Знічка


Знічкай свеціцца вобраз каханай у аднайменнай песні Івана Карэнды і Алега Чыркуна. Кароткі шлях гэтай імклівай зорачкі, якая на імгненне ўспыхвае ў начным небе, суадносіцца з першым каханнем...

Любоў кіруе намі, напаўняе наша жыццё стваральнай энергіяй. Каханне — працяг любові, яе арганічнае ўвасабленне ў канкрэтныя чалавечыя зносіны. Калі ж жыццестваральнага яднання не адбылося, яна шчымлівым болем працінае сэрцы былых каханкаў, апякае іх расчуленымі ўспамінамі, мройнымі трызненнямі, трывожыць чаканнем неспадзяванай сустрэчы. У песні «Знічка» водблеск радасці ад непаўторных імгненняў закаханасці вярэдзіць душу юнака (а пазней і ўжо сталага мужчыны), выклікае ў ёй пачуцці жалю, журбы, адчуванне незабыўнай страты. Лірычная мелодыя песні мякка падсвятляе натуральны шлях пачуццёвай плыні. На ім усё разгортваецца ў суладнасці з прыроднымі заканамернасцямі. На змену абуджальным вяснова-летнім малюнкам з ручайкамі, жаўрукамі, валошкамі непазбежна наплывае восеньская панікласць, самотнасць якой узмацняюць і белаватыя павуцінкі ў дні бабінага лета, і шматгалосы, рознакаляровы лістапад. Пройдзенае, душэўна перажытае ўспыхне ў памяці зорным небам — і на ім востраадчувальным застаецца загадкавы палёт знічак.

12-7

Верш Івана Карэнды     Музыка Алега Чыркуна

Размінуліся, разышліся,

Як вясновыя два ручайкі,

Што ў рачулку адну не зліліся.

Кажуць людзі, што лёс наш такі.

Размінуліся, разышліся,

Нібы два жаўрукі ў вышыні.

Дзе ты, знічка мая? Адгукніся

І хоць словам мяне папракні.

Прыпеў:

Знічка, знічка, знічка —

Мая першая сунічка,

Непаўторны, дзіўны сон.

Знічка, знічка, знічка...

Ты, жыцця майго крынічка,

Не знікай у плыні дзён.

Размінуліся, разышліся...

Адцвілі каля ціхай ракі,

Дзе гулялі з табой мы калісьці,

Сведкі нашых сустрэч — васількі.

Размінуліся, разышліся...

Замятае лістота сляды.

Павуцінкай з блакіту спусціся

І застанься са мной назаўжды.

Прыпеў.

 

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.