Вы тут

Крызіс як стымул


Пра эфект ад прынятых Еўразійскім міжурадавым саветам у Гродне дакументаў можна будзе казаць пазней, калі, дзякуючы агульным намаганням, эканомікі пяці краін пакажуць відавочны рост, калі саюзная прадукцыя не будзе баяцца цэнавай і якаснай канкурэнцыі і калі жыць на гэтай тэрыторыі стане не менш прывабна, чым па-за яе межамі. Праўда, тады можа паўстаць праблема нелегальных мігрантаў у ЕАЭС, але вырашаць праблемы будзем па меры іх паступлення.

10-491

Клопат дня сённяшняга — дамовіцца пяці названым краінам пра тое, што найлепш вырабляць разам, як абараніць свае фінансавыя і таварныя рынкі і якім чынам выбудоўваць адносіны з астатнім светам. Менавіта ў гэтых напрамках 8 верасня ў Гродне кіраўнікі ўрадаў краін — удзельніц інтэграцыйнага аб'яднання зрабілі практычныя крокі наперад.

Па-першае, яны ўхвалілі праект Асноўных кірункаў прамысловага супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС. Сайт Еўразійскай эканамічнай камісіі паведамляе, што дакумент разлічаны на найбліжэйшыя 5 гадоў, ён сфарміраваны, зыходзячы з мэтазгоднасці паглыблення прамысловай кааперацыі, а таксама з улікам бягучых тэндэнцый развіцця эканомік краін ЕАЭС і сусветнай эканомікі.

Дакумент вызначае мэтай прамысловага супрацоўніцтва «пяцёркі» рэалізацыю патэнцыялу эфектыўнага і ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння дзяржаў-членаў. Такое ўзаемадзеянне неабходна для паскарэння прамысловага развіцця, павышэння канкурэнтаздольнасці і інавацыйнай актыўнасці ў саюзе.

Найбольш перспектыўнымі сегментамі агульнага рынку названы транспарт, электраабсталяванне, оптыка і электроніка, хімічная прадукцыя, метал і металаканструкцыі. У адпаведнасці з Асноўнымі кірункамі прамысловага супрацоўніцтва краіны-члены сумесна вызначаць прыярытэты ў сваіх эканоміках.

Другі важны дакумент, падпісаны Міжурадавым саветам, — Асноўныя кірункі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС, якія абазначылі прыярытэты ў супрацоўніцтве саюза з ключавымі партнёрамі.

«Тут у Еўразійскага эканамічнага саюза — самы шырокі спектр інтарэсаў, бо гэта адкрытае аб'яднанне, якое мае намер развіваць адносіны з усімі сусветнымі эканамічнымі цэнтрамі ад Лацінскай Амерыкі да Паўднёва-Усходняй Азіі», — каментуе дакумент прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Паказальна, што кіраўнікі ўрадаў ухвалілі праект памятнай запіскі аб перспектывах супрацоўніцтва ЕАЭС з Еўрапейскім саюзам. Гэты дакумент павінен паслужыць практычнаму пачатку дыялогу двух інтэграцыйных аб'яднанняў у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі і фарміраванню адзінай эканамічнай і гуманітарнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна.

Такім чынам, у Гродне два дні таму былі зроблены вельмі важныя захады — па рэальным аб'яднанні намаганняў унутры Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама — у кантынентальным маштабе. Можна сказаць, што пасля слоў аб інтэграцыі інтэграцый, якія былі сказаны раней, з'явіліся дакументы. Наступны этап — справы. І справы гэтыя будуць залежаць ужо не толькі ад волі кіраўнікоў урадаў і краін, але і ад жадання і волі народаў гэтых краін: прадпрымальнікаў, вучоных, рабочых. На жаль, мы ўжо занадта добра адчулі, наколькі можам размяжоўвацца, супрацьпастаўляць, абвінавачваць і не давяраць. Магчыма, настаў час праверыць, наколькі мы здольны дамаўляцца, працаваць разам, падтрымліваць адзін аднаго, каб стаць больш моцнымі і самадастатковымі.

Недарэмна прэм'ер-міністр Беларусі заклікаў да цярпення і спакойнага, творчага стаўлення да праблемных пытанняў на няпростым этапе практычных дзеянняў.

Дарэчы, усе ўдзельнікі Міжурадавага савета пагадзіліся, што крызіс, як сусветны, так і ў эканоміках буйных краін планеты, можа быць не толькі выпрабаваннем, але і стымулам для больш актыўных і рашучых дзеянняў па каардынацыі намаганняў тых, хто жадае развіцця і працвітання.

Што тычыцца парадку дня ў Гродне, удзельнікі назвалі яго эфектыўным і насычаным. Наступная сустрэча Еўразійскага міжурадавага савета адбудзецца ў лістападзе ў сталіцы Арменіі Ерэване.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».