Вы тут

Давай, Шэран, «запальвай»!


Гэтыя дзве навіны дайшлі да мяне адначасова. Па традыцыі пачнём з дрэннай. Калі коратка перадаць сутнасць праблемы (вядома, праблемы, а як яшчэ тое назваць!), дык заходнія славутасці, па прагнозах выдання The Verge, хутка зусім перастануць раздзявацца ў кадры. Натуру заменіць камп'ютарная графіка. Жах, праўда?!. Сучасныя тэхналогіі замахваюцца на святое! Гэта ж якія мы будзем глядзець стужкі? Ведаеце анекдот? «Ты самы запамінальны эпізод з фільма «Асноўны інстынкт» памятаеш?» — «А як жа!» — «Во, значыць, гэта ты помніш, а дату нашага вяселля — не?» Хоць маладыя, можа, і не здагадваюцца, пра што гэта я («Выраслі цэлыя пакаленні, якія не ведаюць, навошта намазваць палову яйка зубной пастай»). А некалі ж той эпізод, як і іншыя падобныя, быў — ух! Гэта ж класіка жанру, аснова, можна сказаць, палавога выхавання цэлых пакаленняў! («Два карапузы гуляюць у пясочніцы. «Машка, а давай па-даросламу?» — «Давай!» — «Марыя Рыгораўна!» — «Слухаю, Пётр Сяргеевіч!») Хто ведае, той ведае, дзеля чаго мы некалі хадзілі на фільмы «Маленькая Вера» і «Новыя амазонкі»...

10-17

Чаго ты, маўляў, завёўся, спытае нехта. Адкажу словамі аднаго з герояў фільма «12 крэслаў»: «Дазвольце, таварышы! У мяне ўсе хады запісаны!» Значыць, акцёры жадаюць, каб іх ведалі і любілі мільёны гледачоў, так? Яны хочуць здымацца ў самых лепшых і, што таксама важна, касавых стужках. Чырвоная дарожка, «Оскар» і сэлфі на сцэне — у камплекце. Нічога не прапусціў? А раздзецца цяпер, выходзіць, — ні-ні? Гэта нават калі не згадваць, што прафесія акцёра па азначэнні публічная і ён павінен быць гатовы да ўсяго. У тым ліку і да «таго самага». Першасная задача акцёра (хоць насамрэч у нашым кантэксце мы, зразумела, гаворым найперш пра актрыс) — далучаць гледача да прыгожага, дарыць яму розныя эмоцыі, натхняць на ўчынкі ўрэшце. («Святлана Пятроўна, я вас сёння ноччу сніў!» — «І што?» — «Што вы толькі ні вытваралі, пасаромеліся б, галубка...») Калі ў Леаніда Гайдая праходзіла пробы на ролю ў фільме «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» Наталля Селязнёва, мэтр савецкай камедыі, вядома ж, з патаемным сэнсам сказаў ёй: «Адыгралі вы нічога сабе, вось толькі фігура...» Селязнёва схамянулася: «А што фігура?» І — раз з сябе сукенку, засталася толькі ў купальніку (дык і час жа быў глыбока савецкі). Падобная сцэна потым увайшла ў фільм.

Згаданае вышэй выданне адзначае, што існуюць розныя версіі таго, чаму аголеную натуру ў кадры пачалі «маляваць». Рэжысёры такім чынам абыходзяць пункты ў кантрактах знакамітасцяў наконт аплаты здымак у стылі «ню» («Я лічу, ты не маеш рацыі» — «Пералічы!»), а самі «зоркі» часта лянуюцца займацца трэніроўкамі, каб потым годна выглядаць у кадры ўсяго некалькі секундаў (дык справа ў фігурах ці ў часе?). Адзін спецыяліст па спецэфектах, які даваў інтэрв'ю, сцвярджае, што галоўная прычына выкарыстання графікі — гэта жаданне зняць па-сапраўднаму добрую сцэну (?!). Маўляў, нават самыя вядомыя акцёры бянтэжацца, калі ім даводзіцца раздзявацца перад здымачнай групай. Таму лепш зняць інтымную сцэну у адзенні, а потым «сцерці» яго на камп'ютары...

Няўжо, набываючы квіток на прэм'еру кінастужкі (ці купляючы дыск), напрыклад, з Анджалінай Джалі, Джэніфер Лопес (давайце прыгадаем яе страхаванне «пятай кропкі» на мільён долараў) ці Эністан у галоўнай ролі, мы (калі таго вымагае жанр фільма) не разлічваем пабачыць тое, за што «галасуем» уласным рублём? Усё па справядлівасці, так? Вядома, калі з'яўленне аголенай натуры адпавядае месцу і часу. Можна колькі заўгодна «перамываць костачкі» Міхалкову, які прымусіў сваю дачку ў «Стомленых сонцам-2» паказаць грудзі паміраючаму танкісту. Скажыце, а што цнатлівы малады чалавек мог папрасіць паказаць у дзяўчыны, якая выпадкова аказалася побач у апошні момант яго жыцця?.. Ведаеце, як у інтэрнэце (яшчэ да выхаду фільма) абмяркоўвалася сцэна ў лазні з рэмейку «А світанні тут ціхія...»? Ёсць ці не на Крысціне Асмус, якая іграе адну з гераінь, ніжняя бялізна цялеснага колеру...

Не, вядома, і раней існавалі розныя хітрыкі. Неяк Людміла Гурчанка на адным са спектакляў шакіравала гледачоў у зале, а потым і ўвесь бамонд, калі ў нейкі момант ліха расхінула блузку і прадэманстравала «босыя грудзі» дзявоцкай свежасці. Праўда, інтрыга пратрымалася нядоўга: Людміла Маркаўна ўсяго толькі скарысталася спецыяльнай накладкай... Але такому таленту гэты нявінны жарт можна і дараваць. А калі цяпер «маляваць» памеры Памелы Андэрсан пачне кожная «зорка» якога-небудзь серыяла, чыё імя насамрэч вядомае толькі ў вузкіх колах сяброў?!.

Але! Дапамога прыйшла, адкуль і не чакалі! «Ворагу не здаецца наш горды «Вараг»! Менавіта тая самая Шэран Стоун больш чым праз 20 гадоў пасля выхаду фільма ўзяла і знялася для аднаго часопіса цалкам аголенай! Яна прызнаецца, што не абышлося без фоташопу, аднак нават калі зрабіць папраўку на гэта, усё адно даводзіцца канстатаваць відавочнае: Шэран — супер. Такім і павінен быць «асноўны інстынкт» сапраўднай актрысы і прыгожай жанчыны.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.