Вы тут

Аперацыя «Ліпа»


Падчас камандзіроўкі ў глыбінку карэспандэнту «Звязды» расказалі пра старую ліпу, якой гадоў 300. Дзіўна, што яна пры гэтым не ахоўваецца дзяржавай. Людзі турбаваліся, што лясную прыгажуню могуць выпадкова знішчыць або наўмысна спілаваць. Журналіст запрасіў прыехаць да ліпы эколага. Апошні, у сваю чаргу, узяў у кампанію супрацоўніка ўніверсітэта. А на месца нас адвёз неабыякавы жыхар Віцебска. Такім чынам атрымалася невялічкая экалагічная экспедыцыя.

[caption id="attachment_100387" align="alignnone" width="600"]11-33 Ва­кол ства­ла.[/caption]

Пра старое дрэва даведаўся ад жыхароў Віцебскага раёна:

— Я такіх вялікіх ніколі не бачыла. Нават не ўсе жыхары Гары — нашага паселішча радавых маёнткаў — пра гэтую прыгажуню ведаюць. Ліпа расце недалёка ад вёскі Рыбакі, якая знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны. Шкада будзе, калі яе спілуюць. А не дай Божа, дрэва апынецца пад вадой? Недалёка ж будуецца гідраэлектрастанцыя. Побач з ліпай нехта выкопваў пясок. Недалёка хтосьці выкінуў корпус ад старога тэлевізара... Як жа можна так не цаніць прыгажосць, не шанаваць яе, не берагчы? — перажывае Ала Мішурная.

Зацікавіўся, і мы паехалі да дрэва. Жанчына здалёку яшчэ ў машыне паказала верхавіну вялікай ліпы. Вышынёй яна, не памылюся, калі напішу, што пад дзевяціпавярховы дом. Расце каля лясной дарогі, недалёка ад ліпы невялікая нізіна. Відаць, што тут здабывалі пясок. Ці мелі адпаведны дазвол? А яшчэ буралом перашкаджаў дайсці да дрэва. Трое дарослых і квартэт дзятвы, узяўшыся за рукі, не без цяжкасцяў абхапілі ствол... Побач з ліпай ніякай ахоўнай таблічкі. Няўжо лёс старога дрэва нікога, акрамя жыхароў Гары, не хвалюе?

У абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя я адразу знайшоў паразуменне. І праз некалькі дзён — зноў падарожжа да дрэва.

— Як былы работнік лясной гаспадаркі, магу сказаць, што гэта ліпа драбналістая. І складаецца з чатырох ствалоў парасткавага паходжання. Калісьці было спілавана дрэва, і ад старога пня, калі сказаць па-навуковаму, адбылося парасткавае аднаўленне. У выніку да нашага часу захаваліся толькі чатыры парасткавыя ствалы. Магло захавацца і больш. Наўскідку магу сказаць, што ствалам гадоў 200, а мо і больш. Каб дакладна вызначыць узрост, трэба арганізаваць даследаванне. Гэта можна зрабіць у рамках выканання мерапрыемстваў Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Віцебскай вобласці на 2014—2023 гады. Дакумент зацверджаны абласным Саветам дэпутатаў. Абследаванне тэрыторыі Віцебскага раёна, дзе і знаходзіцца ліпа, прадугледжваецца ў 2016—2017 гадах. Аналагічнае робіцца і ў іншых раёнах вобласці пры выяўленні патэнцыйных асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Пасля даследавання, і калі будзе прынята адпаведнае рашэнне, ліпу «замацуюць» за адказным за зямлю... А ініцыятыву людзей, якія так клапоцяцца аб прыродзе, можна толькі вітаць. Больш бы такіх неабыякавых, для якіх ахова прыроды — не проста заклік! Старую ліпу можна будзе ўдала «ўпісаць» у экалагічны маршрут. Калі, вядома, такі будзе стварацца (пры наяўнасці канкрэтнай цікавай інфармацыі ці іншых цікавых аб'ектаў), — пракаментаваў на месцы Васіль Кірпічонак, намеснік начальніка аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем зямельнага, расліннага і жывёльнага свету, нетраў, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і абыходжаннем з адходамі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

[caption id="attachment_100386" align="alignnone" width="600"]11-32 Афі­цый­ныя асо­бы і мяс­цо­выя жы­ха­ры аб­мяр­коў­ва­юць, што ра­біць, каб за­ха­ваць лі­пу.[/caption]

У выніку потым можна будзе праводзіць экскурсіі, арганізоўваць практычныя заняткі для юных эколагаў і студэнтаў.

Асабліва цікава адшукаць гістарычныя звесткі. Мо тут спыняўся Напалеон? А мо мясцовы пан у гонар важнай падзеі ў яго жыцці пасадзіў ліпу? Жыхары Гары сцвярджаюць, што яна расце ў наваколлі былога Яшкінага фальварка і аднайменнага возера...

Тое, што ліпа можа ўяўляць інтарэс, пацвердзіў супрацоўнік ВНУ.

— Дрэва ў добрым стане захавалася да нашых дзён. Толькі адно маленькае дупло глыбінёй з далонь. А на старых ліпах звычайна яны вялікія... У ліку іншага яна цікавая і для селекцыйнай працы. Гэта ж выдатны генафонд, знаходка для леснікоў! Безумоўна, атрымаўшы адпаведны заказ, фінансаванне, мы гатовыя ўзяцца за вывучэнне гэтай ліпы. Наконт яе мінулага... Раскажу калегу па ўніверсітэце, вядомаму краязнаўцу Мікалаю Півавару. Ён даследаваў мноства розных аб'ектаў: дрэў, таго, што засталося ад забудоў, і іншага. Спадар Півавар зрабіў пры гэтым шмат адкрыццяў. Буду рады паведаміць чытачам «Звязды» пра тое, што будзе зроблена, — распавядае Леанард Мержвінскі, загадчык кафедры батанікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.

«Звязда» будзе сачыць за працягам гісторыі. Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, усё, што тычыцца нашага мінулага, уяўляе цікавасць. Мо тая ліпа — маўклівая сведка важных гістарычных падзей? Безумоўна, яна можа стаць знакавым месцам для тых, каму цікава больш даведацца пра Беларусь.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

pukshanskі@zvіazda.by

Віцебскі раён — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.