Вы тут

Асенняе барбекю


Што ж, яшчэ ёсць крыху часу для пікнікоў на прыродзе. Правільна скарыстацца цёплымі дзянькамі дапамогуць некалькі парад валеолага 2-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Людмілы БАРТАШЭВІЧ.

4_4

Дарэчы, пікнік — гэта калі толькі халодныя закускі. А калі мы нешта смажым-запякаем, то гэта ўжо барбекю. Так што калі вы смажыце шашлык ці запякаеце на рашотцы рыбу, значыць, у вас не пікнік... Устанавіць, дзе і калі быў зладжаны першы пікнік, немагчыма, але вядома, што ў Старажытным Рыме падобнае мерапрыемства карысталася папулярнасцю.

Галоўнае — нічога не забыцца ўзяць з сабой.

* Плед або коўдру, і, вядома, не адну, калі едзе шмат людзей.

* Паболей аднаразовага посуду (талерак, відэльцаў, лыжак, кубкаў).

* Папяровыя сурвэткі і ручнікі, мыла.

* Нож і дошку для апрацоўкі (хоць многае можна нарэзаць і дома загадзя).

* Некалькі мяхоў для смецця.

* Вялікую бутэльку з вадой.

* Сродкі для абароны ад насякомых.

* Цёплыя кофты і парасоны.

* Галаўныя ўборы і сонцаахоўныя акуляры, калі ўсё ж такі ёсць сонца.

* Аптэчку (дзе павінны быць лейкапластыр, бінт, зялёнка або ёд, парацэтамол, анальгін, актываваны вугаль, супрацьалергічны сродак).

Калі ў вас ёсць сумка-халадзільнік, гэта проста выдатна. Можна і прадукты захаваць свежымі, і нават марожанае прыхапіць.

Калі з вамі едуць дзеці, варта ўзяць мячы, бадмінтон, цацкі.

Калі ў вас барбекю, не забудзьцеся пра мангал і драўняны вугаль. На звычайным вогнішчы сёння ўжо гатаваць не цывілізавана.

Можна прыхапіць і гамак — павесіць паміж дрэў. Ні з чым не параўнальнае задавальненне!

Аднак самае важнае ў нашым мерапрыемстве — гэта ежа. Многія лічаць, што на свежым паветры можна што заўгодна з'есці. Аднак паспрабуйце ўсё ж такі прадумаць меню.

Халодныя закускі. Асноўнай ежай пікнікоў лічацца бутэрброды, напрыклад з вяндлінай і сырам, з гурком ці памідоркай. Можна зрабіць і сырную намазку — цёрты сыр з часнаком, зяленівам і маянэзам. А наогул, выбар інгрэдыентаў для бутэрбродаў не абмежаваны. Можна выкарыстоўваць што заўгодна: вараныя яйкі, рыбныя кансервы, тварог, нарэзанае мяса, паштэты, аліўкі, любую гародніну і нават фрукты.

Выдатнай стравай для пікніка з'яўляюцца сырныя палачкі. Раскатайце 400 г слоенага цеста і змажце яго жаўтком. Палову цеста пакрыйце слоем цёртага сыру і накрыйце другой паловай. Пасля зноў раскатайце скалкай. Цяпер нарэжце цеста на палоскі шырынёй каля 2 см і выпякайце пры тэмпературы 220 градусаў 10 хвілін.

Гародніну трэба браць абавязкова, а вось фрукты, пячэнне, арэхі, сухафрукты, калі душа пажадае.

Акрамя шашлыку, можна прыгатаваць шмат іншых гарачых страў.

Рыба. Парэжце на кавалкі рыбнае філе, змажце алеем, пасаліце, паперчыце, паліце лімонным сокам і пакладзіце на рашотку.

Гародніна. Нанізвайце на шампуры кавалкі самай рознай гародніны і кладзіце на рашотку.

Баклажаны-грыль. На рэжце скрылікамі таўшчынёй 0,5 см, пасаліце, змажце аліўкавым алеем, пакладзіце на рашотку. Да гатовых баклажанаў можна падаць соус са смятаны з соллю і праціснутым часнаком. Тое ж самае можна зрабіць і з кабачкамі.

Свіныя рэбры з чырвоным перцам. Рэбры падзяліце на парцыённыя кавалкі. Сухі тоўчаны чырвоны перац (папрыка) змяшайце з соллю і сухім часнаком і натрыце мяса гэтай сумессю. Гатуйце на рашотцы, пастаянна варочаючы.

Напоі. Вады трэба ўзяць паболей. Акрамя таго, можна прыхапіць ваду мінеральную, сокі. Можна прыгатаваць хатні ліманад: сок трох лімонаў развядзіце ў трох літрах вады, дабаўце туды крыху цукру і некалькі размятых галінак мяты.

Сокі, дарэчы, можна нават замарозіць. Так яны доўга застануцца халоднымі і, акрамя гэтага, будуць ствараць у сумках неабходную для прадуктаў тэмпературу падчас транспарціроўкі. Калі ж на вуліцы халаднавата, гатуйце тэрмас з чаем ці кавай.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.