Вы тут

Адкуль няправільны прыкус?


Да 40 працэнтаў насельніцтва маюць няправільны прыкус. І размова не толькі аб парушэнні формы твару. У дзяцей з зубасківічнымі анамаліямі (так гэта правільна называецца) часцей парушаецца постаць, яны больш схільны да захворванняў органаў дыхання, стрававання, да таго ж часта саромеюцца і губляюцца, што прыводзіць да псіхічных расстройстваў. А ўсё ад таго, што бацькі своечасова не паказалі дзіця ўрачу-артадонту.

4_3

— Развіццё зубасківічных анамалій абумоўлена шэрагам прычын, — тлумачыць загадчык артадантычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Ігар ЮРЭВІЧ. — У першую чаргу можа мець месца спадчынны фактар — наяўнасць расколіны, звышкамплектных зубоў... На развіццё зубоў і сківіц у плода ўплывае стан здароўя будучай маці — таксікоз, парушэнне водна-салявога і вітаміннага абмену, траўмы ў час цяжарнасці і родаў... Адмоўным чынам могуць адбіцца некаторыя захворванні (дыспепсія, дызентэрыя, рахіт, остэаміеліт). Пры выдаленні часовых зубоў неабходна пратэзаваць дэфекты, а карыес — лячыць, бо яго ўскладненні прыводзяць да ранняй страты часовых зубоў, скарачэння зубных радоў, адсутнасці месца для пастаянных зубоў. Праблема можа хавацца і ў анамаліі мяккіх тканак ротавай поласці...

Ёсць і іншыя прычыны. Так, дыханне ротам у выніку парушэння дыхання насавога спрыяе дэфармацыі, затрымцы росту ніжняй сківіцы, цеснаму размяшчэнню зубоў. У такім выпадку патрабуецца кансультацыя оталарынголага, паколькі дыханне ротам можа быць звязана з павялічанымі адэноідамі, міндалінамі або скрыўленнем насавой перагародкі. Калі відавочных прычын для парушэння насавога дыхання няма, трэба паклапаціцца аб тым, каб дзіця спала з закрытым ротам (гэтаму павінна спрыяць становішча галавы; асцярожна паднімайце ніжнюю сківіцу для закрывання рота). Калі ў дзіцяці, якое дыхае ротам, вузкія ноздры, шырокае пераноссе, двайны контур падбародка, неабходна нармалізаваць функцыю дыхання з дапамогай міягімнастыкі, курс якой прызначыць урач-артадонт.

Яшчэ адзін цікавы момант — недахоп у рацыёне цвёрдай ежы, слабае жаванне. Гэта парушае развіццё сківіц, правакуе дэфіцыт месца для пастаянных зубоў. А парушаюць жаванне ў першую чаргу няправільныя паводзіны бацькоў. Напрыклад, падчас штучнага выкормлівання. Бутэлечка не павінна націскаць на ніжнюю сківіцу. Нельга карыстацца і доўгай соскай з вялікай адтулінай, калі малако ці спажыўная сумесь свабодна выліваюцца. Дзіця павінна прыкладаць намаганні падчас ежы — гэта развівае мышцы твару, стымулюе рост сківіц. Слабае жаванне часта ўзнікае пры несвоечасовым увядзенні прыкорму, калі дзіцяці падоўгу даюць толькі вадкую ежу замест густой і цвёрдай, якая патрабуе адкусвання і перажоўвання.

Парушэнне глытання ў нованароджаных і дзяцей ранняга ўзросту прыводзіць да развіцця так званага адкрытага прыкусу. Вырашыць праблему ў раннім узросце дапамагаюць курс міягімнастыкі і спецыяльная карэкцыя.

Свой унёсак могуць забяспечыць і некаторыя шкодныя звычкі — прыкусванне губ, ручак, алоўкаў, смактанне языка або пальцаў, падтрымліванне галавы далонямі, жаванне на адным баку, няправільная постаць за сталом, сон на адным баку з падкладзенай пад шчаку рукой або з закінутай назад ці нахіленай наперад галавой. Бывае, што падобным звычкам спрыяе парушаны псіхаэмацыянальны стан, а здараецца, што праблема хаваецца ў незадаволеным рэфлексе смактання (пераважна ў дзяцей на штучным выкормліванні), таму пасля ежы дзецям да года рэкамендуецца дазіраванае прымяненне соскі-пустышкі. Яе трэба даваць на кароткі час да надыходу сну, пасля чаго абавязкова дастаць, бо пры працяглым выкарыстанні яна сама можа стаць прычынай анамалій зубоў і сківіц.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.