Вы тут

Плады вялікіх спраў


Акцыя «Наш год — наш выбар», якую сёлета праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, працягваецца. Зусім нядаўна актывісты арганізацыі збіралі ўраджай яблыкаў па ўсёй Беларусі. Цяпер жа надышла чарга дзяліцца плёнам сваёй працы — надоечы моладзь раздавала сабраныя плады мінакам у сталіцы, буйных гарадах і абласных цэнтрах, а пасля — і ва ўсіх райцэнтрах краіны.

12-24

Сімвалічна, што месцам правядзення акцыі сталі аб'екты, пабудаваныя або рэканструяваныя пры ўдзеле студэнцкіх будаўнічых атрадаў за перыяд незалежнасці Беларусі. У Мінску гэта былі пляцоўкі каля гатэля «Еўропа», Нацыянальнай бібліятэкі, Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны», Прывакзальнай плошчы, 2-й гарадской клінічнай бальніцы, сярэдняй школы №61, Палаца Рэспублікі, Плошчы Незалежнасці, Мінскага трактарнага завода... Мы ж накіраваліся на аб'ект, які моладзь пабудавала, фактычна, сама для сябе — у Студэнцкую вёску каля станцыі метро «Пятроўшчына».

— Сэнс акцыі «Наш год — наш выбар» заключаецца ў тым, што наша моладзь — сапраўды актыўная, ініцыятыўная і не можа заставацца ў баку ад найважнейшых грамадска-палітычных падзей у краіне, — тлумачыць сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Ганна УЛЬРЫХ. — Таму менавіта ў дзень рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі мы вырашылі пачаставаць мінчан пладамі і яшчэ раз нагадаць, колькі вартых спраў было зроблена нашай моладдзю за гады незалежнасці.

На тэрыторыі Студэнцкай вёскі яблыкі раздавалі актывісты ячэйкі саюза моладзі з БДУІР. Дарэчы, навучэнцы ўніверсітэта вельмі актыўна ўдзельнічаюць у студатрадаўскім руху, сёлета многія былі задзейнічаны на будоўлі Беларускай АЭС пад Астраўцом, раней — Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, эксперыментальнай школы на вуліцы Каліноўскага, хакейнай арэны ў сталіцы і многіх іншых.

12-23

— За тры гады навучання я тройчы працавала ў студэнцкіх атрадах, — дзеліцца трэцякурсніца спецыяльнасці «Сістэмны праграміст-лагіст» інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР Ганна ШАНІНА. — У асноўным гэта былі так званыя «сэрвісныя» атрады: на аб'ектах грамадскага харчавання, у крамах... На будоўлях не была, дзяўчат туды не бяруць. Хаця я з радасцю і там паўдзельнічала б, гэта ж унікальны досвед! Напрыклад, папрацуеш маляром, а потым, калі будзеш рабіць дома рамонт, нічыя дапамога не спатрэбіцца. Але студэнцкія атрады я люблю не за працоўны вопыт ці грошы, а ў першую чаргу за новыя знаёмствы і стасункі з цікавымі людзьмі. Падчас чэмпіянату свету па хакеі «падцягнула» мову, пачула шмат цікавага пра нашу і іншыя краіны ад замежнікаў. Цяпер працую ў штабе працоўных спраў універсітэта, дапамагаю шукаць месцы для новых паездак нашых атрадаў.

Яблыкі ў студэнцкім дворыку разыходзіліся вельмі хутка. Два кошыкі апусцелі літаральна за дваццаць хвілін. Не дзіва: які студэнт адмовіцца ад бясплатнага пачастунку? Усе плады былі ўпрыгожаны стужкай з нацыянальным арнаментам.

— Калі я паступіла ва ўніверсітэт, адразу ж пачала актыўна працаваць у нашай пярвічнай арганізацыі БРСМ, — распавядае студэнтка ІІІ курса спецыяльнасці «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі» факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Кацярына ШУШКЕВІЧ. — Акрамя таго, што гэта было цікавае баўленне часу, кіраўніцтва напісала хадайніцтва аб выдзяленні мне месца ў інтэрнаце. Дзякуючы гэтаму цяпер я жыву тут, у Студэнцкай вёсцы. Ведаю, што будавалі яе такія ж, як мы, студэнты, і лічу, што нам трэба працягваць гэтую традыцыю. Падабаецца, што ледзь не ўсе сталічныя студэнты з розных універсітэтаў жывуць тут, разам жа весялей!

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».