Вы тут

Дойлідства. Сучаснае нацыянальнае мастацтва


Пачатак верасня ў нашай сталіцы можна без перабольшвання назваць архітэктурна-будаўнічым. На мінулым тыдні ўдзельнікаў і гасцей збіраў у Мінску ХІ Нацыянальны фестываль архітэктуры, акурат у гэтыя дні праходзіць ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава «Будпрагрэс», у якой прымаюць удзел больш за 250 айчынных і замежных будаўнічых кампаній.

І на адным, і на другім мерапрыемстве неаднойчы гучала думка, што цікавасць замежных патэнцыяльных партнёраў і інвестараў да беларускай будаўнічай галіны ўзрастае. Яно і не дзіва: на прасторах былога Саюза мала якая краіна можа пахваліцца такой колькасцю ўзведзеных квадратных метраў. Прычым не толькі дзеля вырашэння жыллёвага пытання, якое, несумненна, сярод галоўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Кожны год на нашай зямлі дзякуючы творчаму падыходу і ўмелым рукам архітэктараў і будаўнікоў з'яўляюцца храмы, прамысловыя і спартыўныя аб'екты, збудаванні, якія становяцца візітоўкай горада ці наогул усёй краіны. Яны радуюць вока месцічаў і прыезджых і служаць людзям, для якіх, уласна, і ўзводзяцца.

Дойлід — слова, якое на нашай зямлі і сёння не стала архаізмам. Бо тых, хто робіць гэтую прыгажосць, варта называць менавіта так — урачыста-ўзвышана. І дойлідства як від мастацтва ў Беларусі жыве і развіваецца. Каб пераканацца ў гэтым, можна проста паглядзець на новабудоўлі апошніх пяці гадоў. Пагадзіцеся, паказаць патэнцыяльным інвестарам сапраўды ёсць што. Чым ганарыцца — таксама.

10-37

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Новы будынак музея ўзведзены ў 2014 годзе. У рамках XІ Нацыянальнага фестывалю архітэктуры «Мінск-2015» Гран-пры XVІІ Рэспубліканскага конкурсу на найлепшы архітэктурны твор 2014-2015 гадоў прысуджаны аўтарскаму калектыву творчай майстэрні архітэктара Віктара Крамарэнкі за аб'ект «Музей Вялікай Айчыннай вайны на праспекце Пераможцаў».

Сёння Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце цэнтраў захоўвання сведчанняў Другой сусветнай вайны. З закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам 24 красавіка 2010 года па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пачалося будаўніцтва сучаснага музейнага праекта. Плошча архітэктурнага ансамбля складае 7593 квадратныя метры. Будынак размяшчаецца паўколам на ўзвышшы каля абеліска «Мінск — горад-герой» і складаецца з 4 блокаў, якія сімвалізуюць 4 гады вайны.

Экспазіцыйная плошча новага збудавання складае 4200 квадратных метраў, колькасць экспазіцыйных матэрыялаў — больш за 8 тысяч музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў. Найважнейшай канцэптуальнай асновай экспазіцыі з'яўляецца адлюстраванне дружбы і ўзаемадапамогі народаў Савецкага Саюза ў барацьбе з фашызмам, паказ вырашальнай ролі Чырвонай Арміі ў Другой сусветнай вайне, уклад беларускага народа ў Перамогу.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны 2 ліпеня 2014 года прымалі ўдзел кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

10-43

Усіхсвяцкі храм

Афіцыйным адкрыццём храма лічыцца дата 2 ліпеня 2010 года, калі напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Беларусі ў крыпце (ніжняй алтарнай частцы храма) храма-помніка ў гонар Усіх Святых адбылася ўрачыстая цырымонія пахавання астанкаў трох невядомых салдат — воінаў Айчыннай вайны 1812 года, Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў. У мерапрыемствах прынялі ўдзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Філарэт, які вымавіў дазвольную малітву над нябожчыкамі і акрапіў іх астанкі святой вадой.

Храм Усіх Святых мае форму шатра, увянчанага крыжам. Яго вышыня — 72 метры, разам з крыжам — 74 метры (адзін з самых высокіх у СНД). Адначасова храм зможа прыняць 1200 вернікаў. У крыпце знаходзяцца 504 нішы, у кожнай з якіх размешчана крыштальная ёмістасць. У гэтыя ёмістасці збіраецца зямля з палёў усіх вялікіх гістарычных бітваў у абарону беларускай зямлі.

10-29

Палац Незалежнасці

У кастрычніку 2013 года ў сталіцы нашай краіны адбылося адкрыццё Палаца Незалежнасці. У ім праходзяць асноўныя дзяржаўныя мерапрыемствы, а ўвогуле, гэты комплекс стаў цэнтрам суверэннай дзяржавы, прадметам гонару беларускіх грамадзян, візітнай карткай Беларусі. Цяпер Палац Незалежнасці — раскошнае архітэктурнае збудаванне Мінска. Будынак знаходзіцца на праспекце Пераможцаў, непадалёк ад выставачнага комплексу «БелЭкспа».

Сёння ў палацы праходзяць мерапрыемствы дзяржаўнай важнасці, такія як цырымонія ўручэння замежным паслам даверчых грамат або нарада кіраўнікоў замежных дзяржаў. Лідары «нармандскай чацвёркі» сваю сустрэчу па сітуацыі ва Украіне ў лютым 2015-га праводзілі менавіта тут. Побач з будынкам размяшчаецца плошча Дзяржаўнага сцяга, якая разам з палацам утварае адзіны архітэктурны комплекс і падкрэслівае непахіснасць дзяржаўнай незалежнасці.

Плошча Палаца Незалежнасці складае каля 50 тысяч квадратных метраў, а ў самім будынку налічваецца некалькі сотняў памяшканняў. Пры яго ўзвядзенні асаблівая ўвага была нададзена бяспецы рэзідэнцыі. Усе ўваходы ў палац абсталяваны арачнымі металадэтэктарамі і канвеерамі з рэнтгенам.

10-35

Чыжоўка-Арэна

Гэта другая па велічыні пасля «Мінск-Арэны» лядовая пляцоўка Беларусі, якая была пабудавана менавіта да чэмпіянату свету па хакеі — 2014. Гэта не толькі адзін з найбуйнейшых спартыўных аб'ектаў краіны, але і ўніверсальны комплекс для актыўнага адпачынку і забаў.

Шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс «Чыжоўка-Арэна» размешчаны на паўднёвым усходзе сталіцы ў маляўнічым месцы на тэрыторыі парку імя 900-годдзя Мінска. У аснове праекта комплексу архітэктара Марата Гроднікава — вобраз дзвюх кропель вады, якія нібы перацякаюць адна ў адну: сучасны будынак са шкла і металу гарманічна ўпісваецца ў прыродны ландшафт Чыжоўскага вадасховішча.

Афіцыйнае адкрыццё «Чыжоўка-Арэны» — матч Беларусь — Францыя 25 снежня 2013 года, а ў студзені 2014-га гэтая пляцоўка ўпершыню прымала матчы вялікай падзеі — Х Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Падчас чэмпіянату свету па хакеі «Чыжоўка-Арэна» прыняла 30 матчаў, у тым ліку два чвэрцьфіналы.

Сёння гэта ўніверсальны комплекс для топавых спартыўных падзей і буйных забаўляльных шоу, трэніровак спартсменаў і актыўнага адпачынку аматараў, прыемнага баўлення вольнага часу і шопінгу. Акрамя таго, «Чыжоўка-Арэна» — хатняя пляцоўка хакейнага клуба «Мінскае Юнацтва».

10-40

Барысаў-Арэна

Летам 2010 года архітэктары Шпела Відзечнік і Рок Аман завяршылі працу над гэтым праектам. Ідэя славенскіх спецыялістаў унікальная. Гэта чыста футбольны стадыён, разлічаны на 12 548 гледачоў, які адпавядае патрабаванням чацвёртай катэгорыі УЕФА, што дазваляе гуляць у Барысаве не толькі паядынкі кваліфікацыйных стадый еўракубкаў, але і праводзіць сустрэчы групавога этапу і плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

Агульная колькасць гледачоў уключае ложу ганаровых гасцей больш чым на 600 чалавек. Яна злучана з распранальнямі галерэяй, якая апярэзвае віраж арэны. Прадугледжана і ёмістая ложа для прэсы, колькасць месцаў у якой можна рэгуляваць за кошт рухомых бар'ераў. 144 месцы абсталяваны столікамі, але агульная ўмяшчальнасць можа быць павялічана да 256. Вялікая ўвага пры распрацоўцы праекта была нададзена пытанням бяспекі. У выніку дызайн стадыёна ўлічвае апошнія патрабаванні УЕФА і ФІФА ў гэтым аспекце. Маецца дастатковая колькасць запасных выхадаў, колькасць сядзенняў у любым з радоў на сектары не перавышае 28. Усе выгоды створаны і для заўзятараў. Важная асаблівасць арэны — функцыянальная гнуткасць. У залежнасці ад колькасці прададзеных білетаў можна дабавіць дадатковыя мабільныя пункты харчавання і продажу атрыбутыкі. Гасцявыя фаны будуць заходзіць у свой сектар праз асобны ўваход без кантакту з гаспадарскай тарсідай. Летась 1 мая футбалісты БАТЭ першымі выйшлі на газон новенькай «Барысаў-Арэны» і правялі паўтарагадзінную трэніроўку. Усе былі ў захапленні. А праз два дні, 3 мая 2014 года, адбылося афіцыйнае адкрыццё «суперарэны». У ім прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У той жа дзень адбыўся першы афіцыйны матч — у фінале Кубка Беларусі згулялі гродзенскі «Нёман» і салігорскі «Шахцёр».

10-32

Самы буйны праваслаўны храм у краіне

Сёлета ў жніўні ў Магілёве адбылося асвячэнне Спаса-Праабражэнскага храма. Яго здзейсніў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.

Пабудаваны ў Магілёве Спаса-Праабражэнскі сабор — самы буйны ў Беларусі праваслаўны храм. У ім адначасова змогуць прыняць удзел у набажэнстве 3,5 тысячы вернікаў. Будынак увянчаны купаламі і крыжамі, дзякуючы якім ён дасягае 60 метраў у вышыню.

Будаўніцтва храма пачалося ў 2000 годзе. Культавы будынак узводзіўся на сродкі ахвяраванняў прыхаджан, за кошт дабрачыннай дапамогі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў вобласці, а таксама спонсарскай дапамогі ад праваслаўных прыходаў з-за мяжы.

10-34

Жамчужына на беразе Дняпра

Новая гасцініца на 114 месцаў з'явілася летась у Жлобіне. 9-павярховы будынак з прыгожай назвай «Дняпроўская жамчужына» пабудаваны ўсяго за сем месяцаў.

Гэта амаль у два з паловай разы хутчэй за нарматыўны тэрмін. Улічваючы тое, што аб'ект мае маналітны каркас, тэрміны яго ўзвядзення ўражваюць. Генпадрадчыкі адзначаюць, што сакрэт, які дазваляе весці будаўніцтва паскоранымі тэмпамі, заключаецца ў выкарыстанні інавацыйных тэхналогій. Яшчэ адна асаблівасць: пры будаўніцтве і аздабленні выкарыстоўваліся толькі айчынныя матэрыялы. Інжынерныя сістэмы, абсталяванне, мэбля, пасцельная бялізна ў новай гасцініцы таксама беларускай вытворчасці.

У новым гасцінічным комплексе 68 нумароў, з іх восем — люкс, восем — паўлюкс, трыццаць двухмесных і дваццаць два аднамесныя. Акрамя таго, да паслуг пастаяльцаў — камфортная зала перамоў, канферэнц-зала на 48 месцаў, кавярня на 48 месцаў, бар, боўлінг на чатыры дарожкі, більярдныя сталы, аэрахакей, цырульня, крама сувеніраў і пункт абмену валюты.

10-30

Бальніца XXІ стагоддзя ў Шаркаўшчыне

Самая прыгожая і сучасная цэнтральная раённая бальніца была пабудавана ў Віцебскай вобласці ў лістападзе 2012 года.

Бальніца была адным з даўгабудаў, яе ўзводзілі з сярэдзіны 90-х. Аднавіліся работы ў 2009 годзе, на што толькі з абласнога бюджэту адшукана каля 40 мільярдаў рублёў. Гэта ў чарговы раз даказвае, што для ўлады галіна аховы здароўя людзей з'яўляецца прыярытэтам не на словах, а на справе. Будавалася бальніца талакой, і ў гэтым няма перабольшання. Генеральным падрадчыкам быў «Полацксельбуд», а задзейнічана трынаццаць субпадрадных арганізацый — з самой Шаркаўшчыны, Глыбокага, Наваполацка, Полацка, Докшыц, Віцебска і Мінска. Гэта была будоўля рэгіёна, таму што літаральна ўсе арганізацыі прымалі ўдзел у завяршальных работ і добраўпарадкаванні.

Цяпер ва ўнікальным будынку з самым сучасным абсталяваннем лечацца жыхары не толькі Шаркаўшчынскага, але і суседніх раёнаў.

10-39

Аўтавакзал у Маладзечне

Непасрэдна да пачатку 2010 года гэты раённы цэнтр атрымаў сапраўды функцыянальны і прыгожы вакзал. Новы будынак стаў сапраўдным упрыгажэннем горада і адным з самых «прасунутых» аўтавакзалаў у краіне. Ён аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, устаноўлены камп'ютарныя тэхналогіі і аўтаматызаваная сістэма па продажы квіткоў. Цяпер у пасажыраў ёсць магчымасць купіць білеты з адпраўленнем з іншых аўтавакзалаў краіны. А электроннае табло, наогул, лічыцца самым вялікім у Беларусі.

Маладзечанскі аўтавакзал не адзіны падобны аб'ект, які прайшоў маштабную рэканструкцыю. Такія работы толькі ў Мінскай вобласці вяліся ў Чэрвені, Уздзе і Мар'інай Горцы. І ў іншых рэгіёнах Беларусі аўтавакзалы не засталіся па-за ўвагай. Існуе дзяржпраграма, накіраваная на абнаўленне рухомага саставу, будаўніцтва і рэканструкцыю будынкаў вакзалаў, укараненне такіх сучасных тэхналогій, як аўтаматызаваная сістэма аб'яў і продажу квіткоў.

10-48

Палац водных відаў спорту ў Брэсце

У кастрычніку 2010 года з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Брэсце быў урачыста адкрыты Палац водных відаў спорту, аналагаў якому сёння ў краіне няма. Палац прызначаны для правядзення спаборніцтваў рознага рангу, уключаючы міжнародныя, для прафесійных заняткаў спортам, актыўнага і карыснага для здароўя адпачынку.

Будынак Палаца водных відаў спорту пабудаваны па індывідуальным праекце складанай канфігурацыі з агульнай плошчай звыш 26 тысяч квадратных метраў. Ён уключае ў сябе 4 басейны, 6 спартыўных залаў, абсталяваных у адпаведнасці з сусветнымі стандартамі для правядзення спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню.

Сёння тут ёсць вучэбна-трэніровачны басейн з сучаснай сістэмай электроннага хронаметражу «Амега» і «Splash Meet Manager», якая дазваляе праводзіць міжнародныя спаборніцтвы на высокім тэхнічным узроўні і публікаваць вынікі ў рэжыме анлайн. У палацы дзейнічае спецыялізаваная спартыўная зала для скачкоў у ваду і сінхроннага плавання.

10-33

Гродзенская ГЭС

На рацэ Нёман у нашай краіне ўпершыню была пабудавана гідраэлектрастанцыя сярэдняй магутнасці. Увогуле, аб'ект будаваўся на працягу 52 месяцаў, пасля чаго ў жніўні 2012 года ён пачаў выдаваць рэгіёну электрычнасць.

Сёння спецыялісты адзначаюць, што працуе яна яшчэ больш эфектыўна, чым меркавалася. Гідраэлектрастанцыя ўяўляе з сябе складаны механізм: ад створанага вадасховішча агульным аб'ёмам у 2 млн «кубоў» вады раку адгароджвае жалезабетонная плаціна з электратэхнічным абсталяваннем. Вада імкнецца на ніжэйшы ўзровень, што і прымушае круціцца турбіны, якія выпрацоўваюць электрычную энергію. Потым пяць генератараў магутнасцю 3,4 МВт кожны выдаюць ад станцыі агульную магутнасць у 17 МВт.

Пры ўзвядзенні гідраэлектрастанцыі было створана вадасховішча агульнай плошчай да 2 тысяч гектараў. Пры арганізацыі штучнага вадаёма не ажыццяўляліся адсяленне жыхароў, знос гаспадарчых пабудоў і затапленне сельскагаспадарчых земляў, як гэта звычайна бывае. Увогуле, створанае вадасховішча не выходзіць за памеры былой поймы ракі падчас веснавой паводкі, што сведчыць аб сучаснай экалагічнасці праекта. Больш за тое, ён прадугледжвае добраўпарадкаванне 300 гектараў земляў, тэрыторыя якіх раней наогул не выкарыстоўвалася. Узніклі новыя дарогі, пабудаваны мост і створана зона перспектыўнай гадоўлі рыбы плошчай 105 га. Сабекошт гэтага вадаёма дасягнуў 30 млн долараў. Падобныя інвестыцыі заўсёды даюць прыбытак дзяржаве. Вакол самаробнага возера з'явілася шмат унікальных месцаў для адпачынку і нават развіцця бізнесу.

Спецыялісты адзначаюць, што ўжо цяпер вакол вадасховішча ў некалькі разоў павялічыўся кошт зямельных участкаў. На іх актыўна будуюцца сучасныя жылыя дамы і катэджы. Узнікненне новай экасістэмы павінна даць пэўны штуршок для далейшага развіцця ў рэгіёне аграэкатурызму.

На думку дэпутата

10-46Уладзімір ПУЗЫРЭЎСКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве:

— З моманту атрымання незалежнасці Беларуссю пабудавана каля мільёна кватэр з дзяржаўнай ды іншай падтрымкай. Лічба сапраўды ўражвае. Калі падлічыць, што ў кватэры ў сярэднім можа жыць чатыры чалавекі, то атрымліваецца, што можна рассяліць амаль палову краіны. Зразумела, што такіх поспехаў немагчыма дасягнуць у момант. Гэта вынік сацыяльна арыентаванай палітыкі, якую праводзіць дзяржава. Яна непасрэдна звязана з імем і воляй кіраўніка краіны.

Калі мы кажам слова «будаўніцтва», то маем на ўвазе не толькі будынкі. Па вялікім рахунку, дзякуючы дзяржаўным праграмам аднавілася айчынная прамысловасць, сельская гаспадарка. Ці ўсе мы ведаем, што сёння ў нашай краіне робіцца столькі прадукцыі, што яе можа хапіць на 30 мільёнаў чалавек? Хаця жыхароў у рэспубліцы ў 3 разы менш. І вымушаны прадаваць яе лішкі. А гэта дзякуючы таму, што ў свой час на дзяржаўным узроўні актыўна падтрымлівалася будаўніцтва аграгарадкоў, новых сучасных сельгаскомплексаў.

Калі казаць пра будаўніцтва культурных, спартыўных аб'ектаў, то навошта далёка хадзіць? Як змяніўся адзін толькі Мінск за апошнія гады! Я лічу, што ўсе гэтыя дасягненні даюць магчымасць ганарыцца сваёй Айчынай і дзяржавай.

Фота Анатоля Клешчука, Яўгена Пясецкага, БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.