Вы тут

Пішам Мінск


Як мінчане шукалі дух горада і што з гэтага атрымалася. Каму брацца за папулярызацыю сучаснай кнігі і чытання ўвогуле? Вядома, бібліятэкарам! Вось яны ўзялі і стварылі праект «ЗаЧытанне». Фантазія стваральнікаў разгулялася настолькі, што разам з мінчанамі яны ўзяліся пісаць апавяданне пра сталіцу і вырашылі, ні многа ні мала, знайсці яе дух! Што з гэтага атрымалася, карэспандэнтка «Звязды» ўбачыла на выніковай сустрэчы суаўтараў, якая прайшла ў выглядзе экскурсіі па асноўных
пунктах твора.

«Авантура? Я згодны!»

— Мы даўно хацелі паспрабаваць напісаць сумеснае апавяданне, і тут быў аб'яўлены конкурс сацыяльных праектаў (конкурс #РазамМінск, пра які «Звязда» ўжо пісала. — Аўт.). Мы вырашылі паразважаць аб сталіцы, яе вобразе, — гаворыць каардынатарка праекта Вікторыя ХОМІЧ.

[caption id="attachment_99989" align="alignnone" width="600"]3 Ка­ар­ды­на­тар­ка пра­ек­та Вік­то­рыя Хо­міч.[/caption]

Вікторыя кажа, што крыўдна чуць ад гасцей горада толькі тое, што ён чысты. Але ці ёсць у яго свая аўра? Рэфлексуючы на гэтую тэму, каманда з 13 аўтараў стварыла сваю гісторыю пра сталіцу ў чатырох частках. Яны напісалі апавяданне, дзе галоўныя героі — мінчукі Косця і Наста — шукаюць дух горада. Цягам сюжэта, здаецца, сам Мінск дае ім патаемныя знакі, накіроўваючы ў тое ці іншае месца.

Для стварэння гісторыі выбралі галоўнага аўтара, ім стаў вядомы пісьменнік Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ. Па словах Вікторыі, ён дынамічны і гатовы да крытыкі і змен.

[caption id="attachment_99988" align="alignnone" width="600"]2 «Га­лоў­ны» пісь­мен­нік Анд­рэй Жва­леў­скі.[/caption]

— Раздаецца званок: «Андрэй, такая справа, мы хочам вам прапанаваць авантуру...» Кажу: «Я згодны!» — «Чакайце, я ж не сказала, у чым справа...» — «Позна, я ўжо пагадзіўся», — распавядае гісторыю свайго прыходу ў праект Андрэй Жвалеўскі.

Па словах пісьменніка, яго прывабіў нечаканы фармат — праца з людзьмі, якія ў большасці не ўяўляюць, як пішуцца мастацкія творы. Ён нават прызнаўся, што на кожную сустрэчу прыходзіў з гатовым шаблонам на выпадак, калі ніхто не зможа нічога прыдумаць. Але вынік сумеснай працы пераўзыходзіў усе чаканні.

Сярод 12 астатніх суаўтараў людзі абсалютна розныя. Напрыклад, яшчэ адзін сапраўдны пісьменнік Аляксей Шэін, а таксама журналіст, эканаміст, дэфектолаг, студэнты, псіхолаг, хэндмэйд-майстар, мама траіх дзяцей... Як аказалася, для ўсіх іх Мінск зусім розны. Таму, адзначае Вікторыя, самым цяжкім падчас працы было стаць менавіта суаўтарам (а не сукрытыкам) і прапанаваць нешта сваё.

Дрэс-код ХІХ стагоддзя

Сімвалаў і знакавых для мінчан месцаў у горадзе аказалася неверагоднае мноства: каб уключыць іх у апавяданне, даводзілася нават галасаваць і выбіраць «самыя-самыя» — менавіта ў іх, на думку аўтараў, хаваецца дух сталіцы. Адным з такіх месцаў стала «Панікоўка». Адтуль, ад фантана «Хлопчык з лебедзем», што ў Аляксандраўскім скверы, і пачала гарадскі шпацыр паводле твора экскурсавод Яўгенія БЫЦ. У ХІХ стагоддзі тут быў вялікі кірмаш, які называўся Новы рынак. Пазней замест кірмашу быў закладзены сквер — Аляксандраўскі, у гонар усіх разам імператараў Расійскай імперыі Аляксандраў. А яшчэ тут стаяла капліца ў гонар князя Аляксандра Неўскага. Адметна, што ўваход сюды быў вольны не заўсёды: напрыклад, у сквер не пускалі людзей у рабочым адзенні, нячышчаным абутку і ўвогуле тых, хто дрэнна выглядаў. Адзін час за ўваход у гэты парк увогуле бралі грошы!

Даведаўшыся пра гісторыю ўзвядзення Купалаўскага тэатра, першага водаправода і пра гарадскога галаву Караля Чапскага, экскурсанты рушылі на плошчу перад Домам афіцэраў. Цяпер ён займае месца былога архіерэйскага падвор'я, ад якога, праўда, яшчэ застаўся адзін будынак. Калі пасля савецка-польскай вайны ў Мінску асеў рускі гарнізон, для чырвонаармейцаў пабудавалі клуб, які з часам стаў Цэнтральным домам афіцэраў. Ён быў узведзены па праекце Іосіфа Лангбарда на фундаменце і з выкарыстаннем сцен былых архіерэйскіх будынкаў.

Перад домам пасля вайны ўсталявалі танк, які стаў першым сімвалам у напісанай экскурсантамі гісторыі. Лічыцца, што на гэтай машыне лейтэнант Фролікаў 3 ліпеня 1944 года першым увайшоў у вызвалены горад.

«Як вы думаеце, гэта танк часоў вайны?» — запытала экскурсавод. «Не», — адазваўся белагаловы хлапчук Багдан, што прыйшоў на экскурсію з бацькамі. І меў рацыю. Насамрэч танк на пастаменце быў зроблены ў 1944 годзе, прычым пазней за дату вызвалення.

Тым часам група рушыла ў наступны пункт свайго апавядання — парк Горкага. Калі Беларусь увайшла ў склад Расійскай імперыі і ў Мінск прыехаў губернатар Захарый Карнееў, тут яшчэ быў гарадскі вал. Ён загадаў вал разбурыць, а ў горадзе закласці парк (Аляксандраўскі ўзнік нашмат пазней). З гэтай нагоды парк назвалі Губернатарскім садам. Ён стаў першым месцам адпачынку гараджан. Увайсці сюды таксама можна было толькі ў чыстым адзенні. Раней тут ніколі не прадавалася спіртных напояў. Адсюль пачаўся роварны рух у горадзе — дзякуючы вышэйзгаданаму Каралю Чапскаму ў садзе з'явіўся першы велатрэк. Былі тут тэатр і кінатэатр. А яшчэ ў 1891 годзе ў садзе адбыўся першы ў Мінску палёт на паветраным шары аэранаўта Драўніцкага і спуск на парашуце.

Яшчэ шмат цікавага можна расказаць пра гісторыю парку Горкага, але экскурсантаў чакае наступны пункт — арэна. А дакладней — цырк. Толькі ў Савецкім Саюзе (і ў Мінску ў тым ліку) для цыркаў узводзілі стацыянарныя будынкі, па ўсім жа свеце і па сёння гэтая забава існуе ў форме вандроўных шапіто. Сваім месцам у цэнтры горада мінскі цырк абавязаны легендарнай опернай спявачцы Ларысе Александроўскай.

[caption id="attachment_99987" align="alignnone" width="600"]1 Ад­на­ча­со­ва са­праўд­ны і не­са­праўд­ны танк.[/caption]

Руйнаванне і аднаўленне

Спыніўшыся каля праспекта Незалежнасці (ён варты асобнай экскурсіі), мы рушылі да Кастрычніцкай плошчы. Быў час, калі тут не было столькі пустой прасторы, але ваеннае ліхалецце змяло забудову плошчы, якая раней называлася Цэнтральнай. Экскурсавод нагадала, што да 1961 года тут узвышаўся помнік Іосіфу Сталіну. Усталяванне фігуры правадыра народаў спарадзіла некалькі гісторый, якія цяпер расказваюць турыстам. Як вядома, Кастрычніцкая плошча знаходзіцца на ўзвышшы, і ад яе можна спусціцца ўніз да плошчы Перамогі. Аднак калі да 10-годдзя вызвалення планавалі, дзе размясціць апошнюю, думалі выбраць для яе самае высокае месца, каб манумент было відаць адусюль. І ў гэты ж час разважалі, дзе паставіць помнік Сталіну. У выніку Сталін «выйграў» узвышша...

У ахвяру гэтаму помніку прынеслі яшчэ адзін, які, без перабольшванняў, можна было б назваць гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яшчэ да пачатку 1950-х гадоў на частцы Кастрычніцкай, найбліжэйшай да перасячэння вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса, стаяў вялікі дамініканскі храм у гонар Тамаша Аквінскага. Яго ўзвялі ў XVІІ стагоддзі, прычым сродкі на фундаванне збіралі даволі цікавым чынам: па розных версіях ці то шляхта, ці то ваяры ВКЛ, вяртаючыся пераможцамі з вайны з Маскоўскім княствам, з кожнага капыта кожнага каня аддавалі па залатой манеце. Гэты збор атрымаў назву «капытковы».

Збудаваны храм абарончага тыпу быў вельмі прыгожым. Ён перажыў усе наступныя войны, нават Другая сусветная не зруйнавала яго цалкам. Сцены захаваліся даволі высокія, і касцёл можна было адрэстаўраваць, але...

Калі сабраліся ставіць помнік Сталіну, храм аказаўся вышэйшым за яго, і таму ў адну ноч будынак узарвалі...

Сталіна знеслі ў 1961 годзе, а храм ужо не аднавілі. Але і цяпер пад брукам плошчы захоўваюцца яго фундаменты.

Аднак частку зруйнаванага духу Мінска цяпер усё ж можна знайсці ў адноўленым храме ў Верхнім горадзе. Гаворка ідзе пра будынак канцэртнай залы, які, калі быў аўтэнтычным, з'яўляўся касцёлам манастыра адзінага ордэна ўніятаў — базыльянаў. Гэта таксама быў адзіны храм, пры якім было два манастыры — і жаночы, і мужчынскі. Дарэчы, дзіцячая музычная школа — гэта сапраўдны будынак таго самага жаночага манастыра. А насупраць размяшчаецца адноўлены будынак, дзе цяпер офісы, а раней жылі манахі-мужчыны.

Тут, на колішнім Высокім рынку, словамі пра вытокі Мінска і завяршылася экскурсія для аўтараў. Але не завяршылася іх гісторыя. Яны прыйшлі да высновы, што горад і яго дух ствараюць людзі, якія ў ім жывуць. Таму працяг яшчэ абавязкова будзе.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?