Вы тут

Падагра: мёд можна, шакалад — не


«Калі ласка, раскажыце падрабязней, якім павінна быць харчаванне пры падагры?

Юрый Сяргеевіч, Мінская вобласць».

4_2

Тлумачыць прафесар кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук Тамара ЦЯБУТ:

— Колькасць хворых на падагру расце, і пакутуюць ад такога захворвання пераважна мужчыны. Яны, як правіла, у большай ступені ігнаруюць рэкамендацыі па здаровым харчаванні, злоўжываюць алкаголем, а яшчэ маюць лішнюю вагу, хваробы нырак... Дрэнна тое, што звычайна такія пацыенты трапляюць пад увагу толькі праз 3-5 гадоў пасля першага прыступу захворвання. А да таго часу церпяць і што толькі не прыкладваюць да хворага сустава! Прыступ запалення пры падагры нарастае бурна, цягам некалькіх гадзін. Самае першае і простае, што можа аблегчыць стан, — халадовае ўздзеянне. Дастаткова патрымаць нагу з запаленнем у халоднай вадзе.

Наогул у працэсе метабалізму ў нашым арганізме ўтвараецца і выводзіцца мачавая кіслата і яе солі, а падагра — гэта парушэнне працэсу ўтварэння або вывядзення гэтых соляў і, адпаведна, павышэнне ўзроўню мачавой кіслаты ў крыві (гіперурыкемія). Вядома шмат фактараў, якія спрыяюць узнікненню падагры і правакуюць прыступы запалення: пераяданне, траўма, алкаголь, страта крыві, аперацыя... Падагра спрыяе таму, што пачынае пакутаваць нырка, у ёй утвараюцца камяні.

Без дыеты медыкаментознае лячэнне дае часовыя і недастатковыя вынікі, таму не толькі на час лячэння, але і для папярэджвання рэцыдываў рэкамендуецца спецыяльны рэжым харчавання — невялікімі порцыямі, без пераядання, асабліва на ноч.

Для хворых на падагру ўрачы-дыетолагі распрацавалі спецыяльную дыету, якая выключае ўжыванне прадуктаў з вялікай колькасцю пурынаў, солі і тлушчу. Але поўнасцю выдаляць соль з рацыёну не варта, таму што гэта прывядзе да іншых цяжкіх захворванняў арганізма.

Рэкамендуецца добры пітны рэжым — 1,5-2 л вадкасці ў суткі (пераважна шчолачнай). Аднак пацыентам з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, сардэчнай недастатковасцю, парушэннем функцыі нырак, адэномай прастаты гэты аб'ём трэба зменшыць (неабходна пракансультавацца з урачом).

Рэкамендуецца:

* хлеб пшанічны і жытні, здоба абмяжоўваецца;

* вегетарыянскія супы з рознай гародніны і круп, баршчы, капуста, халаднік, бурачнік, малочныя супы;

* вараная ялавічына, трус, курыца, індычка (1-2 разы на тыдні);

* нятлустыя гатункі адваранай рыбы (1-2 разы на тыдні);

* адно яйка ў дзень любога спосабу гатавання;

* малако, кефір, сыракваша, натуральны тварог, нявостры сыр;

* розныя крупы (умерана), макароны;

* бульба, буракі, морква, кабачкі, гарбуз, памідоры (абмежавана), гуркі, салодкі перац, баклажаны, белакачанная капуста;

* фрукты і ягады (свежыя або пасля цеплавой апрацоўкі);

* цукар, мёд, варэнне;

* чай, кава нямоцная з малаком, сокі фруктовыя і з гародніны, адвар шыпшыны;

* соусы таматны, смятанны, малочны; ванілін, карыца;

* салаты з гародніны, вінегрэты;

* сметанковае масла, алеі.

Выдаляюцца або істотна абмяжоўваюцца:

* мясны, рыбны булёны, грыбны навар, супы са шчаўем, шпінатам;

* цяляціна, бараніна, свініна, ныркі, печань, мазгі, каўбасы, вэнджанае, кансервы;

* рыба тлустая, салёная, вэнджаная;

* востры, салёны сыр, брынза;

* бабовыя;

* салат, шчаўе, шпінат, каляровая капуста;

* інжыр, маліна, шакалад;

* какава, моцны чай і кава, алкаголь, дрожджавыя напоі;

* соусы на мясным, рыбным булёнах, грыбным навары, перац, гарчыца, хрэн;

* закускі вострыя, салёныя, вэнджаныя;

* любыя кансервы;

* кулінарны тлушч, жывёльныя тлушчы.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.