёлета вырашылі адмовіцца ад інстытута журы. «Няёмка неяк было б выбіраць найлепшых з самых лепшых, — сказаў дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, нязменны дырэктар фестывалю Аляксандр КОЗАК. — Можна ўявіць, як бы потым напісалі журналісты: «Тры гады альбо пяць таму гэты калектыў заваяваў гран-пры, а цяпер яго абышоў «N-скі» тэатр». Мы палічылі такі падыход непрымальным. І запрасілі толькі крытыкаў. Тэатразнаўцы прыедуць з Расіі, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы. Таму традыцыйныя абмеркаванні пасля спектакляў, тэатральныя дыскусіі абавязкова будуць».

Паводле інфармацыі арганізатараў, на адкрыццё і закрыццё фэсту білеты разышліся ў лічаныя дні. Адкрые 20-ю «Белую вежу» Нацыянальны акадэмічны тэатр імя М. Горкага спектаклем «Vіva Comedіa!». А на закрыццё, 19 верасня, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа нам «Паўлінку». Яе ніколі яшчэ не было ў тэатральнай афішы тутэйшага фестывалю. А вось «Раскіданае гняздо» наша публіка глядзела ў пастаноўцы Брэсцкага тэатра. На гэты раз яго вязе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Гаспадар фестывалю — Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы — выступае на фэсце з прэм'ерай. «Дзяды» па паэме Адама Міцкевіча пастаўлены як абрадавая драма, якая стала вынікам сумеснай работы пастановачнай групы з Польшчы і калектыву тэатра.

Найбольш чаканымі для гледача, несумненна, будуць пастаноўкі аўтарскага тэатра з Волагды па рамане Купрына «Кыся», а таксама спектакля «ФРО» Рыжскага рускага тэатра імя Чэхава. Дарэчы, квіткі на гэты тэатр самыя дарагія — 200-300 тысяч рублёў.

Аляксандр Козак заўважыў, што кошт фестывальных білетаў у нас вельмі дэмакратычны. Арганізатары фэсту любяць свайго гледача і ўлічваюць адзін вельмі важны момант: на спектаклі ходзяць не самыя багатыя людзі горада.

На фестываль, які адкрываецца 11 верасня, збярэцца 21 тэатральны калектыў з 13 краін свету. Арганізатары не ўтойваюць, што хацелі б прыцягнуць больш удзельнікаў, але не ўдалося — найперш з-за фінансавых цяжкасцяў (не толькі гаспадароў фестывалю, але і саміх тэатраў). Брэсцкі фэст па-ранейшаму падтрымліваюць аблвыканкам, Міністэрства культуры краіны, пастаянныя спонсары. Ёсць і замежныя надзейныя сябры фестывалю, якія забяспечваюць выступленне сваіх калектываў.

Большую частку юбілейнай праграмы складуць драматычныя пастаноўкі. Будуць таксама лялечныя, музычныя, музычна-харэаграфічныя спектаклі. 12-13 верасня ў Тэатральным завулку пройдзе майстар-клас польскага тэатра «Бюро-подружы» па тэхніцы вулічнага спектакля «Я — ты — і іншыя» для выпускнікоў і навучэнцаў харэаграфічных школ, старшакласнікаў і ўсіх, хто цікавіцца такім мастацтвам.

Такім чынам, культурная сталіца Беларусі — Брэст — у пятніцу ўступае ў чарговы тэатральны тыдзень.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yachevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.