Вы тут

Не для стала


Дзяржстандарт у гандлёвай сетцы Гомеля выявіў небяспечныя рыбныя кансервы.

Гомельская абласная інспекцыя Дзяржстандарта выявіла рыбныя кансервы «Печань траскі натуральная Т.М. «Рыбоведовъ», якія не адпавядалі патрабаванням ДАСТ 13272-2009 «Кансервы з печані рыб. Тэхнічныя ўмовы». Выраблена гэтая прадукцыя прадпрыемствам «Сампо» (Мурманск) па замове таварыства з абмежаванай адказнасцю «Корса» (Калінінград). Імпарцёрам у нашай рэспубліцы з'яўляецца прадпрыемства «Формула МК» (Мінск).

Так, у выніку лабараторных выпрабаванняў у прадукце былі выяўлены нежыццяздольныя палаваспелыя гельмінты, скручаныя ў спіралі, і іх лічынкавыя стадыі. Знойдзены таксама і стужкавы чарвяк (Сеstоdа), памер якога склаў 9 см. Пры гэтым ступень паражэння гельмінтамі склала 68%.

— Печань траскі таксама не прайшла тэст і па іншых арганалептычных паказчыках: наяўнасць старонняга паху акісленага тлушчу, нераўнамерны колер кавалкаў печані, а таксама неўласцівы колер выдзеленага тлушчу, — адзначылі ў прэс-службе Дзяржстандарта.

Па выніках наглядных мерапрыемстваў Дзяржстандарт выдаў арганізацыям «Еўрагандаль» і «Формула МК» прадпісанні аб забароне ўвозу і абароту на тэрыторыі рэспублікі гэтых рыбных кансерваў і адмене на іх дэкларацыі аб адпаведнасці.

У аддзеле дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарта паведамілі, што па выніках праверак харчовай прадукцыі ў 2015 годзе імпартныя рыбныя кансервы ўвайшлі ў лік найбольш праблемных груп. Абласнымі інспекцыямі ўстанаўліваліся неаднаразовыя неадпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням дзейных на яе стандартаў па якасных характарыстыках, а таксама па масе асноўнага прадукту ва ўпакоўцы. У гэтай сувязі Дзяржстандарт рэкамендуе імпарцёрам займаць патрабавальную пазіцыю ў дачыненні да закупкі прадукцыі, пры заключэнні дагавораў і кантрактаў прадугледжваць яе адпаведнасць дзейным тэхнічным нарматыўным прававым актам: на рынак рэспублікі павінны паступаць толькі бяспечныя і якасныя тавары.

Дар'я ШОЦІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.