Вы тут

Партрэт ля сцежкі да храма


Многія сотні кіламетраў за пяць вераснёўскіх дзён прайшлі-праехалі ўдзельнікі экспедыцыі «Дарога да Святыняў». Назва ёй дадзена прыгожая і абавязваючая: «Міжнародная навукова-асветніцкая» — такі галоўны вектар працы ўдзельнікаў гэтага ўнікальнага паломніцтва па буйных гарадах і маленькіх вёсках краіны. Усюды мы зноў і зноў пераконваліся, што менавіта наша багатая духоўная спадчына дапамагае сёння рухацца наперад і навукоўцам, і асветнікам. Усё, што мы звыкла называем радзінным з часам ператвараецца ў галоўнае багацце Радзімы, а з нашых будзённых спраў і ўчынкаў, як з маленькіх штрыхоў, узнікае наш абагульнены партрэт.

11-12

Вёска Новы Двор Свіслацкага раёна сустракала экспедыцыю сярод пахмурнага дня. Але вакол царквы, падавалася, было сонечна ад светлых жаночых хустачак, стракатага адзення дзятвы. Сустракала прыехаўшых, лічы, уся вёска, таму размоў тут было шмат і, адпаведна, кожны ўдзельнік экспедыцыі даведаўся шмат цікавага. Напрыклад, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч пагутарыла з вясковымі спявачкамі. Тыя — прызнаныя таленты: у навадворскай царкве захоўваюцца ганаровыя дыпломы, атрыманыя мясцовымі выканаўцамі на фестывалях праваслаўных спеваў. Радыёжурналіст Людміла Мітаковіч занатоўвала для сваіх духоўна-асветніцкіх перадач звесткі пра даўніну. Заслужаны работнік адукацыі Елізавета Мукасей цікавілася справамі вясковай школы. Шмат чаго прыкмеціў для свайго дзённіка пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Гэта ён спрактыкаваным вокам гісторыка і знаўца народнага мастацтва заўважыў у цені царкоўных сцен незвычайную тканую харугву, створаную калісьці невядомым мясцовым майстрам. Айцец настаяцель растлумачыў нам, што гэтая харугва, як і некаторыя выразаныя з дрэва ўпрыгажэнні, перанесены ў новы будынак царквы са старога, якога, на жаль, ужо не існуе.

11-13

Але жывуць нашчадкі майстроў. Ад царкоўнай брамы да прыступак храма, абкладзеная жывымі кветкамі, працягнулася шматметровая пунсовая тканая сцяжынка. Зрабіла і ўпрыгожыла арнаментам гэты цуд рукадзелля прыхаджанка Ірына Горбач. Сцяжынка да царквы — адзін з твораў майстрыхі, на якія яе натхняе вера.

Фота майстрыхі я прапаную чытачам разам са здымкамі ўнікальнай драўлянай разьбы і тканай харугвы, а таксама вершам, які напісаў пад уражаннем ад гэтай сустрэчы.

11-14

Не для сябе, не дзеля пахвалы —

Для тых,

хто крочыць зблізку і здалёк,

Яна ткала сцяжынку да царквы —

Нібы да мора светлы ручаёк.

Не для сябе старалася саткаць

Чырвонай ніткай, колерам любві,

І чорнай ніткай —

каб не забываць,

Што ёсць канец у сцежак на зямлі...

Вось так жывём і пакідаем след

На ціхіх сцежках, бальшаках ліхіх,

Каб хтосьці

потым разгадаў сакрэт,

Адкуль бяруць пачатак ўсе шляхі.

Яўген Пясецкі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.