Вы тут

Іх прызванне — дапамагаць іншым


Валанцёрства дапамагае чалавеку падняцца над асабістымі праблемамі і ўбачыць беды і клопаты іншых. Валанцёр добраахвотна аддае свае сілы, час, любоў і дабрыню тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. Сёння ў Беларусі тысячы маладых людзей удзельнічаюць у гэтым руху. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа — адно з грамадскіх аб'яднанняў, якое займаецца валанцёрскімі праектамі. Яно згуртоўвае каля 22 тысяч добраахвотных памочнікаў. Штогод іх колькасць павялічваецца на 500 чалавек. Пераважная большасць валанцёраў — актыўныя маладыя людзі, якія прыходзяць сюды па перакананні.

З 20-гадовай Кацярынай Бязручкай і 17-гадовым Іванам Жолудзевым — валанцёрамі гэтага аб'яднання — мне ўдалося сустрэцца і пагутарыць.

Кацярына: — З валанцёрствам я сутыкнулася ва ўніверсітэце. Спачатку мяне яно не вельмі зацікавіла. Але напрыканцы першага курса я апынулася на выязным семінары, дзе расказвалі пра дзейнасць Чырвонага Крыжа. Пасля гэтага і сама пачала прымаць удзел у акцыях таварыства.

Зараз з'яўляюся старшынёй валанцёрскага савета Першамайскага раёна сталіцы. У мае абавязкі ўваходзіць навучанне новых валанцёраў, арганізацыя акцый. А ўвогуле ў таварыстве Чырвонага Крыжа існуе некалькі напрамкаў валанцёрскай дзейнасці. Мне, напрыклад, больш па душы псіхасацыяльная падтрымка людзей. Восенню ў нас праходзіць акцыя «Клопат». Мы арганізоўваем збор прадуктаў для адзінокіх, пажылых і інвалідаў. Таксама мы ездзім у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі да дзетак, хворых на туберкулёз.

Ёсць атрад сясцёр міласэрнасці. Шчыра кажучы, сёння ён знаходзіцца на мяжы знікнення. Працуюць там толькі пажылыя жанчыны, яны наведваюць ляжачых хворых, інвалідаў, аказваюць ім дапамогу. Гэта рабіць няпроста, таму, на жаль, ніхто з маладых туды не ідзе.

Акрамя таго, існуе атрад хуткага рэагавання Чырвонага Крыжа. Напрыклад, зімой машына можа засесці ў снезе, тады атрад выязджае і робіць усё, каб яе вызваліць.

Іван: — У атрада ёсць свая радыёхваля, агульная з МНС. У Мінску ён аб'ядноўвае 50 чалавек. І калі яны даведваюцца, што нешта здарылася, выязджаюць, збіраюць каманду, стараюцца дапамагчы.

Кацярына: — Аднойчы мы паехалі да дзяцей-інвалідаў і пасля ўсіх мерапрыемстваў проста сядзелі і размаўлялі з імі. Здавалася б, хлопчыкі і дзяўчаткі, абмежаваныя ў магчымасцях, з няпростымі лёсамі, але якую вялікую прагу да жыцця яны маюць, якія глабальныя планы строяць! Адзін хлопец казаў, што хоча стаць юрыстам, і відаць, як ён зараз стараецца вучыцца, каб здзейсніць сваю мару. Пасля паездак у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі дзеці звычайна знаходзяць нас у інтэрнэце і дзякуюць за тое, што зрабілі ім свята. Гэта насамрэч для нас вельмі дорага.

Іван: — Дзяцей успрымаеш як родных, блізкіх табе людзей. Заўсёды атрымліваеш задавальненне ад таго, што хоць крышачку дапамог тым, хто ў тваёй дапамозе мае патрэбу.

Спачатку было вельмі цяжка, ды і цяпер нялёгка: увесь час на нагах, даводзіцца сумяшчаць працу з вучобай... Асабліва цяжка ў псіхалагічным плане. Людзі, якім ты спрабуеш дапамагчы, бываюць розныя: могуць накрычаць на цябе, груба размаўляць або ўвесь час плакаць, могуць увогуле не адказваць на твае пытанні.

Кацярына: — У час тэлефоннай псіхасацыяльнай падтрымкі хворых на туберкулёз, няпроста было знаходзіць патрэбныя словы, каб супакоіць чалавека.

Іван: — Мне здаецца, галоўныя рысы валанцёра — гэта працавітасць і ўпэўненасць ва ўласных сілах. Сітуацыі бываюць розныя, і ты павінен цвёрда ведаць, што будзеш працаваць, зможаш праз усё прайсці, бо галоўнае — дапамагчы людзям.

Лізавета КАРПОВІЧ, студэнтка І курса эканамічнага факультэта БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.