Вы тут

Код патрыятызму


Пісаць яго лепш на радзіме.

На жаль, паспяховая моладзь нярэдка шукае для сябе лепшай будучыні па-за межамі краіны. Вядома, многія хочуць атрымаць прэстыжную адукацыю, якая адразу ж дасць дарогу ў вялікае жыццё. Але ёсць і іншыя прыклады — сёлета адзінаццацікласнік з Іўя Аляксей ВІСЦЯЖ заваяваў бронзу на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы. Месцам будучай вучобы хлопец выбраў беларускую ВНУ. 

10-211

Бе­ла­рус­кая ка­ман­да на алім­пі­я­дзе ў Ка­зах­ста­не. Аляк­сей — чац­вёр­ты зле­ва.

— Аляксей, раскажы, калі ты зацікавіўся інфарматыкай?

— Усё, вядома, пачалося з камп'ютара. Бацькі мне яго падаравалі, калі я вучыўся ў пятым класе. Спачатку, зразумела, увесь мой інтарэс заключаўся ў камп'ютарных гульнях, я не бачыў іншага прымянення для свайго ПК. Але потым стала цікава: а што ж там усярэдзіне, як гэта працуе?.. Сам навучыўся пераўсталёўваць Wіndows, разбіраўся ў камп'ютарнай «начынцы». Але аб праграмаванні размовы не ішло. Нейкі талент да напісання кодаў ува мне разгледзелі ўжо ў школе. З усіх прадметаў найбольш мне падабаліся матэматыка і фізіка, пазней — інфарматыка. Нават удзельнічаў у школьных алімпіядах. Настаўнік Васіль Вацлававіч Кеўра ў сёмым класе заўважыў, што я вельмі хутка цямлю, што да чаго, калі справа датычыцца задач па інфарматыцы, і прапанаваў мне больш актыўна займацца гэтай дысцыплінай. Праз год узяў удзел у сваёй першай алімпіядзе па гэтым прадмеце — школьнай. Заняў чацвёртае месца і паехаў выступаць на раён. А там ужо стаў пераможцам, бо старэйшыя вучні, якія былі найлепшымі ў школе, адправіліся на міжнародны конкурс у Санкт-Пецярбург.

— Ужо тады вырашыў, што звяжаш сваё жыццё з праграмаваннем?

— Так. Мне падабаецца рашаць задачы па інфарматыцы, хоць вельмі цяжка патлумачыць, што ў гэтым захапляльнага. Цікава знаходзіць рашэнне для таго, што спачатку здаецца невырашальным, потым бачыць вынік. Ды і сам працэс зацягвае — калі ты сам-насам з камп'ютарам, і толькі ад таго, як думае твая галава, залежыць вынік. Трэба ўвесь час удасканальвацца, шукаць новыя шляхі, асвойваць новыя прыёмы. Рух наперад прыносіць задавальненне.

— Якія ўражанні засталіся ад удзелу ў міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Казахстане?

— Неверагодныя. Па-першае, спадабаўся высокі ўзровень, на якім праводзіліся спаборніцтвы: усё было проста шыкоўна. Па-другое, гэта ўражанні ад краіны. Алматы — вельмі прыгожы і акуратны горад. Мы хадзілі ў тамтэйшы цырк, былі на экскурсіі ў гарах (я першы раз у жыцці пабываў на сапраўднай гары), ну і проста гулялі. Адзіны мінус — неверагодная спёка, там зусім іншы клімат. А яшчэ мяне ўразілі самі казахі. Калі ехаў туды, думаў, што яны ўсе размаўляюць па-руску. Але аказалася, што жыхары краіны захоўваюць сваю культуру і мову — амаль усе казахі, якіх мы бачылі, паміж сабой гаварылі па-казахску.

— А самі спаборніцтвы апраўдалі твае чаканні?

— Хутчэй за ўсё, я сам іх не апраўдаў. Бо летась на такой жа алімпіядзе ў Тайвані ў мяне быў сярэбраны медаль, а цяпер толькі бронзавы. Хочацца росту, а атрымалася наадварот. Але да арганізатараў пытанняў няма — заданні цікавыя, хоць і складаныя.

— Пасля той алімпіяды цябе запрашалі вучыцца за мяжу, але ты адмовіўся...

— Так, запрашалі ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт ІТМО, але гэта, хутчэй, дзякуючы іншай алімпіядзе, якая праводзілася на пачатку года ў Санкт-Пецярбургу, дзе я перамог. Было яшчэ некалькі ВНУ ў Расіі, куды я мог паступіць без экзаменаў. Але мне не вельмі хочацца некуды з'язджаць. Увогуле, ёсць такое меркаванне, з якім я згодны, што праграмісту не важна, дзе вучыцца. Таму я вырашыў не шукаць нейкага шчасця за мяжой, а застацца на радзіме. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» факультэта камп'ютарных сістэм і сетак.

— А якой цяпер бачыш сваю будучыню?

— Ёсць два шляхі. Можна працягваць займацца алімпіядамі. Іх вартасць у тым, што падарожнічаеш па свеце, знаёмішся з цікавымі людзьмі. Фіналістаў студэнцкіх алімпіяд нярэдка запрашаюць на стажыроўкі ў буйныя кампаніі па ўсім свеце. Другі шлях — паспрабаваць рэалізаваць свой праект, калі ёсць нейкая задума. Мяне, напрыклад, натхняе гісторыя Джона Кармака, легендарнай асобы для распрацоўшчыкаў камп'ютарных гульняў. Па чутках, гэты праграміст у адзіночку напісаў рухавік для першай часткі Doom. Застануся я далей у Беларусі або не, залежыць ад таго, ці атрымаецца знайсці цікавую работу з добрым заробкам. Але грошы для мяне не на першым месцы, бо я нават за вялікую зарплату не буду займацца тым, што мне нецікава.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.