Вы тут

Рушчыц і Жукоўскі прыехалі з «Траццякоўкі»


[caption id="attachment_100393" align="alignnone" width="600"]11-27 С. Жу­коў­скі «Па­кой у ма­ёнт­ку Бра­са­ва».[/caption]

Вось яна, мара: «Парыж раніцай». І можна не ехаць — зайшоў у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і адразу перамясціўся туды, дзе прывабна і прыгожа. Выстава «Ад рэалізму да імпрэсіянізму» з фондаў славутай «Траццякоўкі» адкрывае адразу 56 прывабных кропак, якія дазваляюць спыніцца ля мастацкіх твораў. Парыж у першым варыянце рамантычна-задумлівы, шэры (што тут дзіўнага для нас?), але ж сонца там свеціць такім спакуслівым, лянотна-ружовым святлом — так яго ўбачыў Канстанцін Каровін. «Дзень карнавалу ў Парыжы» Мікалая Тархова (які навучаўся ў Каровіна) стварае зусім іншы настрой. І той Парыж, і той — асаблівая мастацкая праўда, а ўражанні розныя.

Уражанні — глеба, на якой узрастала дрэва імпрэсіянізму ў Францыі. Дрэвы, між іншым, у рускім жывапісе пачалі падштурхоўваць да асаблівых пачуццёвых уражанняў, калі яшчэ панаваў рэалізм. «Бярозавы гай» Архіпа Куінджы — рэалізм, але ж столькі святла ў ім, што ўся зямная рэальнасць зіхаціць (святла зашмат не бывае, як ведаем мы), рускага мастака параўноўвалі нават з Клодам Мане. Зусім не такі «Бярозавы гай» Івана Шышкіна. Калі ласка, можна параўнаць і творы і свае эмоцыі ад іх, таму што абедзве карціны выстаўлены ў экспазіцыі. Ці вось яшчэ дрэвы вельмі блізкія нам: тытульны твор выставы — «Вясна» Фердынанда Рушчыца, ураджэнца Міншчыны. Пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў ён выставіў тры працы, а вось гэтую набыў Павел Траццякоў, дзякуючы чаму кар'ера мастака пачала складвацца паспяхова. Але не ў Расіі — Рушчыца лічаць польскім мастаком: ён жа нават меў дачыненне да выставы польскіх мастакоў у Францыі ў 1921 годзе, ордэн Ганаровага легіёна атрымаў. Не проста пабачыў Парыж. Але глядзіш на твор — такое ўсё знаёмае, наша... Іншы па светаадчуванні яшчэ адзін наш зямляк Станіслаў Жукоўскі, які нарадзіўся на Гродзеншчыне. Вучань Левітана, які ўдзельнічаў у выставах перасоўнікаў і атрымаў званне «акадэміка жывапісу», насамрэч схіляўся да імпрэсіяністычнай манеры. Некалькі твораў на выставе, можа быць, выклічуць інтарэс мастака з драматычным лёсам, пра якога яго землякі ведаюць не вельмі шмат.

[caption id="attachment_100392" align="alignnone" width="600"]11-26 Ф. Ру­шчыц «Вяс­на».[/caption]

— Для стварэння гэтай выставы мы ўзялі творы з пастаяннай экспазіцыі, свядома ішлі на гэта, каб дзяліцца з іншымі музеямі тым, чым валодае Траццякоўская галерэя, — паведаміла Галіна Чурак, загадчык аддзела жывапісу другой паловы XІX — пачатку ХХ стагоддзя Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. — Пейзаж — гэта бяспройгрышная ідэя, таму што ён ачышчае душу, дапамагае зрабіцца лепшым і святлейшым, паглядзець на свет вачыма розных мастакоў. Яны ўглядаліся ў прыроду, якую бачылі, і штосьці лепш разумелі ў жыцці.

І мы можам. Дакладна можам зразумець, што вядомыя сваімі творамі вострасацыяльнага гучання мастакі-перасоўнікі таксама бачылі прыгажосць і не толькі рэалізмам жыцця натхняліся, але схіляліся да імпрэсіяністычнай манеры. Нават сам Васіль Пяроў, аўтар «Тройкі» бачыцца інакш пасля прагляду яго «Яблыні, якая цвіце». Наогул, прозвішчы прыцягваюць: Паленаў, Саўрасаў, Верашчагін, Левітан, Рэпін... Але і новыя для сябе адкрыць можна — і такіх шмат. І паступова ад творцы да творцы, ад твора да твора можна адчуць змену мастацкіх стыляў: у кагосьці з рэалістаў яна толькі намячаецца, у некага асобныя рысы імпрэсіянізму адчуваюцца, а хтосьці даў волю і пачуццём, і пэндзлю, пакінуўшы на палатне шырокія мазкі. ХІХ стагоддзе было багатым на мастацкія з'явы, нездарма шмат якія з іх захавалі і ў ХХ стагоддзі свой уплыў і нават далучылі новых аматараў жывапісу: ён звычайнае і зямное перадае незвычайна, так, што вярэдзіць душу. Траццякоў збіраў менавіта такое — з паэзіяй, якая можа быць ва ўсім, а ўбачыць яе — справа мастака.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў запэўніў:

— У гэтай галерэі захоўваецца самая багатая калекцыя рускіх мастакоў. Мы шчыра ўдзячны кіраўніцтву Траццякоўскай галерэі і кіраўніцтву Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, што яны скаардынавалі свае дзеянні так, каб выстава адбылася. Гэта чарговая дэманстрацыя нашай культурнай спадчыны, у якой шмат агульнага.

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў звярнуў увагу на тое, што сумесныя выставы з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй Расіі ў Беларусі праходзяць не ўпершыню:

— Супрацоўніцтва з музеямі Расійскай Федэрацыі заўсёды было адным з найважнейшых кірункаў культурнай палітыкі нашай краіны. Творы рускага жывапісу, прывезеныя Траццякоўскай галерэяй у гэты раз, не толькі пазнаёмяць беларускую публіку з шэдэўрамі жывапісу, але і часова ўпрыгожаць багатую экспазіцыю рускага жывапісу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Сапраўды, што ёсць, тое ёсць. Але выстава ўдакладняе наша разуменне развіцця рускага мастацтва ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. І між іншым, беларускага таксама: выстава прадстаўляе творы нашых землякоў, якія адлюстроўвалі родныя краявіды, як гэта рабіў Рушчыц, малюючы сваё Багданава, дзе ён і знайшоў спачын. Ці як Жукоўскі, які, можа быць, насіў успамін пра сваё паходжанне (з сям'і шляхціца-паўстанца) і імкнуўся перадаць частку сядзібнага жыцця з яго цеплынёй і святлом. Кожны ўспрымае свет так, як таго хоча яго душа, і гэта тычыцца не толькі мастакоў.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.