Вы тут

Адкрытасць да дыялогу


Еўрапейскія назіральнікі наведалі Нацыянальны сход.

Учора раніцай дэлегацыя папярэдняй місіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі сустрэлася са спікерам ніжняй палаты беларускага парламента, а апоўдні— са спікерам верхняй.

— Мы рады сустрэчы з прадстаўнікамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў нашай краіне і разлічваем, што гэтыя кантакты стануць добрым падмуркам для далейшага супрацоўніцтва па ўсіх пытаннях, якія маюць узаемны інтарэс,— вітаў гасцейстаршыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА.— Карыстаючыся магчымасцю, я хацеў бы падзякаваць вам за тое, што Парламенцкая асамблея Савета Еўропы пагадзілася назіраць за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Са свайго боку, мы гатовы садзейнічаць місіі ў выкананні яе мандата.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што Беларусь заўсёды адказна ставілася да выканання сваіх міжнародных абавязкаў і Палата прадстаўнікоў прыкладзе ўсе намаганні, каб выбары прайшлі адкрыта, свабодна і дэмакратычна.

— Выбарчы кодэкс нашай краіны адпавядае міжнародным стандартам, — заўважыў спікер. — Мы ўносілі ў яго дапаўненні і змяненні і пры гэтым больш чым на 80 адсоткаў улічылі тыя заўвагі, якія былі нам прапанаваны БДІПЧ АБСЕ (Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. — «Зв.»). Нормы Выбарчага кодэкса дазваляюць канкурыраваць палітычным поглядам і ідэям, усім удзельнікам выбарчага працэсу гарантаваны правы па атрыманні неабходнай інфармацыі пра кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, усе могуць азнаёміцца з праграмамі кандыдатаў.

Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу еўрапейскіх калег на тое, што інстытуты грамадзянскай супольнасці, грамадскія аб'яднанні, палітычныя партыі Беларусі таксама могуць свабодна ўдзельнічаць у фарміраванні выбарчых камісій, праводзіць агітацыю за або супраць любых кандыдатаў, а таксама назіраць за выбарамі.

«Прэтэндэнты ў кандыдаты, якія актыўна збіралі подпісы і прапанавалі нашаму насельніцтву сваё бачанне далейшага развіцця краіны, напэўна, будуць зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў. Тыя ж, хто толькі абазначыў свой удзел у гэтай выбарчай кампаніі, напэўна, застануцца на ўзбочыне працэсу», — пракаментаваў ход кампаніі старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка таксама дадаў, што Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь па выніках правядзення выбараў гатовы ўлічыць усе заўвагі і прапановы міжнародных місій назіральнікаў, і ў перспектыве пры неабходнасці ўнесці адпаведныя змены і дапаўненні ў нацыянальнае выбарчае заканадаўства.

— Зразумела, для нас і, напэўна, не толькі для нас прынцыпова важна, каб гэта палітычная канкурэнцыя, выбарчая кампанія ў цэлым праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, канструктыўна, на фоне грамадскага парадку, міру, згоды. Бо мы бачым, што палітычная безадказнасць, якая існуе ў асобных краінах, у тым ліку і ў нашых суседзяў, прыводзіць да эканамічнага хаосу, бежанцаў і пакут, — сказаў таксама Уладзімір Андрэйчанка.

Ён яшчэ раз запэўніў еўрапейскіх парламентарыяў, што Нацыянальны сход Беларусі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам, Саветам Еўропы, Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. «Безумоўна, у нас ёсць розныя погляды на асобныя пытанні, але, тым не менш, жыццё павінна рухацца наперад», — лічыць кіраўнік ніжняй палаты.

У сваю чаргу, кіраўнік папярэдняй назіральнай місіі ПАСЕ, дэпутат парламента Турэцкай Рэспублікі Рэха ДЭнемеч падзякаваў беларускім калегам за запрашэнне ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі ў Беларусі.

— Мы як дэлегацыя прадстаўляем розныя краіны: Германію, Швецыю, Турцыю, Італію. Знаходзімся тут, каб атрымаць інфармацыю ад вашай краіны, каб выслухаць вашы заўвагі і прапановы, — сказаў ён.

Гатоўнасць да дыялогу з парламентарыямі Савета Еўропы пацвердзіў і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

— Мы цалкам адкрытыя для дыялогу, для высвятлення ўсіх пытанняў і пазіцый, — адзначыў ён падчас сустрэчы з місіяй у Савеце Рэспублікі.

Сенатар выказаў надзею, што размова будзе насіць канструктыўны характар. Спікер верхняй палаты звярнуў увагу на працу дакладчыка па Беларусі Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, члена Палаты дэпутатаў Парламента Італьянскай Рэспублікі Андрэа Рыгоні.

— Спадар Рыгоні — наш даўні знаёмы, мы ўвесь час з ім супрацоўнічаем. Думаю, што апошнія даклады, якія ён робіць, дапамогуць складу місіі акунуцца ў пытанні сучаснай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, — сказаў ён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.