Вы тут

Ключык дабрыні,


або Як сацыяльны работнік становіцца сябрам.

Раней сем'і, у якіх нарадзіліся двайняты, маглі толькі марыць пра бясплатную няню. Сёння ж гэтая параўнальна новая паслуга тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання карыстаецца папулярнасцю ў нашай краіне. І не дзіўна, бо няня аказвае сапраўды адчувальную падмогу бацькам, у якіх адразу ўдвая павялічылася колькасць клопатаў. Паслугі ж прыватнай няні сёння дарагія і не ўсім па кішэні. Да таго ж у гэтую сферу часта ідуць людзі выпадковыя. Тут жа дзяржава гарантуе прафесіяналізм.

Вось ужо паўтара года, як Жанна Ігнатушкіна працуе нянькай у сям'і Анжалікі Навуменкі. Яе двайняты Мацвей і Цімафей за гэты час сталі роднымі для супрацоўніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля. Між тым з першага погляду нават не зразумела, хто з дзвюх клапатлівых прыгожых жанчын — маці, а хто — нянька.

[caption id="attachment_100519" align="alignnone" width="600"]12-16 Ан­жа­лі­ка НА­ВУ­МЕН­КА і са­цы­яль­ная нянь­ка Жан­на ІГ­НА­ТУШ­КІ­НА з двай­ня­та­мі Мац­ве­ем і Ці­ма­фе­ем.[/caption]

Анжаліка, якая выхоўвае цудоўных хлапчукоў без мужа, кажа, што практычна адразу сацыяльная нянька знайшла кантакт з ёй і дзецьмі — практычна сяброўкай стала. Яе перапаўняюць эмоцыі і ўдзячнасць:

— У нас вельмі цудоўная нянька. Дзеці чакаюць яе. І ўжо кажуць — «няня-няня». Зразумела, адной мне было б вельмі цяжка выхоўваць двайнят. Дапамагае маці, але ёй па медыцынскіх паказаннях многае нельга рабіць. Таму няня ходзіць па прадукты, робіць усё, што ўвогуле неабходна. Сёння мне складана ўявіць, як бы я спраўлялася са сваімі хлопчыкамі без Жанны.

Жанна Ігнатушкіна вельмі сціплая. Яе дзеці ўжо дарослыя, і жанчына лічыць, што менавіта вопыт іх выхавання дапамагае ёй цяпер у рабоце сацыяльнай нянькай:

— З Анжалікай у нас неяк натуральна стасункі склаліся. Хлопчыкі для мяне як свае сталі, таму нічога не складана. У мяне дзве сям'і з двайнятамі на патранажы. Палову дня дапамагаю ў адной і столькі ж — у другой. Для гэтай работы, напэўна, патрэбна камунікабельнасць, ну і навыкі зносін з дзецьмі.

Сацыяльныя работнікі дапамагаюць не толькі сем'ям, у якіх адначасова нарадзілася двое і больш дзяцей. Часцей за ўсё яны прыходзяць на дапамогу людзям старым, якім і да самай блізкай крамы дабрацца складана. Да гамяльчанкі Дзіны Аляксееўны Кабанчук сацыяльныя работнікі прыходзяць на працягу апошніх васьмі гадоў. Палову з іх дапамагала даглядаць мужа, які цяжка хварэў, Зінаіда Раманоўская. Цяпер 74-гадовая жанчына з захапленнем гаворыць і пра сваю маладую памочніцу Святлану Фяськову:

— Мая сацыяльная работніца — гэта ўсё маё жыццё. Я ёй вельмі ўдзячная. Святлана — цудоўная дзяўчына. Яна для мяне як дачка. Купляе ўсё, што неабходна: адзенне, прадукты, медыкаменты. Трэба ў бальніцу адвезці — яна мяне вязе і там наведвае. Дома прыбірае, пыласосіць. Гэта яе заслуга, што ў маёй кватэры чыста і ўтульна. У нас ніколі не было сварак ці непаразуменняў з сацыяльнымі работнікамі. Я ўдзячная, што ёсць гэтая служба і яна дапамагае людзям. Няхай болей будзе такіх цудоўных людзей!

Сама Святлана Фяськова калісьці атрымала спецыяльнасць кандытара, але дзяўчына перакваліфікавалася і кідаць няпростую справу сацыяльнага работніка не збіраецца. Дарэчы, яна абслугоўвае 12 чалавек.

— Да ўсіх паспяваю. Людзі могуць патэлефанаваць у розны час, калі ім патрэбна дапамога. Бываюць тэрміновыя просьбы — напрыклад, лекі купіць. Я лічу, што на гэтую працу павінны ісці людзі добрыя, якія могуць наладзіць адносіны са старымі. Мне самой падабаецца дапамагаць людзям.

Пажылым грамадзянам аказваюцца самыя розныя віды паслуг: дастаўка прадуктаў харчавання, гатаванне ежы, прыборка, падпальванне печаў... Таксама сацыяльныя супрацоўнікі прыйдуць на дапамогу, калі будзе патрэбна пасадзейнічаць у дастаўцы паліва, нарыхтоўцы гародніны і многім іншым. Бясплатна такія паслугі аказваюцца малазабяспечаным адзінокім старым людзям, астатнім — на ўмовах поўнай ці частковай аплаты. Між тым кошт за гадзіну працы сацыяльнага работніка сімвалічны — 3,5 тысячы. Кошт комплексу паслуг такім чынам — ад 65 да 220 тысяч у месяц. У залежнасці ад таго, наколькі часта сацыяльны работнік наведвае падапечнага. Дарэчы, усё вельмі індывідуальна. З кожным грамадзянінам складаецца дагавор, у якім удакладняюцца нюансы.

[caption id="attachment_100521" align="alignnone" width="600"]12-15 Са­цы­яль­ная ра­бот­ні­ца Свят­ла­на ФЯСЬ­КО­ВА да­па­ма­гае пры­бі­рац­ца ў ква­тэ­ры пен­сі­я­нер­кі Дзі­ны КА­БАН­ЧУК.[/caption]

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля Ларыса АГЕЕНКА расказвае, што ў іх на ўліку стаіць амаль 20 тысяч чалавек.

— Гэта ўдзельнікі вайны, адзінокія пенсіянеры, інваліды 1-2 групы працаздольнага ўзросту, дзеці-інваліды, шматдзетныя сем'і, сем'і ў сацыяльна небяспечным становішчы... На надомным абслугоўванні зараз 567 чалавек. У большасці гэта — адзінокія людзі, якія па розных прычынах увогуле не могуць выйсці з кватэры. Акрамя таго, у цэнтры цяпер працуе шэсць аддзяленняў. У тым ліку адзінае ў краіне аддзяленне дзённага і кругласутачнага знаходжання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. Яно было адкрыта ў 2004 годзе. Дзякуючы існаванню такога аддзялення сем'і, у якіх ёсць хворыя дзеці, могуць атрымаць сацыяльную перадышку. Мы можам на два тыдні ў месяц узяць сюды на выхаванне дзіця. Звычайна ў нас знаходзіцца ад 6 да 8 чалавек на кругласутачным рэжыме. І на дзённым — яшчэ 20-25. Не толькі забяспечваем іх харчаваннем, таксама ў нас праводзіцца вельмі шмат розных мерапрыемстваў, якія ўлічваюць спецыфіку хворых дзяцей.

Спартыўны напрамак у цэнтры — гэта асобая размова. Трэнажоры пастаянна задзейнічаны. І фізкультурныя групы збіраюць да 200 чалавек. Пра ўсе магчымасці цікавай і карыснай дзейнасці людзі, якія жывуць у Чыгуначным раёне, даведваюцца не толькі ад суседзяў.

— Падчас работы назіральных камісій мы абходзім усіх адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў, сірот, — працягвае расказ Ларыса Агеенка. — Пакідаем свае інфармацыйныя матэрыялы і расказваем пра ўсе магчымасці нашай установы. Дарэчы, нам вельмі дапамагаюць спонсары. Самыя актыўныя — ААТ «Комплекс-партнёр» і «Гомельбудматэрыялы».

У тэрытарыяльны цэнтр Чыгуначнага раёна Гомеля прыязджаюць вучыцца сацыяльныя работнікі з усёй вобласці. У прыватнасці, супрацоўнікі самі хутка засвойваюць навамодныя тэхнікі рукадзелля, каб потым вучыць ім іншых. Вырабы, зробленыя рукамі дзяцей-інвалідаў і пажылых людзей, здзіўляюць разнастайнасцю і фантазіяй. Ларыса Іосіфаўна расказвае, што абласны фестываль «Праз творчасць да ведаў», штогод збірае калег на майстар-класы:

— Кожны раз мы прапануем асвоіць новыя тэхнікі навучання, і адначасова выстаўляем работы ў тых тэхніках, якім вучылі напярэдадні. У нас ёсць свая свечачная майстэрня. Вырабы з керамікі мы абпальваем у прафесійнай печы. У нас пайшоў новы напрамак — вітражны жывапіс. Асвоілі пляценне з газеты, валенне лямца, робім прыгожыя вырабы з салёнага цеста, з фарбаванай солі ў бутэльках... Шырока для сваёй творчасці прымяняем адходы вытворчасці. Маем цесныя стасункі з вясельнымі і шторкавымі салонамі — яны нам аддаюць абрэзкі тканін, якія ператвараюцца потым у цудоўныя вырабы. Ёсць у нас хор ветэранаў «Вікторыя» і літаратурная гасцёўня, у якой пажылыя людзі могуць разнастайна рэалізоўвацца. Сёлета ў нас адкрылася яшчэ адно аддзяленне па рабоце з пенсіянерамі на вуліцы Нова-Палескай. Там дзейнічае швачная майстэрня з усім неабходным абсталяваннем. Адкрыта сацыяльная пральня, якой могуць бясплатна скарыстацца ўсе, у каго невялікія даходы.

На Гомельшчыне больш за 300 тысяч пажылых грамадзян. Сярод іх устойлівай тэндэнцыяй апошнім часам стала павелічэнне колькасці тых, хто жыве асобна ад сваякоў. А значыць, максімальна наблізіць да іх сацыяльныя паслугі могуць толькі дзяржаўныя тэратарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Таццяна КУЛЕШ адзначае, што ў сувязі з гэтым адной з найбольш запатрабаваных формаў сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, інвалідаў з'яўляецца прадастаўленне сацыяльных паслуг дома:

— Гэта дазваляе максімальна падоўжыць знаходжанне пажылых людзей у звыклым для іх асяроддзі, падтрымаць іх асобасны і сацыяльны статус. У Гомельскай вобласці 25 аддзяленняў сацыяльнай дапамогі пры тэрытарыяльных цэнтрах. На надомным абслугоўванні ў вобласці цяпер знаходзіцца 13,5 тысячы чалавек. Іх абслугоўваюць 1700 сацыяльных работнікаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.